viasna on patreon

Пасля 1,5-месячнага перапынку працягнуўся суд над палітзняволеным Сцяпанам Латыпавым Дапоўнена

2021 2021-07-27T12:05:00+0300 2021-07-27T23:00:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/latypov_sud_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праз паўтары месяцы перапынку ў судзе Савецкага раёна Мінска 27 ліпеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара "Плошчы Пераменаў" і арбарыста Сцяпана Латыпава. На судзе ён прыкаваны кайданкамі да канваіраў. 1 чэрвеня ў суд Латыпава прывезлі на суд з відавочнымі слядамі збіцця, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў аб так званай "прэс-хаце", у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнальных паказанняў. Пасля гэтага Сцяпан спрабаваў забіць сябе наўпрост у залі суда — падчас паседжання, седзячы ў клетцы, ён уваткнуў сабе ў горла ручку. Суд быў перапынены, мужчыну забралі ў бальніцу, дзе яго прааперавалі: пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. І ўжо ў ноч адразу пасля аперацыі, з 1 на 2 чэрвеня, сілавікі забралі Сцяпана з бальніцы і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. 10 чэрвеня суд накіраваў Сцяпана на судова-псіхіятрычную экспертызу. Справу палітвязня разглядае суддзя Аляксандр Волк, дзяржабвінавачанне падтрымлівае пракурор Уладзімір Рабаў. 

Cцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org
Cцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org

Якія вынікі экспертызы?

На вырашэнне судова-псіхіятрычнай экспертызы былі пастаўленыя наступныя пытанні:

  • Ці пакутаваў Латыпаў у момант здзяйснення злачынства псіхічнымі захворваннямі або іншымі разладамі псіхічнай дзейнасці? 
  • Ці мог Латыпаў усведамляць фактычны характар, грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі?
  • Пакутаваў ці пакутуе Латыпаў псіхічнымі захворваннямі ў цяперашні час? Калі так, то ці можа ён удзельнічаць у судовых мерапрыемствах?
  • Ці мае патрэбу ў прымусовых мерах бяспекі і лячэння? Ці здольны самастойна абараняць свае правы ў крымінальным працэсе?

Па выніках экспертызы, Сцяпан Латыпаў прызнаны здаровым і не пакутуе (не пакутаваў) на псіхічныя захворвані, а значыць можа самастойна абараняць свае правы ў крымінальным працэсе. Палітвязень заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі экспертызы, але суддзя Волк адхіліў яго. 

На пачатку суда 27 ліпеня Сцяпан заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы, бо, як ён заявіў на судзе, "у ноч з 1 на 2 чэрвеня невядомыя людзі вынялі ўсе яго запісы і нататкі па справе" [калі сілавікі забралі Сцяпана з бальніцы і змясцілі ў СІЗА-1]:

"У мяне на руках на дадзены момант нават няма абвінавачвання. Гэта, на мой погляд, істотна парушае маё права на абарону".

Суддзя Волк адхіліў і гэтае хадайніцтва.

Пацярпелы міліцыянт: Не лічу сябе пацярпелым

Сёння на судзе дапытвалі пацярпелага супрацоўніка міліцыі Пятрова Аляксея Аляксеевіча па ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку). У першы дзень суда дапытвалі яшчэ аднаго пацярпелага супрацоўніка Цэнтральнага РУУСа Васіля Рогава.

На судзе Пятроў распавёў, што 15 верасня нёс службу па ахове грамадскага парадку на так называемай Плошчы Перамен. Як і першы пацярпелы, ён аказваў дапамогу камунальнікам на зафарбоўцы сцяны на вуліцы Чарвякова.

"Калі прыехалі камунальнікі, то там каля сцяны выбудавалася чалавек шэсць — грамадзянскіх асобаў, якія пражываюць у гэтым двары. Мы падыйшлі, зрабілі заўвагу, папрасілі адысці. Мы сказалі, калі яны самастойна не адыйдуць, то мы будзем ужываць фізічную сілу. Далей мы ўзялі яго [Латыпава] пад рукі. Так як ён учапіўся, то адцягнулі за рукі, ногі. Ён перашкаджаў затрыманню. Мы пайшлі да службовага аўтамабіля і там паклалі яго на зямлю".

Па словах міліцыянта, Латыпава да службовай машыны неслі чатыры міліцыянты. На судзе Пятроў не мог растлумачыць, у чым выяўляўся супраціў Латыпава ў адносінах да яго. На судзе міліцыянт заявіў, што не лічыць сябе пацярпелым, бо яго Сцяпан не абражаў, не біў.

Пры гэтым, падчас допыта 17 лютага пацярпелы казаў следчым, што Латыпаў падчас затрымання ўпіраўся, вырываўся, а апынуўшыся на зямлі, варочаўся з боку на бок.

На судзе дапытваюцца сведкі, сярод якіх былая жонка Сцяпана. Ён запытаў у яе: "Сведка, Вам вядома, што абвінавачаны пражыў з Вамі лепшыя годы свайго жыцця?"  Яна сказала, што верыць у гэта.

Падчас перапынку суда Латыпаў сказаў, што, калі нешта здарыцца з яго бацькам (яго саб'е машына, ударыць маланка, нечакана спыніцца сэрца), то будзе лічыць, што "гэта злая воля кагосьці з дрэнных людзей".

На судзе дапыталі супрацоўніка арганізацыі Латыпава. Па працы ў яе на Сцяпана ўзбудзілі крымінальную справу па ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры). У супрацоўніка арганізацыі запытвалі пра невыкананую замову у мазырскім МПЗ. 

Потым суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.

У размове з адвакатам Сцяпан адзначыў, што лісты да яго даходзяць з двухтыднёвай затрымкай. Перадачы, якія яму перадаюць правяраюць некалькі разоў, пакуль не вырашаць, што можна. Як распавядае Латыпаў, у ноч з 1 на 2 чэрвеня пасля наркозу з лякарні ў СІЗА яго даставілі амаль голым.

Суд працягнецца 29 ліпеня.

Што важна ведаць пра суд над Сцяпанам Латыпавым

Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня ў яго двары каля знакамітага мурала з "Дыджэямі пераменаў". Пасля гэтага дзверы ў кватэру ўзламалі, зладзілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы.

Пазней Латыпаву прад'явілі абвінавачванні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч.1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацыі, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях);
  • ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку);
  • ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры).

Сцяпан Латыпаў заявіў у судзе, што не прызнае віны ні па адным эпізодзе.

1 чэрвеня ў суд Латыпава прывезлі з відавочнымі слядамі збіцця, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў аб так званай "прэс-хаце", у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнальных паказанняў. Пасля гэтага Сцяпан спрабаваў забіць сябе наўпрост у залі суда — падчас паседжання, седзячы ў клетцы, ён уваткнуў сабе ў горла ручку. Суд быў перапынены, мужчыну забралі ў бальніцу, дзе яго прааперавалі: пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. І ўжо ў ноч адразу пасля аперацыі, з 1 на 2 чэрвеня, сілавікі забралі Сцяпана з бальніцы і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. 

Падрабязнасці па суду:

У Мінску судзяць палітзняволенага жыхара «Плошчы Пераменаў» Латыпава. У судзе ён здзейсніў спробу суіцыду

«Вясна» назірае за працэсам і распавядае акалічнасці яго справы.

"Ён абедзвюма рукамі трымае белую ручку ў горле і глядзіць на бацьку", — відавочца распавядае пра ўчынак Сцяпана Латыпава ў зале суда

"Вясна" папрасіла відавочцу ўчынку Сцяпана распавесці пра судовае паседжанне над ім, пра палітвязня Латыпава як абвінавачанага па "палітычнай" справе і што адбылося ў чацвёртай залі суда Савецкага раёна 1 чэрвеня ў 14:40. Мы цалкам публікуем аповед відавочцы, каб задакументаваць тое, што адбылося.

Сцяпана Латыпава накіравалі на судова-псіхіятрычную экспертызу. У судзе ён быў прышпілены кайданкамі да канваіраў

У судзе Савецкага раёна Мінска 10 чэрвеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара "Плошчы Пераменаў" Сцяпана Латыпава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства