viasna on patreon

Пракурор просіць пакараць палітвязня Сцяпана Латыпава 8,5 гадамі калоніі і штрафам у 300 базавых

2021 2021-08-11T16:54:17+0300 2021-10-01T15:46:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/latypov_sud_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Савецкага раёна Мінска 11 жніўня па крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара "Плошчы Пераменаў" Сцяпана Латыпава адбыліся спрэчкі бакоў. Яго судзяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.ч. 1, 2 арт. 342ч. 2 арт. 363ч. 4 арт. 209. Латыпава абвінавачваюць у стварэнні дваровага telegram-чата, майстэрні па вырабе пратэснай сімволікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні 15 верасня. Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі "Беларбо" яго абвінавачваюць ва ўвядзенні ў зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай абароне раслін. На судзе Латыпаў віну не прызнаў ні па ніводным з эпізодаў, якія яму інкрымінуюцца. Але пракурор папрасіў суд прызнаць Сцяпана вінаватым па трох артыкулах КК і пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на восем гадоў і шэсць месяцаў ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 300 базавых велічыняў. Справу разглядае Аляксандр Волк. Заўтра адбудзецца апошняе слова палітвязня.

Cцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org
Cцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org

У чым абвінавачваюць палітвязня?

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, у жніўні 2020 года Сцяпана Латыпава "аб'яднаў вакол сябе групу грамадзян для сумеснага ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак на тэрыторыі сталіцы. Для выканання сваёй злачыннай мэты ён стварыў у мэсэнджары Telegram-чат, у якім заклікаў яго ўдзельнікаў да стварэння дваровай супольнасці з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве". Латыпаву ставіцца ў віну, што ён "арганізоўваў правядзенне сустрэч удзельнікаў групы, сумеснае распаўсюджванне агітацыйнай прадукцыі, нанясенне малюнкаў і надпісаў пратэснага характару на фасады будынкаў і збудаванняў. Названыя дзеянні прывялі да фарміравання ў асоб гатоўнасці і жадання ўдзельнічаць у названых супрацьзаконных дзеяннях, калі гэта спатрэбіцца, а таксама стварэння ў грамадзян пратэснага настрою".  

Акрамя гэтага, Латыпава абвінавачваюць у тым, што ён разам з удзельнікамі чата стварыў "майстэрню па вырабе пратэснай сімволікі, у тым ліку сцягоў, якія прызначаліся для размяшчэння на фасадах будынкаў". 

Згодна з матэрыяламі справы Латыпаў арганізаваў збор грашовых сродкаў з боку ўдзельнікаў супольнасці для матэрыяльнай арганізацыі яго дзейнасці.

"Мінчук рэгулярна інфармаваў адміністратараў радыкальных і экстрэмісцкіх Telegram-каналаў з дапамогай чат-бота аб створаным ім дваровага аб'яднання і агітаваў іншых асоб да стварэння падобнага на тэрыторыі іншых раёнаў Мінска, што ў канчатковым выніку пацягнула арганізацыю такіх", – гаворыцца ў абвінавачванні.  

Акрамя гэтага, Латыпаву інкрымінуюць ч. 2 арт 363 (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку). Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы 15 верасня мінулага года ён аказаў актыўны супраціў супрацоўнікам міліцыі, спалучаны з ужываннем гвалту.

Таксама Сцяпана Латыпава абвінавачваюць па ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры). Паводле звестак следства, у перыяд з красавіка 2019 года да верасня 2020 года абвінавачаны пад выглядам ажыццяўлення законнай дзейнасці, шляхам падману і ўвядзення ў зман завалодаў грашовымі сродкамі 16 юрыдычных асоб на агульную суму больш за 123 тысячы рублёў.

Па версіі абвінавачвання, Латыпаў наўмысна ўводзіў у зман кліентаў і паведамляў ім загадзя ілжывыя звесткі аб магчымасці аказання паслуг па вытворчасці комплексу мер па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніка шляхам хімічнай апрацоўкі дарагім і высакаякасным сродкам. 

"Падчас збору характарызуючага матэрыялу ў дачыненні да фігуранта, а таксама праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства "Беларбо", дырэктарам і бухгалтарам якога ён з'яўляўся, устаноўленыя факты крадзяжу і неналежнага аказання паслуг, парушэння правілаў абыходжання са сродкамі хімічнай абароны раслін, іх незаконнага набыцця і выкарыстання ў гаспадарчай дзейнасці з яго боку", – гаворыцца ў абвінавачванні.  

Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня ў яго двары каля знакамітага мурала з "Дыджэямі пераменаў". Пасля гэтага дзверы ў кватэру ўзламалі, зладзілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы.

Пазней Латыпаву прад'явілі абвінавачванні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч.1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацыі, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях);
  • ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку);
  • ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры).

Сцяпан Латыпаў заявіў у судзе, што не прызнае віны ні па адным эпізодзе.

1 чэрвеня ў суд Латыпава прывезлі з відавочнымі слядамі збіцця, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў аб так званай "прэс-хаце", у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнальных паказанняў. Пасля гэтага Сцяпан спрабаваў забіць сябе наўпрост у залі суда — падчас паседжання, седзячы ў клетцы, ён уваткнуў сабе ў горла ручку. Суд быў перапынены, мужчыну забралі ў бальніцу, дзе яго прааперавалі: пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. І ўжо ў ноч адразу пасля аперацыі, з 1 на 2 чэрвеня, сілавікі забралі Сцяпана з бальніцы і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. 

Падрабязнасці па суду:

У Мінску судзяць палітзняволенага жыхара «Плошчы Пераменаў» Латыпава. У судзе ён здзейсніў спробу суіцыду

«Вясна» назірае за працэсам і распавядае акалічнасці яго справы.

"Ён абедзвюма рукамі трымае белую ручку ў горле і глядзіць на бацьку", — відавочца распавядае пра ўчынак Сцяпана Латыпава ў зале суда

"Вясна" папрасіла відавочцу ўчынку Сцяпана распавесці пра судовае паседжанне над ім, пра палітвязня Латыпава як абвінавачанага па "палітычнай" справе і што адбылося ў чацвёртай залі суда Савецкага раёна 1 чэрвеня ў 14:40. Мы цалкам публікуем аповед відавочцы, каб задакументаваць тое, што адбылося.

Сцяпана Латыпава накіравалі на судова-псіхіятрычную экспертызу. У судзе ён быў прышпілены кайданкамі да канваіраў

У судзе Савецкага раёна Мінска 10 чэрвеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара "Плошчы Пераменаў" Сцяпана Латыпава.

Пасля 1,5-месячнага перапынку працягнуўся суд над палітзняволеным Сцяпанам Латыпавым

Праз паўтары месяцы перапынку ў судзе Савецкага раёна Мінска 27 ліпеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара "Плошчы Пераменаў" і арбарыста Сцяпана Латыпава.

Спецслужбы праслухоўвалі тэлефон Латыпава з чэрвеня 2020 года. Працягваецца суд над палітзняволеным жыхаром "Плошчы Пераменаў"

У судзе Савецкага раёна Мінска 2 жніўня працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара "Плошчы Пераменаў" і арбарыста Сцяпана Латыпава.




Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства