"Я глыбока занепакоеная працягам аперацый спецслужбаў супраць грамадзянскай супольнасці". Інтэрактыўны дыялог па Беларусі адбыўся ў ААН

2021 2021-09-24T13:42:05+0300 2021-09-24T14:31:40+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/un_hrc-2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зала Савета па правах чалавека. Фота: un.org

Зала Савета па правах чалавека. Фота: un.org

24 верасня 2021 года на 48-й сесіі Савета па правах чалавека ААН адбыўся інтэрактыўны дыялог па прамежкавай вуснай абноўленай інфармацыі УВКПЧ аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.

Вярхоўны камісар Мішэль Бачалет распачала сустрэчу заявай, у якой падкрэсліла, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца ў 2021 годзе.

"Я глыбока занепакоеная з нагоды ўсё больш жорсткіх абмежаванняў прасторы для грамадзянскай супольнасці і асноўных свабод, у тым ліку працягу аперацый спецслужбаў супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, а таксама арыштаў і крымінальнага пераследу праваабаронцаў і журналістаў па абвінавачваннях, якія адно за адным аказваюцца палітычна матываванымі.

Больш за 650 асобаў у Беларусі цяпер лічацца зняволенымі з-за іх меркаванняў - сярод іх прадстаўнікі апазіцыі, праваабаронцы, журналісты, пратэстоўцы і актывісты, у тым ліку старшыня вядомай праваабарончай арганізацыі "Вясна", - падкрэсліла Бачалет.

Яна таксама падкрэсліла, што канца жніўня 2021 года 129 арганізацый грамадзянскай супольнасці былі зачыненыя або знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі ўладамі, у тым ліку некалькі даўніх партнёраў праваабарончых механізмаў ААН.

“Я ўстрывожаная бясконцымі паведамленнямі аб масавых і сістэматычных катаваннях і жорсткім абыходжанні ў кантэксце адвольных арыштаў і затрыманняў удзельнікаў акцыі. На сённяшні дзень у нас няма доказаў якіх-небудзь сапраўдных і бесстаронніх расследаванняў па паведамленнях аб інцыдэнтах, якія адбыліся падчас разгону дэманстрацый у наступныя дні пасля 9 жніўня 2020 года”, - сказала Вярхоўны камісар.

У інтэрактыўным дыялогу прыняла ўдзел 46 краінаў і шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый, якія падымалі пытанні рэпрэсій супраць праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, катаванняў і адвольных затрыманняў, ліквідацыі шматлікіх НДА, якія працягваюцца больш за год, а таксама прызначэння вялікіх тэрмінаў па палітычна матываваных крымінальных справах, у тым ліку ў дачыненні да Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, прымусовай пасадкі самалёта Ryanair і затрымання Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Літвой, Латвіяй і Польшчай.

Прадстаўнікі еўрапейскіх краінаў заклікалі вызваліць усіх палітычных зняволеных і пакласці канец рэпрэсіям, правесці празрыстыя расследаванні на нацыянальным узроўні, выявіць усіх вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці, аднавіць інклюзіўны дыялог паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю, а таксама супрацоўнічаць з усімі спецпрацэдурамі ААН і праваабарончымі экспертамі УВКПЧ.

Традыцыйна шэраг краінаў, у ліку якіх Егіпет, Венесуэла, Куба, Расійская Федэрацыя, Кітай, Сірыя, Ліван, Таджыкістан, Азербайджан ды іншыя, асудзілі палітызацыю дзеянняў Савета і тое, што дадзены інтэрактыўны дыялог праводзіцца без узгаднення з Беларуссю, крытыкавалі неапраўданае прызначэнне экспертаў ААН для расследавання фактаў парушэння правоў чалавека ў Беларусі і ўмяшанне ў суверэнітэт краіны.

Шэраг няўрадавых арганізацый, у тым ліку Right Livelihood, Фонд дамоў правоў чалавека, Міжнародная асацыяцыя адвакатаў і юрыстаў, Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), ПЭН-Амерыка, выказалі падтрымку УВКПЧ і заклікалі працягваць фіксаваць парушэнні правоў чалавека, а таксама неадкладна вызваліць зняволеных праваабаронца “Вясны”, журналістаў незалежных СМІ і ўсіх палітвязняў у Беларусі.

Прадстаўніца арганізацыі Right Livelihood у сваім выступе адзначыла:

“Праваабарончы цэнтр "Вясна", лаўрэат прэміі "За годны лад жыцця", адыгрывае вядучую ролю ў пашырэнні дэмакратыі і вяршэнства права ў Беларусі, дакументальна пацвярджаючы парушэнні правоў чалавека на працягу апошніх 25 гадоў. На сённяшні дзень сем яго прадстаўнікоў - Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Таццяна Ласіца, Андрэй Чапюк і Леанід Судаленка - адвольна затрыманыя. Яшчэ сем - падазраваныя па той жа справе, і яшчэ некалькі былі вымушаныя пакінуць краіну.

У той час як пратэстоўцам і актывістам выносяць несправядлівыя прысуды, сапраўдныя вінаватыя ў парушэннях правоў чалавека і катаваннях карыстаюцца поўнай беспакаранасцю, паколькі Следчы камітэт вырашыў не заводзіць крымінальных справаў, нягледзячы на тое, што пасля выбараў ён атрымаў больш за 680 заяваў аб жорсткім абыходжанні і катаваннях пратэстоўцаў. Такім чынам, дакументацыйная праца "Вясны" застаецца як ніколі важнай.

Пасля слова ўзяў пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Юры Амбразевіч, які адзначыў, што сітуацыя ў краіне стабілізавалася, а Савет не павінен умешвацца ва ўнутраныя справы краінаў і выкарыстоўваць выбарны падыход у сваёй дзейнасці.  

Напрыканцы Мішэль Бачалет адказала на пытанні, якія паступалі ад прадстаўнікоў краін Еўрасаюзу, што яшчэ неабходна зрабіць для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і адзначыла, што тры прызначаныя эксперты ўжо зрабілі ўсю падрыхтоўчую працу і ў хуткім часе прыступяць да расследавання, падкрэсліла пра неабходнасць шчыльнага ўзаемадзеяння з ахвярамі катаванняў і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, збору сведчанняў з першакрыніцаў, у чарговы раз заклікала беларускі бок да празрыстага супрацоўніцтва з працэдурамі ААН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства