viasna on patreon

Спецслужбы праслухоўвалі тэлефон Латыпава з чэрвеня 2020 года. Працягваецца суд над палітзняволеным жыхаром "Плошчы Пераменаў" Дапоўнена

2021 2021-08-02T15:01:48+0300 2021-08-02T18:44:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/peremen_20200915_bur_008_photo_2020-09-15_16-21-49-4jkh0-bkksl.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Савецкага раёна Мінска 2 жніўня працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара "Плошчы Пераменаў" і арбарыста Сцяпана Латыпава. 29 ліпеня пасля абеду і 30 ліпеня працэс не адбыўся па прычыне дрэннага стану здароўя палітвязня. У суд выклікалі хуткую, якая накіравала яго на дадатковае абследаванне. Сцяпана адправілі на "бальнічны". Сёння суд працягвае вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы — усіх 12 тамоў. Падчас іх даследавання стала вядома, што спецслужбы праслухоўвалі тэлефонныя размовы Сцяпана Латыпава з чэрвеня 2020 года. Мужчыну затрымалі 15 верасня праз выпадак пры зафарбоўвання графіці на "Плошчы Пераменаў". Справу палітвязня разглядае суддзя Аляксандр Волк, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Уладзімір Рабаў.  

Cцяпан Латыпаў пры затрыманні 15 верасня. Фота: TUT.BY
Cцяпан Латыпаў пры затрыманні 15 верасня. Фота: TUT.BY

Што было на папярэдніх судовых паседжаннях?

Праз паўтара месяца перапынку, які быў патрэбен для правядзення судова-псіхіятрычнай экспертызы, у судзе Савецкага раёна Мінска 27 ліпеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара "Плошчы Пераменаў" і арбарыста Сцяпана Латыпава. Па выніках экспертызы, Сцяпан Латыпаў прызнаны здаровым і не пакутуе (не пакутаваў) на псіхічныя захворванні, а значыць можа самастойна абараняць свае правы ў крымінальным працэсе.

Таксама на судзе дапыталі яшчэ аднаго пацярпелага супрацоўніка міліцыі Пятрова Аляксея Аляксеевіча, які на судзе заявіў, што не лічыць сябе пацярпелым.

Пасля 1,5-месячнага перапынку працягнуўся суд над палітзняволеным Сцяпанам Латыпавым

Праз паўтары месяцы перапынку ў судзе Савецкага раёна Мінска 27 ліпеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара "Плошчы Пераменаў" і арбарыста Сцяпана Латыпава.

29 ліпеня пасля абеду суд над Сцяпанам Латыпавым не працягнуўся. Палітвязень пахадайнічаў аб выкліку хуткай дапамогі, бо «працягла адчуваў сябе дрэнна». Перад судом ён казаў, што раніцай у яго быў ціск быў 160 на 90. Сцяпан растлумачыў, што ў яго галавакружэнне і ён з цяжкасцю сочыць за працэсам.

«У камеры горача, паляць. З раніцы быў высокі ціск. Начмед зрабіў укол і адправіў сюды [на суд]. Лягчэй не стала», — сказаў Сцяпан.

У сувязі з дрэнным самаадчуваннем лекары накіравалі Сцяпана Латыпава на дадатковае абследаванне. Самога палітвязня змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага і адправілі на "бальнічны". Па гэтай прычыне суд не адбыўся і на наступны дзень, 30 ліпеня.

Усяго у справе Латыпава 12 тамоў. Што адбываецца на судзе 2 жніўня?

Сёння на судзе планавалася працягнуць допыт сведак, але на суд яны не з'явіліся. Не прыйшлі на паседжанне прадстаўнік упраўлення па сельскай гаспадарцы Барысаўскага раёна. Па зачытаных у судзе паказаннях, якія ён даваў падчас следства, ён труціў баршчэўнік у 2019-2020 гадах, прэтэнзій да арганізацыі Латыпава ў яго не было.

Таксама на судзе планавалі дапытаць начальніка добраўпарадкавання ўчастка Мазырскага МПЗ Касабуцкага. Згодна яго паказанням следчаму, 10 сакавіка 2020 года яны заключылі дамову з арганізацыяй Латыпава, але ён не быў выкананы, бо ў яго паўсталі сумневы з нагоды сапраўднасці прадстаўленых дакументаў, сертыфікатаў на сродкі —на ўпакоўках ўбачыў іерогліфы. Але з нагоды гэтага ў суд не звяртаўся.

Сёння на судзе не атрымалася дапытаць маці Сцяпана Ларысу. Яна раней працавала ў арганізацыі сына капірайтаркай і маркетологам. Цяпер яна жыве ў Ляхавічах. Не з'явілася ў суд па прычыне нездавальняючага здароўя і аддаленасці знаходжання.

Пасля агучвання паказанняў сведкаў, якія не з'явіліся на суд, працягнулі вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы. Цяпер вывучаецца другі том. Усяго у справе 12 тамоў.

Памочнік пракурора Уладзімір Рабаў чытае матэрыялы справы: тое, што было знойдзена ў тэлефоне Латыпава. Гэта фотаздымкі пераліку грашовых сродкаў, якія перадаваліся Латыпаву для арганізацыі "Плошчы перамен", фота Латыпава з сімволікай двара, нумар банкаўскай карты, куды пераводзіліся грошы для "Плошчы перамен", скрыншоты, фота тканіны для упрыгожвання дома, фота ўдзелу Латыпава ў масавых мерапрыемствах, фота набытых калонак і гірлянд. Падчас ператрусу сілавікі вынялі банкаўскія карткі, пасведчанне члена ініцыятыўнай групы, чырвоная тканіны, чатыры бел-чырвона-белыя стужкі.

На судзе таксама агучваюць стэнаграмы тэлефонных размоваў палітвязня, якія былі атрыманыя падчас праслухоўкі, якую спецслужбы вялі з чэрвеня 2020 года. Адвакатка на судзе звярнула ўвагу, што дакументы, якія агучваюцца, працэсуальна не аформленыя належным чынам — у іх няма назвы, яны не з'яўляюцца пратаколамі. Але суддзя сказаў, каб адвакатка агучыла гэта ў спрэчках бакоў.

Тэлефонныя размовы Латыпава тычыліся двух тэмаў працоўныя пытанні і грамадская актыўнасць ў сваім раёне "Плошча перамен" (збор грашовых ахвяраванняў, набыццё тканіны на сцягі, удзел у маршах). Зачытваліся таксама ўрыўкі размоў з рознымі людзьмі пра грамадскае і палітычнае жыццё.

Суд працягнецца заўтра ў 10.00.

Што важна ведаць пра суд над Сцяпанам Латыпавым

Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня ў яго двары каля знакамітага мурала з "Дыджэямі пераменаў". Пасля гэтага дзверы ў кватэру ўзламалі, зладзілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы.

Пазней Латыпаву прад'явілі абвінавачванні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч.1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацыі, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях);
  • ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку);
  • ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры).

Сцяпан Латыпаў заявіў у судзе, што не прызнае віны ні па адным эпізодзе.

1 чэрвеня ў суд Латыпава прывезлі з відавочнымі слядамі збіцця, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў аб так званай "прэс-хаце", у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнальных паказанняў. Пасля гэтага Сцяпан спрабаваў забіць сябе наўпрост у залі суда — падчас паседжання, седзячы ў клетцы, ён уваткнуў сабе ў горла ручку. Суд быў перапынены, мужчыну забралі ў бальніцу, дзе яго прааперавалі: пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. І ўжо ў ноч адразу пасля аперацыі, з 1 на 2 чэрвеня, сілавікі забралі Сцяпана з бальніцы і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. 

Падрабязнасці па суду:

У Мінску судзяць палітзняволенага жыхара «Плошчы Пераменаў» Латыпава. У судзе ён здзейсніў спробу суіцыду

«Вясна» назірае за працэсам і распавядае акалічнасці яго справы.

"Ён абедзвюма рукамі трымае белую ручку ў горле і глядзіць на бацьку", — відавочца распавядае пра ўчынак Сцяпана Латыпава ў зале суда

"Вясна" папрасіла відавочцу ўчынку Сцяпана распавесці пра судовае паседжанне над ім, пра палітвязня Латыпава як абвінавачанага па "палітычнай" справе і што адбылося ў чацвёртай залі суда Савецкага раёна 1 чэрвеня ў 14:40. Мы цалкам публікуем аповед відавочцы, каб задакументаваць тое, што адбылося.

Сцяпана Латыпава накіравалі на судова-псіхіятрычную экспертызу. У судзе ён быў прышпілены кайданкамі да канваіраў

У судзе Савецкага раёна Мінска 10 чэрвеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара "Плошчы Пераменаў" Сцяпана Латыпава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства