"Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся", — Сцяпан Латыпаў распавёў у апошнім слове пра збіццё і катаванні

2021 2021-08-12T17:47:00+0300 2021-08-12T18:50:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/latypau_scp.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Савецкага раёна Мінска 12 жніўня палітзняволены жыхар "Плошчы Пераменаў" Сцяпан Латыпаў выступіў з моцным апошнім словам. Сцяпан распавёў пра сваю сям'ю, рэпрэсаванага ў 1937 годзе прадзеда, пра сваё затрыманне 15 верасня мінулага года, як яго збівалі сілавікі, як ён рыхтаваўся да суіцыду і што чакае ад прысуду. Латыпава абвінавачваюць у стварэнні дваровага telegram-чата, майстэрні па вырабе пратэстнай сімволікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні 15 верасня. Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі "Беларбо" яго абвінавачваюць ва ўвядзенні ў зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай абароне раслін. На судзе Латыпаў віну не прызнаў ні па адным з эпізодаў, якія яму інкрымінуюцца. Пракурор Уладзімір Рабаў учора папрасіў суд прызнаць Сцяпана вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на восем гадоў і шэсць месяцаў ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 300 базавых велічыняў. Справу разглядае Аляксандр Волк. "Вясна" цалкам публікуе апошняе слова палітзняволенага Сцяпана Латыпава.

Сцяпан Латыпаў
Сцяпан Латыпаў роўна год таму — 12 жніўня 2020 года

Сваю прамову палітвязень пачаў на беларускай мове пра гісторыю сваёй сям'і і рэпрэсіі прадзеда ў 1937 годзе:

"Мяне завуць Сцяпан Латыпаў. Гэта спалучэнне славянскага імя і татарскага прозвішча — вельмі сімвалічна адлюстроўвае маё паходжанне. Латыпаў паходзіць ад арабскага слова "Латыф" — яго значэнне вельмі складана перакласці на рускую. Гэта і спакойны, і добры, і адначасова пяшчотны, мабыць мой далёкі продак па мужчынскай лініі запомніўся менавіта гэтымі якасцямі.

Прыкметна тое, што по-беларуску маё прозвішча можна перакласці адным словам — лагодны. Людзі ў масках падчас шматгадзінных допытаў у ГУБАЗіКу не аднойчы клікалі Сцепанідай, спакваля падкрэсліваючы такім брыдкім чынам мой незайздросны лёс за кратамі. Не разумеючы, што гэтае імя для мяне сымбаль трываласці, нязломнай волі і кахання.

Мой прадзед Іосіф Палякоў сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года на маленькім хутары на ўскрайку Гуляй — поля, заснаванага грэкамі, пад якім за апошняе стагоддзе міналі расійскі, украінскі, палтаўскі і прыднястроўскія сцягі. Сям’я тулілася у занядбанай панам мазанцы. З каштоўнага Іосіф меў шэсць дзяцей, біблію і жонку — першую прыгажуню. Атрымаўшы па ленінскім дыкрэце надзел на дзіва неўрадлівай зямлі, Іосіф два гады запар запрашаў залатароў зліваць жыжу з гарадскіх прыбіральняў, мусіў трываць неверагодны смурод і здзекі суседзяў. Але ж у першае жніво перакрыла ўсе выдаткі, казалі такога аўса, падобнага да <нрзбрлв> не бачылі ні дагэтуль, ні пасля. Неўзабаве ў 21-м годзе быў абвешчаны НЭП, дазволіўшы ўкласці грошы ў сродкі вытворчасці, коней, рыштунак, бонды для віна. Цяжкая праца ўсёй сям’і ад малага да вялікага нарэшце дала нейкі плён, апроч крывавых мазалеў. У хаце пачалі з’яўляцца нацельная вопратка, смачная ежа, машынка "Зінгер", карова і гонар Іосіфа. Чорная налакаваная ла(ва)ндора <нрзбрлв> за парай шыкоўных вараных рысакоў, на якой прадзед з жонкай кожную нядзелю годна і павольна ездзілі ў закупы. Іосіф звычайна не кранаў лейцы, расцягваючы хвіліны, калі можна ўдыхаць вольнае паветра стэпаў, пазіраць на неверогодна маляўнічыя краявіды Днястра, які нясе свае шэрыя хвалі паміж крэйдавых сцен берагоў, якія цалкам схавалі дываны квітнеючай шыпшыны ды кізілу.

Ён упітваў гэтую асалоду гонару і годнасці, здзейсніўшы простую мару селяніна разам са сваім галоўным скарбам — каханай паловай, маці яго дзяцей, самай прыгожай, самай працавітай, самай годнай жанчынай, багіняй страў, сваёй жонкай. Але шчасця цягнулася нядоўга. Спачатку спынілі НЭП, потым абвесцілі калектывізацыю, усё заробленае цяжкай працай пад спякотным паўднёвым сонцам Іосіф з сынамі занеслі ў калгас, працуючы далей на калісьці ўласнай зямлі за працэнты. Прадзед не скардзіўся: араў, касіў, малаціў. Па-гаспадарску, як след. Толькі цяжка ўздыхаў, калі ўжо на брудным падрапаным ландоры занядбаных конях завітваў паўп’яны старшыня з каханкай-бухгалтаркай, каб налічыць “палкі” за зробленую працу. Але і гэта не ўратавала. У 1937 годзе прадзеда кінулі за краты, абвесціўшы ворагам народа з нагоды, што падчас грамадзянскай вайны ён вазіў раненых на ўласным возе з уласнымі конямі, па непасрэдным загадзе чырвонага камандзіра Рыгора Катоўскагаякога ворагам народа абвесціў персанальна бацька ўсіх народаў крыху раней. Суд быў хуткім, прысуд жорсткім. Далі 10 год без права ліставання. Да 1947 года яму слалі перадачкі з ежай і цёплыя рэчы. І падчас галадамору, і падчас вайны, і пасляваенную гарэчу. Усе гэтыя пасылкі па 20 кіло кожныя паўгады збірала, абмяжоўваючы сябе ва ўсім без журбы, самотна цягнучы гаспадарку і ўдзень выконваючы замовы па вышыўцы на цудам захаваным "Зінгеры", уначы часам до золку.

У 1948-м стала зразумела, што не стала Іосіфа. У 1953-м справу накіравалі на перагляд, прадзеда рэабілітавалі, і выяснілася, што ён пахаваны ў 1938 годзе. Ён захварэў на сухоты і памёр на Калыме. Ён так і не атрымаў ніводнай пасылкі. Прабабку хрысцілі Сцепанідай, але муж заўсёды пяшчотна клікаў Сцешай. Яна памерла ў 1962 годзе, так і не навучыўшыся чытаць. "Навошта мне?” — казала яна, — “Малітваслоў я ведаю і гэтак, а з каханым перепіска не забаронена”.

Часам падаецца, што гісторыя аб тым, якой цудоўнай і яскравай, справядлівай і вольнай часцінай быў Савецкі саюз, распавядаюць дзеці і ўнукі тых прадольных, карпусных, аператыўнікаў, канваіраў і вартаўнікоў, якім бацькі прыносілі на вячэру або да свята турботна перасыпаныя кукурузнай мукой кольцы сушанай у печы каўбасы, кавалкі кумпякоў, мядовы бурштын курагі, каляровы жвір паўднёвай квасолі ды маленькі, з жаночую далонь, мех, упрыгожаны вышытым старачынным крыжом, сапраўдным скарбам таго часу, з белым цукрам. Наўрад ці яны думалі аб самотнай жанчыне з рысамі мінулай прыгажосці на стомленым твары, што з нямоўным гасцінцам праз сумёты, з цяжкай скрыняй за плячыма крок за крокам несла на пошту свае каханне, пяшчоту і надзею…"

Далей палітвязень працягнуў сваю прамову на рускай мове.

Пра прысуд і любоў іншых

Я б хацеў, Высокі суд, каб, выносячы свой прысуд, Вы разумелі, што прысуд выносіцца не мне аднаму, але і многім людзям, чыя віна палягае толькі ў тым, што яны мяне любяць.

Пра дзеда

Мяне завуць Сцяпан Латыпаў. Я нарадзіўся 11 красавіка 1980 года. У другім раддоме горада Кішынёва па вуліцы Маскоўскай. Бацька адмыслова знайшоў чырвоны "Масквіч 412", каб забраць нас з мамай з радзільні. Вось такі рамантык. У той дзень у далёкіх беларускіх Горках святкаваў нараджэнне ўнука Анвара Латыпаў — ганаровы член татарскай дыяспары ў Беларусі, прафесар Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, навуковец і выкладчык.


Я ведаў, што дзед мяне вельмі моцна любіў і з ранняга дзяцінства ненадакучліва фармаваў цэлую сістэму светапогляду, укладваючы ўсе сілы і ўвесь прафесіяналізм. У 8 гадоў я называў пустазелле на дачы па латыні, ведаў батаніку і фізіялогію раслін, цалкам дастатковую для першага курса геафака…

Дзядуля перадаваў не веды, а сістэму падыходу да атрымання, уключаючы ўменне бачыць, запамінаць, карыстацца даведнікамі, падтрымліваць сувязі з прафесіяналамі сваёй справы і гатоўнасцю дзяліцца сваімі ведамі з імі. Цяпер я ўсведамляю, што не рэалізаваў закладзены патэнцыял нават на сотую яго волі. Я быў не адзіным вучнем Анвара Латыпава.

Аналізуючы праслухоўку майго тэлефона, Высокі суд падрабязна вывучаў мае сэксуальныя перавагі, памер генератыўнага органа і сакрамэнт падзення лібіда. І працягваў ўдзельнічаць, скончыўшы фразай: «Ні розуму, ні сілы». [... ] 75 цэнтнераў гектара — сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы за 10 гадоў. Ва ўраджайны год яна складала 62 працэнты, а ўраджайнасць 111 цэнтнераў. Гэта не максімальны, а менавіта сярэдні паказчык. Максімальны — 160 цэнтнераў гектара. Быў пацверджаны адным з нямецкіх сартоў.

Суддзя Аляксандр Волк папрасіў гаварыць па сутнасці

Нямецкі навуковец сцвярджае, што генетычны патэнцыял пшаніцы складае 250 цэнтнера. Гэты вучоны — вучань майго дзеда. Калісьці жыў у Мінску каля Кіеўскага сквера. Мы маглі быць з ім суседзямі, але ён вельмі любіць сваіх дзяцей і жадае для іх лепшай будучыні. У яго канцэпцыю шчаслівага бацькоўства не ўваходзіць сын і дачка, залітыя пярцовым газам за іх грамадзянскую пазіцыю і выказванне ўласнага меркавання. Незалежна ад таго, якімі высокімі матывамі кіруюцца людзі з дубінкамі і балончыкамі. Я хачу, каб, выносячы прысуд, Высокі суд у поўнай ступені ўсведамляў, колькі разумных людзей, якія ствараюць гульні, у якія гуляюць сотні людзей, праграмнае забеспячэнне аўтамабіляў, новыя сарты пшаніцы, аўтамабілі і якія вывучаюць новыя методыкі для лячэння рака — колькі разумных і тых, што любяць людзей, чакаюць гэтага прысуду, каб прыняць рашэнне: заставацца ў Беларусі ці аддаць усе свае сілы, веды і талент на росквіт іншай краіны.

Пра дом

Мяне завуць Сцяпан Латыпаў. Я жыву ў 1** кватэры дом №* Сморгаўскага тракту. Для мяне гэта самае лепшае месца на зямлі. Гэта мая Радзіма. Гэта месца маёй сілы. Гэта мая мара, якую я ажыццявіў. Мара пра дом, дзе можна жыць, сабрацца са сваімі суседзямі, дзе можна, як у нас завялося ў вёсцы яшчэ ў далёкіх 80-х у Савецкім Саюзе, спакойна зайсці на вячэру да суседа без папярэджання, толькі таму што ты хочаш есці і не паспеў прыгатаваць. Дзе ўсе канфлікты вырашаюцца разам, мірна, без усялякай агрэсіі. Я быў шчаслівы жыць у гэтым месцы. Я быў напоўнены шчасцем, радасцю і мяне гэта бадзёрыла і часам нават прыносіла нейкую эйфарыю. Але шчасце доўжылася нядоўга.

Пра затрыманне і збіццё

15 верасня 2020 года людзі ў масках занеслі мяне ў мікрааўтобус. Зацягнулі рукі за спіной, надзелі на галаву смеццевы пакет і павезлі... На Парк дружбы народаў. Па шляху двойчы перасаджвалі з аўтобуса ў аўтобус. Але гэта быў мой раён, і я ведаю там кожны паварот. Потым яны збівалі мяне. Уключылі радыё на ўсю гучнасць і пачалі мяне біць. Ніколі ў жыцці мне не было так страшна. Людзі ў масках білі рукамі, нагамі, дубінкамі. Усе гуртам і па адным. Выкручвалі рукі, ногі за спінай, "ластаўкай", збівалі кулакамі і далонямі па вушах так, каб у галаве нібы выбухала граната. Білі дубінкай па ягадзіцах, білі так, каб сіняка не заставалася. Але абапірацца я не мог яшчэ тры тыдні. Нядаўна пачуў такі тэрмін "міжмышачная гематома". Магчыма, гэта была яна. Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся. Казалі: "Вучым алфавіт, зараз пытаем літару "Аааа" і пачнем вучыць "Б". Казалі: "Не крычы, твая Ціханоўская не пачуе", — але я працягваў крычаць. Я крычаў і думаў: вельмі добра, што ўзялі мяне, мала хто з суседзяў у Беларусі вытрымае гэта.

Калі было асабліва балюча, я ўспамінаў словы маці, яна вучыла мяне гаварыць сабе: «Я маленькі-маленькі вожык, мне зусім не балюча». І гэта ў нейкае імгненне дапамагала мне. Але яны [сілавікі] вельмі вопытныя, мяне пастаянна называлі па імені, і ў мяне не атрымлівалася адключацца ніяк.

Пра ціск

Потым быў ператрус і былі допыты ў Следчым камітэце. Калі б не прабежка з суседзямі ў той дзень, я б пагадзіўся з усімі абвінавачваннямі людзей у масках: з масавымі беспарадкамі, хімічнай атакай і наогул з чым заўгодна. Ніводнага сіняка на мне не было, нават пластыкавыя сцяжкі не пакінулі слядоў, толькі слых жаху. І я пачаў баяцца. Дзіка баяцца, што людзі ў масках могуць зрабіць яшчэ нешта, што ім прыдумаецца. Нават не дзеля справы, а проста дзеля забавы, і ніхто іх не спыніць.

Пра ўмовы ўтрымання

У газеце прачытаў, што ў СІЗА мяне 51 дзень трымалі ў карцары, але гэта не так. Я 51 дзень прасіўся ў карцэр. Кожную ранішнюю і вячэрнюю праверку я пытаўся, за што мяне трымаюць у такіх умовах, а яны адводзілі вочы і казалі: "Чыста па-чалавечы спачуваем, але нічога не можам зрабіць". Прасілі трымацца. Дзякуючы іх разуменню, за тыя маленькія паблажкі, якія мне палегчылі жыццё, я прашу прабачэння ў супрацоўнікаў СІЗА, таму што ведаю, што ў іх будуць непрыемнасці, за тое, што я гэта кажу цяпер, а людзі ў масках зноў хаваюцца. Я ўспамінаю і з спачуваннем стаўлюся да кожнага, хто даваў паказанні ў ГУБАЗ.

Пра страх за блізкіх

Жах, які мне давялося адчуць, апраўдвае вельмі многае. Калі заканчваецца страх за сябе, пачынаецца страх за блізкіх. Чалавек у масцы прыходзіў пасля аперацыі. Мне здавалася, што ён казаў некалькі гадзін — гэта былі толькі пагрозы і абразы. Я ведаю, што нічога не здолею з гэтым зрабіць і нават не магу да канца вызваліцца ад страху, але ў маіх сілах хаця бы паспрабаваць не баяцца.

Пра спробу суіцыду ў судзе 

Выносячы прысуд, Высокі суд, я хачу, каб вы мелі ўяўленне пра тое, якімі метадамі збіраюцца доказы і атрымліваюцца прызнанні. Мяне завуць Сцяпан Латыпаў. 1 чэрвеня 2021 года ў зале суда Савецкага раёна я прарэзаў сабе горла шарыкавай ручкай. Гэты факт пацверджаны дзесяткамі сведак. Некаторыя з іх — мае сябры, сваякі, супрацоўнікі МУС, пракуратуры і суда. Аб гэтым паведамілі па дзяржаўным і недзяржаўным тэлеканалах. Існуе не менш за тры афіцыйныя дакументы з гэтай нагоды з маім уласнаручным подпісам. Ёсць відэазапіс, дзе я ўсё падрабязна распавядаю, і нават АВМ-праслухоўка ў камеры, дзе я сам і асабіста, і з сябрам з хіхіканнем і гучным матам апавядаем дадзеную акалічнасць <нрзбрлв>. Уся гэтая сукупнасць неабвержных доказаў дазваляе з лёгкасцю адмахнуцца ад шматзначных <нрзбрлв> савецкай дзіцячай энцыклапедыі... <нрзбрлв>

Аскепкам ручкі нельга парэзаць шыю. Ім нават лімон адрэзаць немагчыма, гэта відавочна любому. Але следству тэрмінова патрэбна была карціна спантанага эмацыйнага ўчынку. Мне вельмі хацелася спаць пасля наркозу. На трэція бяссонныя суткі я быў згодны на што заўгодна. 

Рыхтавацца да самагубства я пачаў адразу пасля таго допыту. На кожны допыт, на кожную сустрэчу з адвакатам я браў маленькі кавалачак фальгі, падбіраючы форму і памер так, каб іх не мог выявіць канвой. Забойца-рэцыдывіст за пакет кавы падрабязна распавёў пра надгляд, а прафесійны злодзей-кішэннік навучыў хаваць лязо. Пазней мне параілі абматаць метал кавалачкам пластыру, каб ён не слізгаў па пальцах. Пластыр я папросту наклеіў на тэчку з дакументамі і напісаў на ім ручкай. Потым пераляпіў на куртку, гэта нікога не збянтэжыла. Як нікога і не збянтэжыла і тое, што ўсю першую палову пасяджэння я плёў кляп, які патрэбен быў, каб сысці годна, не скуголячы ад болю.

Было балюча. Шалёна балюча і страшна. Мэтай ставіў перарэзаць хоць адну з сонных артэрый. З левага боку прарэзаць не ўдалося, але затое з правага, дзякуючы ўхілу налева, атрымалася разрэзаць... І адчуў пальцамі цяпло. Нават атрымалася зачапіць артэрыю, але ад хвалявання я пацягнуў далей, замест таго, каб паглыбляцца па трахеі...

Потым тузануў за нагу канваір, я стукнуўся галавой і ўпаў. Было балюча, страшна і вельмі сорамна. Вельмі сорамна, таму што спроба выйшла няўдалай. І тое, што ёсць шмат спосабаў абараніць сваіх блізкіх і суседзяў, якіх я ў той момант не ўбачыў.

Пра суддзю

Хочацца верыць, што, выносячы прысуд, Высокі суд будзе кіравацца логікай, здаровым сэнсам, жыццёвым досведам, веданнем школьнай праграмы. Разумеючы, што часам следства не ў поўнай ступені імкнецца ўбачыць ісціну. 

Я не ведаю, што будзе далей. Я не ведаю, які будзе прысуд, колькі насамрэч буду сядзець. Як паказала практыка, усё не ў руках суддзі і нават не ў маіх, і не ў кожнага з нас. Але я хацеў сказаць адно: які б я ні быў, я такі, які я ёсць, і я ўсіх вас вельмі люблю. І я не магу па-іншаму. Я буду вас абараняць так, як магу... Я лічу, што гэта мой абавязак. І я лічу, што па-іншаму немагчыма.

Высокі суд, я шмат кажу пра ўсё і пра ўсіх, але не пра сабе, і аб тым, што чакаю для сябе. Мне не так важна, што Вы скажаце, а як Вы скажаце. Я вельмі імкнуся ўбачыць у Вас не суддзю, а чалавека, грамадзяніна, прафесіянала сваёй справы. Гэта дапаможа мне як раз такі не ненавідзець Вас і паставіцца з разуменнем, разуменнем як да чалавека, які апынуўся, магчыма, у няпростай сітуацыі.

Дзякуй, Высокі суд, у мяне ўсё".

Прысуд палітвязню Сцяпану Латыпаву будзе абвешчаны ў панядзелак, 16 жніўня.


Што важна ведаць пра суд над Сцяпанам Латыпавым

Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня ў яго двары каля знакамітага мурала з "Дыджэямі пераменаў". Пасля гэтага дзверы ў кватэру ўзламалі, зладзілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы.

Пазней Латыпаву прад'явілі абвінавачванні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч.1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацыі, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях);
  • ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку);
  • ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры).

Сцяпан Латыпаў заявіў у судзе, што не прызнае віны ні па адным эпізодзе.

1 чэрвеня ў суд Латыпава прывезлі з відавочнымі слядамі збіцця, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў аб так званай "прэс-хаце", у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнальных паказанняў. Пасля гэтага Сцяпан спрабаваў забіць сябе наўпрост у залі суда — падчас паседжання, седзячы ў клетцы, ён уваткнуў сабе ў горла ручку. Суд быў перапынены, мужчыну забралі ў бальніцу, дзе яго прааперавалі: пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. І ўжо ў ноч адразу пасля аперацыі, з 1 на 2 чэрвеня, сілавікі забралі Сцяпана з бальніцы і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. 

Падрабязнасці па суду:

У Мінску судзяць палітзняволенага жыхара «Плошчы Пераменаў» Латыпава. У судзе ён здзейсніў спробу суіцыду

«Вясна» назірае за працэсам і распавядае акалічнасці яго справы.

"Ён абедзвюма рукамі трымае белую ручку ў горле і глядзіць на бацьку", — відавочца распавядае пра ўчынак Сцяпана Латыпава ў зале суда

"Вясна" папрасіла відавочцу ўчынку Сцяпана распавесці пра судовае паседжанне над ім, пра палітвязня Латыпава як абвінавачанага па "палітычнай" справе і што адбылося ў чацвёртай залі суда Савецкага раёна 1 чэрвеня ў 14:40. Мы цалкам публікуем аповед відавочцы, каб задакументаваць тое, што адбылося.

Сцяпана Латыпава накіравалі на судова-псіхіятрычную экспертызу. У судзе ён быў прышпілены кайданкамі да канваіраў

У судзе Савецкага раёна Мінска 10 чэрвеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара "Плошчы Пераменаў" Сцяпана Латыпава.

Пасля 1,5-месячнага перапынку працягнуўся суд над палітзняволеным Сцяпанам Латыпавым

Праз паўтары месяцы перапынку ў судзе Савецкага раёна Мінска 27 ліпеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара "Плошчы Пераменаў" і арбарыста Сцяпана Латыпава.

Спецслужбы праслухоўвалі тэлефон Латыпава з чэрвеня 2020 года. Працягваецца суд над палітзняволеным жыхаром "Плошчы Пераменаў"

У судзе Савецкага раёна Мінска 2 жніўня працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара "Плошчы Пераменаў" і арбарыста Сцяпана Латыпава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства