Новыя ператрусы, экстрэмісцкія каналы і затрыманні. Хроніка пераследу 28-29 ліпеня Дапоўнена

2021 2021-07-29T14:52:00+0300 2021-07-29T17:53:46+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialov_rubashka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 28 і 29 ліпеня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску на грамадзянаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

29 ліпеня

"Вясне" стала вядома, што ў Мінску затрыманыя актывісты анархічнага руху Аляксандр Бялоў і Яўген Рубашка. Яны абодва знаходзяцца на допыце ў Следчым камітэце па крымінальнай справе па артыкуле 342 КК РБ (групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак). Іх статус пакуль невядомы.

bialov_rubashka.jpg
Аляксандр Бялоў і Яўген Рубашка

"Радыё свабода" паведамляе, што раніцай у Мінску затрымалі блогерку Насту Пілюгіну, маркетолага і мэдыя-мэнэджарку ў кампаніі Eleven, вядоўцу падкасту dzigital. Пра гэта "Радыё Свабода" паведаміў яе хлопец.

Гэта здарылася прыкладна аб 11-й гадзіне: Наста выйшла з дому да машыны, якая стаяла ў двары, па ноўтбук і знікла. Яе тэлефон быў выключаны, але потым уключыўся.

З дапамогай праграмы «лякатар» на айпадзе Насты Пілюгінай ён пабачыў, што яна недзе на завулку Казлова (на вуліцы Казлова, 6а знаходзіцца Ўпраўленьне КДБ у Менску). Званкі з тэлефона скідаюцца.

Дапоўнена: Каля шасці вечара стала вядома, што Наста ўжо на волі.

28 ліпеня

Мінск

Стала вядома, што 26 ліпеня была ліквідаваная сацыяльна-дабрачынная спартыўная ўстанова «Крылы анёлаў».

«Крылы анёлаў» займаліся сацыяльнай рэабілітацыяй дзяцей і дарослых з інваліднасцю. Яны дапамагалі далучыцца да прабежак, велапрагулак, турыстычных паходаў людзям з інваліднасцю.


Яшчэ 8 тэлеграм-каналаў і чатаў прызнаныя экстрэмісцкімі. Гэта «Уручье 97 pro», «Ждановiчы сёння», «Ждановичи 2020 – клуб любителей песен Цоя», «Активная МАЯКОВКА (акции и флешмобы)», «I I 0 ПАРТИЗАН чат», «I I 0 ПАРТИЗАН чат» (канал, звязаны з чатам), «Новая Боровая 98%», «Новая Боровая 98% - Чат».


Тэлеграм-канал мікрараёна «Малінаўка» паведаміў пра ператрус у актывіста Сяргея Міронава, вядома як аўтара мема «Хлопотное дельце». Сілавікі прыйшлі ў кватэру. дзе ён жыве разам з маці. У 18.30 Сяргея разам з маці вывелі з пад'езда дома, пасадзілі ў машыну і звезлі. Пазней Сяргея і яго маці вызвалілі. У іх доме забралі тэхніку.

mironau_s.jpg
Сяргей Міронаў, фота "Радыё Свабода"

Брэст

У Брэсце праходзіў ператрус у Наталлі Зданевіч, кіраўніцы праектаў “Фонда развіцця Брэсцкай крэпасці”. Ён праходзіў па месцу прапіскі актывісткі — у доме бацькоў. Самой дзяўчыны там не было.

zdanevic.jpg
Наталля Зданевіч

У 11:15 вобшук у Наталлі скончыўся. “Прыйшлі з КДБ а 6-й раніцы. Нічога не забралі. Глядзелі, якія кнігі стаяць”, — паведаміла Наталля.

З чым можа быць звязаны візіт сілавікоў, яна не ведае. У офісе “Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці”, які яна ўзначальвае, ператрусу не было.

Фонд быў створаны ў 2013 годзе. Гэта грамадская арганізацыя, якая аб'ядноўвае намаганні міжнародных экспертаў у галіне вывучэння спадчыны Брэста і Брэсцкай крэпасці, ініцыюе архіўныя даследаванні, спрыяе папулярызацыі гісторыі ў новых сучасных фарматах, піша @euroradio.


Брэст

У кватэры актывіста Алеся Абляка прайшоў ператрус. У той момант дома яго не было. Вядома, што нічога падчас ператрусу вынята не было.

Таксама вядома, што ператрусы прайшлі яшчэ ў дваіх актывістаў - праціўнікаў завода АКБ у межах крымінальнай справы аб тэрарызме (арт. 289 КК).

Гомель

МУС у сваім тэлеграм-канале паведаміла пра затрыманне 34-гадовага жыхара Гомеля па крымінальнай справе аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу). "У жніўні мінулага года мужчына стварыў у Telegram дэструктыўны чат, дзе абмяркоўваліся радыкальныя дзеянні ў дачыненні да прадстаўнікоў улады", - піша МУС.

Навагрудак

У Наваградку супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з ператрусам да мясцовай актывісткі Ірыны Трафімік. Жанчыну выманілі з хаты, адключыўшы святло.

Вобшук праводзілі людзі са зброяй, пры гэтым акрамя Ірыны ў хаце знаходзілася ейная маленькая дачка. Нібыта ператрус быў звязаны са справаю аб абразе суддзі Лобан, якая раней прысудзіла жанчыне штраф 100 базавых велічыняў.

Гродна

Стала вядома пра затрыманне жыхара Горадні, які 11 ліпеня павесіў бела-чырвона-белы сцяг на мясцовым Кургане Славы. Гэта 41-гадовы Ігар Бузук. Мужчыну затрымалі памежнікі, калі ён спрабаваў выехаць за мяжу.

buzuk_ihar.png
Ігар Бузук. Скрыншот з відэа МУС

Будзе дапоўнена

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства