viasna on patreon

Напісаў на плоце суддзі "продажная", пакінулі каментары ў сацсетках: за што судзілі па дыфамацыйных артыкулах на гэтым тыдні

2021 2021-09-24T17:38:49+0300 2021-09-24T20:57:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_lepel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самымі распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Судоў за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады і суддзяў становіцца ўсё болей

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, якія звязаныя з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў грамадскага пратэсту.

За каментары пад публікацыяй Вольгі Карач узбуджана больш за 50 крымінальных справаў за абразу даішніка з Ганцавіч Вольніча. Вось адна з іх 

У судзе Лепельскага раёна 23 верасня разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні да Дзмітрыя Бурдэнкі, якога вінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Справу вяла суддзя Наталля Сушко, бок дзяржаўнага абвінавачвання падтрымлівала Яўгенія Банеўская. Пацярпелым па справе быў прызнаны інспектар ДАІ з Ганцавічаў Ігар Вольніч.

Паводле абвінавачвання, 26 траўня 2020 года Дзмітрый Бурдэнка знаходзіўся ў Лепелі, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых паўнамоцтваў, пакінуў у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” на старонцы Вольгі Карач каментар пад публікацый фотаздымка Ігара Вольніча, на якім ён прыціснуў каленам да зямлі затрыманага, наступнага зместу: “Чмо”.

Дзмітрый Бурдэнка віну прызнаў цалкам. У судзе патлумачыў, што ў той дзень было 40 дзён са смерці яго маці, таму Дзмітрый быў у гнятлівым настроі, каб абстрагавацца адкрыў “Аднакласнікі”, пабачыў пост на старонцы Вольгі Карач і здзівіўся ўчынку міліцыянта, які расцаніў не як законнае затрыманне, а як непрапарцыйны гвалт у дачыненні да чалавека. Абурыўся дзеяннямі міліцыянера і на эмоцыях пакінуў каментар. Выкарыстоўваў слова “чмо” не як жаргоннае, а як у дачыненні да чалавека маральна пакрыўджанага, які стараецца выліць гэта на кагосьці іншага.

Раней Ігара Войльніча не ведаў. Але прыносіў прабачэнне, у тым ліку ў аддзяленні міліцыі з ім запісалі відэа. Атрымаў грамадзянскі пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды ў 1500 рублёў, прасіў зменшыць суму хаця б да 1000 рублёў, бо мае складанае матэрыяльнае становішча.

Дзмітрый Бурдэнка мае інваліднасць трэцяй групы, але працягвае працаваць. Падкрэсліў, што “яшчэ як усвядоміў” свой учынак, і што пяці месяцаў пад следствам хапіла для гэтага.

Пацярпелы Ігар Вольніч у судзе распавёў, што даведаўся пра каментар ад следчага, сам не заходзіў у сацсетку, бачыў толькі скрыншоты, як ён у форменным абмундзіраванні затрымлівае грамадзяніна, што знаходзіўся на несанкцыянаваным мітынгу ў Ганцавічах. Пацярпелы ведае, што вельмі шмат каментароў было пад публікацыяй Вольгі Карач і ўжо ўзбуджана больш за 50 крымінальных справаў. Сцвярджаў, што каментар Бурдэнкі яго абразіў, абвінавачаны прабачэння ў яго асабіста не прасіў, а яго відэавыбачэнне ён не бачыў.

Абаронца Дзмітрыя Бурдэнкі прасіў зменшыць памер пазову, бо абвінавачаны мае інваліднасць, але пацярпелы не пагадзіўся.

У судзе зачыталі тэкст грамадзянскага пазову, дзе адзначалася, што пакінуты каментар – непраўдзівы, накіраваны на стварэнне пра Вольніча, як пра супрацоўніка міліцыі, заганнага меркавання ў грамадзянаў, каб стварыць да яго падазронасць, асцярогу, баязлівае стаўленне з боку людзей, з якімі міліцыянту даводзіцца сутыкацца падчас выканання службовых абавязкаў.

“Я адчуў і адчуваю да цяперашняга часу маральныя пакуты, якія выклікалі пачуццё сораму, прыніжэння, горычы, абурэння, крыўды, унутранага дыскамфорту. Азначанае паведамленне, якое стала вядомым маім родным і блізкім, негатыўна адбілася на іх самаадчуванні, што таксама прычыніла мне маральныя пакуты”, – сцвярджаў Ігар Вольніч у пазове.

