У Светлагорску былога кіроўцу РАУС асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі
У Светлагорску вынеслі прысуд 51-гадоваму жыхару Жлобіна Уладзіміру Жуку. Яго прызналі вінаватым паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, а таксама арт. 364 КК. Паводле арт.342 КК яго асудзілі на 1,5 гады, паводле арт.364 КК — на тры гады. Па сукупнасці пакаранняў шляхам паглынання менш строгага больш строгім яму прызначылі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Справу разгледзела суддзя Галіна Гулевіч. Бок дзяржабвінавачання падтрымліваў пракурор Раманчыкаў.
Уладзімір Жук — пенсіянер, былы кіроўца Жлобінскага РАУС. Яго затрымалі 26 траўня 2021 года за ўдзел у масавых беспарадках, 28 траўня ўзялі пад варту.
Яго абвінавацілі ў тым, што ён з'яўляўся арганізатарам і ўдзельнікам масавых беспарадкаў у Жлобіне ў ноч з 9 на 10 жніўня: стаяў у счэпцы, перакрываў рух транспарту і аказваў супраціў. Згодна з абвінавачаннем, ён таксама ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення.
Жук не прызнаў віну. З усіх прад'яўленых абвінавачанняў ён прызнаў толькі тое, што ў гэты час знаходзіўся ў пазначаным месцы і стаяў у счэпцы. На пытанне, ці мог ён сысці адтуль, мужчына адказаў, што мог бы зрабіць гэта, але яму "было сорамна як мужыку" — што людзі падумаюць пра яго, нібыта ён спужаўся і баязлівец. Таму Уладзімір па-мужчынску не сышоў.
У Светлагорску судзяць былога кіроўцу РАУС
Пракурор настойваў на прымусовым прывадзе на паседжанне сведак, аднак яны так і не з'явіліся.
Згодна з матэрыяламі справы, Жук знаходзіўся на плошчы з 20:00, што не адпавядае рэчаіснасці. Адвакатка даказала гэта з дапамогай выпісак ад мабільнага аператара. Таксама яна звярнула ўвагу, што на прагледжаным відэа няма доказаў таго, што Жук крычаў, прымяняў гвалт у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі і грукаў па шчытах. Але ёсць доказы таго, што ён сам пацярпеў ад супрацознікаў міліцыі: яго вазілі ў шпіталь, каб апрацаваць раны.
Былі заслуханыя сведкі з боку абвінавачання: адзін з залегендаваных супрацоўнікаў сцвярджаў, што Жук быў п'яны, ягоныя вочы былі чырвоныя, і ён паводзіў сябе агрэсіўна. Адвакатка звярнула ўвагу на тое, што ўсе астатнія сведкі сказалі, што Жук не выглядаў агрэсіўным і не быў п'яны: нават сведка-міліцыянт, які дастаўляў абвінавачанага ў РАУС. Яна задалася пытаннем, як можна было разгледзець уначы на адлегласці некалькіх метраў колер вачэй чалавека. Таксама яна звярнула ўвагу на тое, што ўсе давалі станоўчую характарыстыку чалавеку і толькі з РАУС была сумнеўная характарыстыка, да таго ж, яна пісалася чалавекам, які не працаваў з Жуком і нават незнаёмы з ім.
Адвакатка прасіла прызнаць Уладзіміра Жука невінаватым. Але пракурор Раманчыкаў запрасіў для яго пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады. Суддзя вынес менавіта такі прысуд.
Уладзімір Жук выступіў з апошнім словам:
"Я ведаю, что існуе прэзумпцыя невінаватасці: не я павінен даказваць сваю невінаватасць. Чаму я хацеў сыйсці ад адказнасці, калі я заўсёды быў у бачнасці і з'яўляўся па павестках? Дзе факт ці сведка, што ў 20.00 я знаходзіўся ў гэтым месцы, калі ёсць сведка, што я быў у зусім іншым? Няма доказаў. Адкуль узялася тое, што я ўзяў нешта з інтэрнэта і мэтанакіравана ішоў на мерапрыемства?
У частцы абвінавачання паводле арт.364 усё пабудавана на паказаннях аднаго са сведак, хаця дзеянне адбывалася на вачах сотні людзей: удзельнікаў мерапрыемства, міліцыянтаў, жыхароў дома. Сведка паказаў, што я быў п'яны, шатаўся, крычаў, ударыў нагой па шчыту, што мітынгуючыя першыя пайшлі ў бок міліцыянтаў. Хаця на відэа дакладна бачна, што затрыманні пачала міліцыя, а тыя, хто мітынгуе, стаяць. Таксама ён сказаў, што пасля затрымання ў РАУС я паводзіў сябе агрэсіўна і вёў сябе як 20-гадовы хлопец. Я быў у РАУС каля 01.00 ночы, я правёў там каля 15 хвілін, а потым мне аказвалі хуткую дапамогу. Сведка сказаў, што ён быў у першых шэрагах супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі пратэстоўцаў і перадавалі іх сваім калегам для дастаўкі ў РАУС. Але ў самы актыўны перыяд затрыманняў — у 01.00-01.15 — сведка мусіў знаходзіцца сярод пратэстоўцаў і затрымліваць іх і не мог быць у РАУС. Ён бачыў толькі як мяне затрымалі, садзілі ў аўтазак — але не ведаў, што мяне адвезлі ў прыёмны пакой аказваць першую дапамогу.
Я працаваў у міліцыі, я ведаў, што нельга крычаць у натоўпе.
Наконт алкагольнага ап'янення я праходзіў міма супрацоўнікаў ДПС, калі б у мяне былі прыкметы ап'янення, яны б не пусцілі мяне туды. У РАУС, у бальніцы — ніхто не пацвердзіў яўных прыкмет. У мяне чырвоныя вочы становяцца толькі калі не тым шампунем памыю. І як можна было іх заўважыць, калі я быў у кепцы?
Я член ветэранскай арганізацыі, калі б пацвердзілася інфармацыя, што я пагражаў супрацоўніку, мяне выклікалі б на гутарку, гэта справа годнасці. Але я размаўляў з супрацоўнікамі, усё было б нармальна. Калі б я быў здраднікам, да мяне ставіліся б па-іншаму. Тым больш, калі спачатку сведка кажа, што я ўдарыў не менш за два разы, потым — ужо не менш за тры.
Калі стаяў ланцуг пратэстоўцаў, міліцыянты ішлі разганяць, гучна грукалі, нават сябе не чуеш — псіхалагічнае ўздзеянне — і падыйшлі да мітынгоўцаў. Шчыты былі прыпаднятыя, там ёсць агляднае вакенца, каб я ўдарыў, ім патрэбна было б падыйсці бліжэй. Калі мяне ўдарылі, ці магу я дацягнуцца і ўдарыць?
Прашу суд улічыць нюансы і вынесці справядлівае рашэнне".