Адвакатка Сцяпана Латыпава: Да 11 сакавіка ён з'яўляўся абвінавачаным па іншым артыкуле
16 жніўня ў судзе Савецкага раёну Мінску будзе вынесены прысуд 41-гадоваму палітзняволенаму жыхару "Плошчы Пераменаў" і арбарысту Сцяпану Латыпаву. Пракурор Уладзімір Рабаў папрасіў суд прызнаць Сцяпана вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на восем гадоў і шэсць месяцаў ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 300 базавых велічыняў. Сам Сцяпан на судзе не прызнаў віну, адмовіўся ад дачы паказанняў, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі, але выступіў з моцным апошнім словам, у якім распавёў пра сваю сям'ю, рэпрэсаваным прадзедзе ў 1937 годзе, як яго збівалі сілавікі і як ён рыхтаваўся да суіцыду. У судовых спрэчках адвакатка папрасіла суд апраўдаць Сцяпана Латыпава, бо ў яго дзеяннях адсутнічаюць прыкметы злачынстваў, па якіх яму было прад'яўленае абвінавачванне. "Вясна" прыводзіць аргументы і довады абароны палітвязня.
Усе сведкі пацвердзілі, што Латыпавам былі аказаныя якасныя і своечасовыя паслугі. Абвінавачванне па ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса
Па версіі абвінавачвання, Латыпаў "наўмысна ўводзіў у зман кліентаў і паведамляў ім загадзя ілжывыя звесткі аб магчымасці аказання паслуг па вытворчасці комплексу мер па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніка шляхам хімічнай апрацоўкі дарагім і высакаякасным сродкам. У рэчаіснасці абвінавачаны не меў намеру выконваць узятыя на сябе абавязацельствы ў поўным аб'ёме, аднак прымаў ад заказчыкаў грашовыя сродкі па заключаных дамовах, пасля чаго распараджаўся імі па сваім меркаванні, аказваючы пры гэтым паслугі неналежным спосабам – выкарыстаў несертыфікаванае ў Рэспублікі Беларусь рэчыва з сумніўнай якасцю і ў разы танней заяўленага".
Паводле версіі абвінавачання, Латыпаў стварыў уяўнасць выкананых паслуг з прымяненнем забароненых да абароту на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь неўстаноўленых рэчываў, паказаўшы недакладнасць звестак у дамовах.
"Гэтая акалічнасць не пацвярджаецца ні матэрыяламі справы, ні рэчавымі доказамі, ні паказаннямі сведак. Ніякі злы намер не мае месца быць", – адзначае адвакатка.
Усе сведкі, якія апытваліся на судзе, пацвердзілі, што Латыпавым былі аказаныя якасныя і своечасовыя паслугі. Таксама адвакатка звярнула ўвагу, што не праводзілася ніякіх даследаванняў, ніякіх экспертыз, не апытваўся ніхто са спецыялістаў.
"І нават па сканчэнні часу, сёння, не расце баршчэўнік. Наогул нічога на гэтым месцы не расце. І як можна казаць пра ўяўнасць выкананых паслуг?"
Прэпарат, які канфіскавалі ў Латыпава, не адправілі ні на якую экспертызу. Па словах адвакаткі, яго адпраўлялі толькі на даследаванне, каб выключыць, што дадзенае рэчыва з'яўляецца наркатычным або ўваходзіць у пералік прэкурсораў.
"Казаць аб тым, што не было падставаў выкарыстоўваць дадзенае рэчыва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь Латыпавым, немагчыма і няправільна".
Таксама адвакатака звярнула ўвагу, што ў абвінавачванні паказаны прэпарат, якога ў рэчаіснасці не існуе, таму ён не мог быць выкарыстаны Латыпавым. Ніякая сертыфікацыя не патрабавалася.
Абаронца адзначае, што па ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса нават няма падставаў для прад'яўлення абвінавачванняў Сцяпану, таму што "няправільна трактаваныя сертыфікаты".
"Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся", — Сцяпан Латыпаў распавёў у апошнім слове пра збіццё і катаванні
"Вясна" цалкам публікуе апошняе слова палітзняволенага Сцяпана Латыпава.
Да 11 сакавіка не было абвінавачвання па ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, у жніўні 2020 года Сцяпан Латыпаў "аб'яднаў вакол сябе групу грамадзян для сумеснага ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак на тэрыторыі сталіцы. Для выканання сваёй злачыннай мэты ён стварыў у мэсэнджары Telegram-чат, у якім заклікаў яго ўдзельнікаў да стварэння дваровай супольнасці з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве". Латыпаву ставіцца ў віну, што ён "арганізоўваў правядзенне сустрэч удзельнікаў групы, сумеснае распаўсюджванне агітацыйнай прадукцыі, нанясенне малюнкаў і надпісаў пратэснага характару на фасады будынкаў і збудаванняў. Названыя дзеянні прывялі да фарміравання ў асоб гатоўнасці і жадання ўдзельнічаць у названых супрацьзаконных дзеяннях, калі гэта спатрэбіцца, а таксама стварэння ў грамадзян пратэснага настрою". Таксама Латыпаў арганізаваў збор грашовых сродкаў з боку ўдзельнікаў супольнасці для матэрыяльнай арганізацыі яго дзейнасці.
Паводле версіі абвінавачвання, Сцяпан Латыпаў “...наўмысна з карыслівых падахвочванняў... займаўся фінансаваннем і матэрыяльным забеспячэннем пратэснай дзейнасці".
"Сама па сабе фармулёўка ў абвінавачванні ўжо супярэчлівая. Калі чалавек мае карыслівыя падахвочванні, то якім чынам тады ён займаецца фінансаваннем і іншым матэрыяльным забеспячэннем? Калі чалавек укладвае свае грашовыя сродкі ў нешта, якую карысць ён мог атрымаць з гэтай сітуацыі? Тое, што ён уклаў свае асабістыя грошы – гэта не карысць", – разважае адвакатка.
Абаронца Сцяпана адзначыла, што абвінавачванне некарэктна сфармуляванае і трэба выключыць з яго фармулёўку пра карыслівыя падахвочванні.
Адвакатка Латыпава падкрэсліла, што ў матэрыялах справы ўтрымліваецца раздрукоўка тэксту без назвы і подпісу, які нельга назваць дакументам. Таксама няма дакумента, які даваў бы падставы для правядзення аператыўна-вышуковых дзейнасці ў дачыненні да Латыпава. Выснова: АВМ (праслухоўка тэлефонных разгораў) у дачыненні да Латыпава праводзіліся незаконна і неабгрунтавана яшчэ з чэрвеня 2020 года.
Таксама абаронца Сцяпана звярнула ўвагу, што па стане на ліпень 2020 года ў дачыненні да Латыпава не было падставаў для правядзення АВМ. Затрыманы ён быў толькі 15 верасня 2020 года па падазрэнні ў супраціве супрацоўнікам міліцыі, калі ён прасіў прадставіцца сілавікоў. Першапачаткова Сцяпан Латыпаў з'яўляўся падазраваным і абвінавачаным па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса. Толькі 11 сакавіка 2021 года Сцяпану Латыпаву прад'явілі абвінавачванні па ч. 4 арт. 209, ч. 1 і 2 арт. 342 КК.
*Раней дзяржаўная прапаганда не раз пісала і казала пра арбарыста Сцяпана Латыпава як пра чалавека, які нібыта збіраўся атруціць землі супрацоўнікаў праваахоўных органаў хімікатамі для барацьбы з раслінамі-паразітамі.
У чэрвені 2020 года не было падставаў для правядзення АВМ. Паколькі доказы былі здабытыя ў парушэнне закона, то іх нельга назваць дапушчальнымі. Па законе, дадзеныя праслушкі тэлефона Сцяпана не могуць быць выкарыстаны як доказы па крымінальнай справе.
Пацярпелыя не лічаць сябе пацярпелымі. Абвінавачванне па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса
Як адзначыла адвакатка Сцяпана, найбольш красамоўнымі з'яўляюцца адказы падчас допыту і пазіцыя саміх пацярпелых. Супрацоўнікі міліцыі самі не лічаць сябе пацярпелымі. Адказваючы на пытанні ў судзе, яны выразна давалі адказы, што ніякіх пашкоджанняў ім нанесена не было, ніхто не спрабаваў іх ударыць або абразіць. У судзе яны не пацвердзілі тыя абставіны, якія выкладзеныя ў абвінавачванні. Ніхто з іх не заявіў пазоў, бо ім не была нанесеная ні фізічная, ні маральная шкода.
Па словах абаронцы Сцяпана, у дзеяннях Латыпава няма складу злачынства па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса. Максімум адміністрацыйнае правапарушэнне – 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні). Гэта пацвярджае і відэа, якое размешчана ў інтэрнэце і праглядалася ў судзе. На ім бачна, што Латыпаў ніякага супраціву не аказвае. Толькі жанчыны, якія знаходзіліся побач у той момант, перашкаджалі супрацоўнікам несці Латыпава.
Таксама на відэа, якія маецца ў матэрыялах справы і паступіла туды з невядомай крыніцы, выразна відаць, што адзін супрацоўнікаў, які знаходзіцца не форме, ажыццяўляў відэаздымку. У пратаколах допыту пацярпелыя казалі, што такое відэа маецца. Аднак у матэрыялы справы яна так і не паступіла.
Адвакатка прывяла прыклад, што на пратаколе допыту сведкі Болтуць, які зачытвалі ў судзе, нават няма яе ўласнаручнага запісу аб азнаямленні з пратаколамі, і што яна згодная з выкладзеных у дакуменце, што яна не мае якіх-небудзь дапаўненняў, заўваг. Таму гэты дакумент не можа з'яўляцца дапушчальныя доказам.
"Можам праходзіць па многіх дакументах. Маецца маса парушэнняў афармлення дакументаў, якія з'яўляюцца па справе доказамі".
Адвакатка просіць суд апраўдаць Сцяпана Латыпава ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складаў злачынстваў.
Прысуд палітвязню будзе абвешчаны ў панядзелак, 16 жніўня, у 14:30.
Што важна ведаць пра суд над Сцяпанам Латыпавым
Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня ў яго двары каля знакамітага мурала з "Дыджэямі пераменаў". Пасля гэтага дзверы ў кватэру ўзламалі, зладзілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы.
Пазней Латыпаву прад'явілі абвінавачванні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч.1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацыі, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях);
- ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку);
- ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры).
Сцяпан Латыпаў заявіў у судзе, што не прызнае віны ні па адным эпізодзе.
1 чэрвеня ў суд Латыпава прывезлі з відавочнымі слядамі збіцця, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў аб так званай "прэс-хаце", у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнальных паказанняў. Пасля гэтага Сцяпан спрабаваў забіць сябе наўпрост у залі суда — падчас паседжання, седзячы ў клетцы, ён уваткнуў сабе ў горла ручку. Суд быў перапынены, мужчыну забралі ў бальніцу, дзе яго прааперавалі: пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. І ўжо ў ноч адразу пасля аперацыі, з 1 на 2 чэрвеня, сілавікі забралі Сцяпана з бальніцы і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Падрабязнасці па суду:
У Мінску судзяць палітзняволенага жыхара «Плошчы Пераменаў» Латыпава. У судзе ён здзейсніў спробу суіцыду
«Вясна» назірае за працэсам і распавядае акалічнасці яго справы.
"Ён абедзвюма рукамі трымае белую ручку ў горле і глядзіць на бацьку", — відавочца распавядае пра ўчынак Сцяпана Латыпава ў зале суда
Сцяпана Латыпава накіравалі на судова-псіхіятрычную экспертызу. У судзе ён быў прышпілены кайданкамі да канваіраў
Пасля 1,5-месячнага перапынку працягнуўся суд над палітзняволеным Сцяпанам Латыпавым
Спецслужбы праслухоўвалі тэлефон Латыпава з чэрвеня 2020 года. Працягваецца суд над палітзняволеным жыхаром "Плошчы Пераменаў"