У судзе ён дадаў, што выконваў свае службовыя абавязкі, ніхто з грамадзянаў дакладна не ведаў, каго і навошта ён затрымліваў, але адразу пачалі пісаць каментары. Сцвярджаў, што затрыманы грамадзянін быў п’яны, раней судзімы, на яго не маглі надзець кайданкі, Вольніч “не ціснуў на шыю, а проста зафіксаваў галаву, каб мужчына не прычыніў сабе пашкоджанняў”.

“Я выконваў свае абавязкі, я супрацоўнік міліцыі. І хтосьці будзе мяне абражаць?! За што?!” – выказаўся міліцыянт.

Абвінавачаны папрасіў прабачэння за сваю нястрыманасць і абразы, неасэнсаванасць сваіх дзеянняў. На гэта пацярпелы адказаў: “Я пачуў”.

У перапынку Дзмітрый Бурдэнка ў добраахвотным парадку сплаціў заяўленую кампенсацыю ў памеры 1500 рублёў пацярпеламу.

Цікава, што ў пісьмовых матэрыялах справы знаходзіліся стэнаграма слухавога кантролю, які праводзіўся падчас утрымання Дзмітрыя Бурдэнкі ў ІЧУ. У стэнаграме зафіксавана размова з сукамернікам, дзе абвінавачаны распавядае, што пакінуў абразлівы каментар у сацсетках “па дурасці”, бо ў Брэсцкай вобласці даішнік ударыў нейкага “мальца”: біў дубінкай, каленам на горла ўпёр.   

Cуд Лепельскага раёна
Cуд Лепельскага раёна

Падчас спрэчак бакоў пракурорка прасіла суд улічыць, што грамадская небяспека зробленага Бурдэнкам злачынства, заключаецца ў прычыненні шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады, а непаважлівыя выпады ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі сведчаць аб непавазе да дзяржаўнай улады, што цягне за сабой разбурэнне асноў стабільнасці і правапарадку ў грамадстве. Яна прасіла прызначыць абвінавачанаму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія") тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў. 

Менавіта такі прысуд і вынесла суддзя Наталля Сушко – 1,5 года “хатняй хіміі”.

“Не магу зразумець, як чалавек выконваў абавязкі, будучы мёртвым”: два гады “хатняй хіміі” — за абразу памерлага міліцыянта

У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска з трэцяй спробы агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Паўла Анісімава, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка улады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

“У грамадстве быў вельмі цяжкі перыяд, эмацыйны напал”: за што пакаралі “хатняй хіміяй” маладую мінчанку

23 верасня ў судзе Заводскага раёна Мінска суддзя Жанна Хвайніцкая асудзіла 24-гадовую мінчанку Дарыну Клімкову па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса да два гады "хатняй хіміі". Прычынай стаў каментар у тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі” ў адносінах супрацоўніка АМАПа, але ні яго прозвішча, ні сам каментар на судзе агучаны не быў. Дзяржабвінавачванне па справе падтрымліваў Мануйлік.

Згодна з абвінавачваннем, Дарына Клімкова, "маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, па матывах палітычнай і ідэалагічнай варажнечы, звязанай з электаральнай кампаніяй у Беларусі, позна вечарам 19 кастрычніка, знаходзячыся ў дакладна неўстаноўленых месцах Мінска, у адкрытым тэлеграм-канале “Карнікі Беларусі” і, выкарыстоўваючы тэлефон і тг-акаўнты, з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады публічна абразіла прадстаўніка ўлады з выкарыстаннем грубых, абразлівых і нецэнзурных слоў, змест якіх апісаны ў пратаколах".

Пацярпелы на пасяджэнне не з'явіўся, апавясціў суд, каб справу разглядалі без яго ўдзелу "ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў па-за межамі Мінску". Пісьмова заявіў пазоў аб спагнанні з абвінавачанай матэрыяльнай кампенсацыі ў памеры 1 000 рублёў.

Сваю віну Клімкова прызнала цалкам. Паведаміла суду, што не была падпісчыкам “Карнікаў”, канал быў адкрыты, дома зайшла – пачытала навіны, убачыла негатыўныя, паддалася ўплыву і пакінула каментар. 

– Я не мела на мэце абразіць супрацоўніка, проста напісала на эмоцыях.
– У вас былі матывы адпомсціць гэтаму супрацоўніку?
– Не.
– Па матывах варожасці?
– Не, я не хацела помсціць, здзейсніла памылку і шкадую пра гэта (плача).

Пра сябе Дарына распавяла, што працуе аператарам ПВМ, малюе, дапамагае бяздомным жывёлам. Характарыстыкі з месца працы станоўчыя.

Пацярпелы, чыё прозвішча не прагучала, з'яўляецца супрацоўнікам АМАП з 2011 года, у судзе не можа паказаць, якія абразы, але абразы звязаныя з выкананнем службовых абавязкаў, жадае прыцягнуць усіх, хто пакінуў іх, да крымінальнай адказнасці.

Пракурор запатрабаваў для абвінавачанай "хатнюю хімію" на два гады. Адвакат падчас судовых спрэчак заявіла, што падабаронная сапраўды здзейсніла злачынства і не адмаўляла гэтага:

“Змякчальных абставінаў у справе звышдастаткова – раскаянне, прызнанне віны, тое, што яна не перашкаджала ходу следства".

Звяртае ўвагу на тое, што падабаронная пастаянна працуе, яна вельмі маладая – 24 гады, не прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама тое, што ў момант размяшчэння каментара "быў вельмі цяжкі перыяд у грамадстве, эмацыйны напал”.

У выніку, суддзя Жанна Хвайніцкая пакарала мінчанку двума гадамі "хатняй хіміі" і пастанавіла спагнаць матэрыяльную кампенсацыю пацярпеламу супрацоўніку АМАПу ў памеры тысячы рублёў.

Былую супрацоўніцу Дэпартамента аховы МУС асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі" за абразу міліцыянта  

Вольга Шукаловіч. Фота з сацсетак
Вольга Шукаловіч. Фота з сацсетак

У Мазыры 22 верасня вынеслі прысуд па арт. 369 Крымінальнага кодэкса былой работніцы Дэпартамента аховы МУС Вользе Шукаловіч за абразу прадстаўніка ўлады. Згодна версіі абвінавачвання, яна абразіла супрацоўніка міліцыі з Бабруйска 

Справу разглядала суддзя В. Новікава, дзяржабвінаваўцы ў ходзе працэсу мяняліся: справу пачынала Анташук, якую змяніў пракурор Мазырскага раёна Сяргей Сініцкі. Па патрабаванні пракурора судовае пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме.

Жанчына размясціла ў сацыяльных сетках негатыўны каментар пад фота супрацоўніка міліцыі: “З-за такіх казлоў мянтоў не любяць”.

Пасля затрымання і допыту прадстаўнікамі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС Вольгу Шукаловіч звольнілі з працы.

У ходзе судовых спрэчак дзяржабвінавачванне запатрабавала для Вольгі абмежаванне волі тэрмінам на два гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, а таксама задаволіць матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды для пацярпелага ў памеры 1 000 рублёў. Мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства канфіскавалі ў даход дзяржавы.

Суддзя цалкам падтрымала абвінавачанне – пакарала Шукаловіч двума гадамі “хатняй хіміі”. 


Абразіў суддзю тым, што напісаў на ейным плоце слова "продажная"

21 верасня суд Беразіно і Беразінскага раёна асудзіў Міхаіла Прача да паўтара года “хіміі” па арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) і арт. 391 (абраза суддзі) Крымінальнага кодэкса. Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ён намаляваў 13 чырвоных трохвугольнікаў з беларускім арнаментам на прыпынку грамадскага транспарту (арт. 341 КК). Гэтым ён нанёс шкоду ў памеры 19 рублёў 9 капеек. Згодна з абвінавачаннем, ён жа абразіў суддзю Чэрвеньскага раёна Інэсу Раеўскую – напісаў на ейным плоце надпіс, які ўтрымліваў слова “продажная” (арт. 391 КК). Прысуд вынес суддзя Д. Каплій. Пацярпелая суддзя на паседжанне не з’явілася.

Прач цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў тым, што здзейсніў. Сведкамі на паседжанні выступілі супрацоўнікі ЖЭС, якія зафарбоўвалі трохвугольнікі.

У Берасці грамадзянку Расіі пакаралі пазбаўленнем волі за паклёп на прэзідэнта

Маскоўскі суд Берасця вынес 20 верасня прысуд па крымінальнай справе грамадзянкі Расіі, палітзняволенай Ірыны Вікхольм. Яе абвінавачвалі ў паклёпе прэзідэнта Беларусі (ч. 2 арт.367 КК РБ).

Мінчука, які адбывае палітычную "хімію" ў Магілёве, судзілі яшчэ раз – і прысудзілі яшчэ два гады "хіміі"

Як пішуць магілёўскія праваабаронцы, 20 верасня суддзя суда Ленінскага раёна Наталля Панасенка вынесла прысуд па крымінальнай справе па арт. 369 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да мінчука Аляксандра Жыхарэвіча. Яго прызналі вінаватым у тым, што ў снежні 2020 года ён пакінуў абразлівы каментар у дачыненні да ўчастковага інспектара з Бабруйска Руслана Шумахера ў адным з тэлеграм-чатаў, прызнаных экстрэмісцкім.

Пад постам, у якім сцвярджалася, што міліцыянт фабрыкуе адміністрацыйныя справы, у каментары Жыхарэвіча была выкарыстаная мянушка "плявок".

Сваю віну мінчук прызнаў часткова, заявіўшы, што мэты абразіць міліцыянта ў яго не было. Аднак лінгвістычная экспертыза зацвердзіла, што ў мянушцы "плявок" змяшчаецца негатыўная канатацыя.

На судзе таксама прагучала, што ў траўні 2021 года ў дачыненні да Аляксандра Жыхарэвіча вынесены прысуд у 2,5 года калоніі адкрытага тыпу за пагрозу гвалтам у адрас супрацоўніка праваахоўных спраў. Аднак падрабязнасцяў па гэтай справе на судзе не згадвалася.

Па выніках працэсу, суддзя Наталля Панасенка прысудзіла Жыхарэвічу два гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Таксама Аляксандр павінен будзе выплаціць адну тысячу рублёў Руслану Шумахеру ў якасці маральнай кампенсацыі.

У сукупнасці з мінскім прысудам, шляхам паглынання часткі тэрміну, Жыхарэвічу трэба будзе правесці на "хіміі" 2 гады і 8 месяцаў – гэта з улікам таго, што з 2 сакавіка па 14 траўня ён утрымліваўся ў ізалятары.

“Напэўна, я трапіў некуды ў іншую краіну”: апошнія словы ў судзе інжынера-праграміста БДУ

У Мінску 20 верасня вынесены прысуд вядучаму інжынеру-праграмісту Цэнтра інфармацыйных тэхналогій БДУ Юрыю Лізуру. Яго абвінавацілі ў абразе оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі аддзела УС Івацэвіцкага райвыканкама Р. В. Куцко (арт. 369 КК РБ).

Два гады калоніі за каментары ў "Аднакласніках"

22 верасня ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавіч па арт. 364 (гвалт у адносінах да супрацоўніка міліцыі) і арт. 368 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі Ігара Пятрана за каментары пад фота прадстаўніка ўлады і супрацоўніка органаў у сацсетцы "Аднакласнікі". Пятрана ўзялі пад варту ў залі суда. Прысуд вынесла суддзя Юліана Шчэрба.

У ​Брэсце мужчыну асудзілі да трох гадоў калоніі за пасты ў сацсетках

bogdan_brest.jpeg
Валерый Богдан. Фота з сацсетак

Як паведамляе "Брэсцкая Вясна", тыдзень таму, 17 верасня, у Брэсцкім абласным судзе абвясцілі прысуд 55-гадоваму Валерыю Богдану. Жыхара Брэста, які з 18 траўня гэтага года быў пад вартай, абвінавацілі ў здзяйсненні злачынстваў па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), ч. 1 арт.130 (распальванне варожасці).

Справу разглядала калегія з трох суддзяў, дакладваў суддзя Мікалай Сянько. Абвінавачаны адмовіўся ад адваката, абараняў сябе сам.

Падчас суда Валерый адзначаў, што выкладзеная ў сацсетку выява з надпісам "шызануты" не трэба расцэньваць як абразу Лукашэнкі – са слоў абвінавачанага, там быў абагульнены вобраз.

А пра карцінкі, якое следства аднесла да распальвання варожасці ў дачыненні да міліцыі, сказаў што скідваў іх у групу з прыпіскай, што падобнае публікаваць не варта, што гэта ўжо занадта – аднак потым адміністратары групы выдалілі яго ўласныя каментары, пакінуўшы толькі "распальваючы варожасць" малюнак.

У сваім апошнім слове на судзе Валерый сказаў, што любіць сваю краіну і свой народ. Што не хацеў ўцякаць ці хавацца. Папрасіў прабачэння за свае паводзіны і сказаў, што раскайваецца.

У выніку, Валерыя Богдана пакаралі трыма гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства