У Берасці грамадзянку Расіі пакаралі пазбаўленнем волі за паклёп на прэзідэнта
Маскоўскі суд Берасця вынес 20 верасня прысуд па крымінальнай справе грамадзянкі Расіі, палітзняволенай Ірыны Вікхольм. Яе абвінавачвалі ў паклёпе прэзідэнта Беларусі (ч. 2 арт.367 КК РБ).
Справу разглядаў суддзя Яўген Брэган. Дзяржабвінаваўца - пракурор Аляксандр Бацюшко.
Ірыну Вікхольм затрымалі ў Берасці 28 мая 2021 года за твіт, які яна змясціла 23 мая ў Twitter. Спасылка была на перадрук матэрыялу Рускай службы BBC пра інцыдэнт з самалётам Ryanair, перахопленым у небе Беларусі, каб затрымаць Рамана Пратасевіча.
У той дзень, 28 мая, бліжэй да вечара, яе запрасілі на гутарку ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі. Затым у кватэры, дзе жыла Ірына, правялі ператрус, забралі ноўтбук. Яе змясцілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС Берасця на 3 сутак. Пасля перавялі ў СІЗА, дзе яна прабыла з 1 чэрвеня па 5 жніўня. Затым Вікхольм адправілі на экспертызу ў Мінск у РНПЦ псіхічнага здароўя, і вярнулі ў СІЗА-7.
Пра ўмовы ўтрымання ў Берасцейскім СІЗА Ірына адзначыла, што яе прымушалі казаць пра "схільнасць да экстрэмісцкай дзейнасці". А ў прадстаўленай у суд характарыстыцы начальства СІЗА-7 напісала пра Вікхольм, што жанчына схільная да экстрэмізму і нібыта не жадае самаразвівацца. Для Ірыны такая характарыстыка апынулася нечаканасцю, суду яна сказала, што ўсё наадварот, кнігі (у тым ліку для развіцця) ёй у СІЗА адмаўляліся выдаваць, паведамляе канал "Вясна-Брэст".
На судзе Вікхольм заяўляла адвод суддзі, адвод дзяржабвінаваўцу (абодва адводы суддзя не задаволіў), адмовілася ад прызначанага ёй адваката. На судзе жанчына заяўляла, што крымінальная справа ў дачыненні да яе відавочна мае палітычны матыў.
Вікхольм падпісала рэпост так: "Чарговае злачынства Лукашэнкі: акт дзяржаўнага авіяпірацтва", прычым фраза "акт дзяржаўнага авіяпірацтва" прыводзілася ў тэксце BBC.
Пра далейшы лёс жанчыны пасля затрымання стала вядома толькі праз тры месяцы. 1 верасня 2021 года пракуратура Беларусі паведаміла, што ў суд накіраваная крымінальная справа аб "публічным паклёпе" на Аляксандра Лукашэнку, абвінавачваецца ў ёй "замежная грамадзянка В.".
Падчас папярэдняга следства абвінавачаная віну не прызнала.
Ірына пражыла ў Берасці амаль 10 гадоў, у інтэрнэце вяла блог на некалькіх пляцоўках.
Беларускай праваабарончай супольнасцю Ірына Вікхольм прызнаная палітычнай зняволенай.
Сёння суддзя Яўген Брэган вынес прысуд: прызнаць вінаватай і пакараць пазбаўленнем волі на паўтара года ў калоніі агульнага рэжыму.