viasna on patreon

“Міжнародная супольнасць павінна працаваць калектыўна, каб заставіць улады паважаць правы чалавека". У СПЧ адбыўся інтэрактыўны дыялог па сітуацыі ў Беларусі Відэа

2021 2021-07-05T18:16:41+0300 2021-07-05T20:48:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/un_hrc-2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зала Савета па правах чалавека. Фота: un.org

Зала Савета па правах чалавека. Фота: un.org

5 ліпеня на 47-ай сесіі Савета па правах чалавека ААН прагучала пытанне Беларусі – адбыўся інтэрактыўны дыялог, дзе Спецдакладчык Анаіс Марэн прадставіла свой чарговы даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне.

Яна заявіла, што з моманту яе апошняга дакладу сітуацыя ў Беларусі працягнула пагаршацца, краіна знаходзіцца ў глыбокім крызісе і працягвае ізалявацца.

“Мы сутыкнуліся з глыбокім палітычным крызісам падчас прэзідэнцкіх выбараў. Як у папярэдніх выбарчых кампаніях большасць кандыдатаў апазіцыі былі выключаны з працэсу, трое з іх дагэтуль знаходзяцца ў турме.

Таксама каля 530 чалавек з’яўляюцца палітычнымі вязнямі за свае погляды ці палітычныю дзейнасць. Гэта ў 10 разоў болей, чым падчас папярэдняга поствыбарчага крызісу ў 2011 годзе.

Я далучаюся да галасоў тых, хто выступае за неадкладнае іх вызваленне і рэабілітацыю”, - сказала ў сваім выступе Анаіс Марэн.

У інтэрактыўным дыялогу прыняло удзел 35 прастаўнікоў з розных краін і няўрадавых арганізацый, якія асуджалі парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, а таксама прымусовую пасадку самалёта і арышт Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, казалі пра неабходнасць належнага расследвання катаванняў, якое прымяняліся з боку сілавікоў да мірных дэманстрантаў, заклікалі адмяніць смяротная пакаранне, вызваліць усіх палітзняволеных, прадаставіць журналістам і адвакатам адпаведныя ўмовы для выканання прафесійных абавязкаў і спыніць іх пераслед. Таксама заклікалі Савет па правах чалавека ААН працягнуць мандат Спецдакладчыка па Беларусі, а ўлады краіны – прадаставіць Анаіс Марэн доступ у Беларусь, наладзіць з ёй супрацоўніцтва і выканаць яе рэкамендацыі для выхаду з крызісу ў вобласці правоў чалавека.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч у сваім выступе адзначыў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца: са жніўня 2020 года больш за 30000 чалавек былі затрыманыя за ўдзел у мірных сходах і за выказванне свайго меркавання, у турмах па крымінальных абвінавачваннях знаходзіцца больш за 500 палітычных зняволеных.

“Палітычна матываваныя судовыя працэсы праходзяць з адыёзнымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага судовага разбору.

Урад працягвае нападаць на НДА, праваабаронцаў і журналістаў. Цяпер у турме знаходзяцца шэсць маіх калегаў-праваабаронцаў, а таксама 25 журналістаў, у тым ліку 15 супрацоўнікаў TUT.BY – самага папулярнага інтэрнэт-партала ў краіне.

Мы працягваем рэгістраваць факты катаванняў і іншых відаў жорсткага абыходжання. Толькі Праваабарончы цэнтр "Вясна" апытаў больш за 2000 ахвяр катаванняў. Улады не расследавалі ні адзін з гэтых выпадкаў.

Мы асабліва занепакоеныя жорсткімі зменамі ў заканадаўстве, якія крыміналізуюць любую публічную крытыку рэжыму. Беларусь не выконвае свае міжнародныя абавязацельствы”, - заявіў праваабаронца.

Ён выказаў спадзяванне, што мандат Спецдакладчыка будзе працягнуты, што дасць магчымасць міжнароднай супольнасці сачыць за развіццём падзей у Беларусі, бо “трагедыя ў краіне перастала быць толькі яе ўнутранай справай”.

Пасля Анаіс Марэн адказала на пытанні некаторых з выступоўцаў. У прыватнасці, на пытанне пра тое, што можна зрабіць, каб дапамагчы Спецдакладчыку і грамадзянам Беларусі, яна сказала:

“Первічная адказнасць за выкананне правоў чалавека палягае на ўладах адпаведных краінаў. У абставінах, калі ўлады грэбуюць сваімі абавязкамі па міжнароднаму праву, я не бачу іншага спосаба, акрамя як аказваць ціск і далей, каб гэтыя ўлады пачалі выконваць правы чалавека. На жаль, у адносінах да сённяшняй Беларусі мы бачым сістэмны дэфіцыт у гэтым плане, уся дзяржаўная сістэма накіраваная не на абарону, а на зразанне і ўзмацненне жорсткасці ў падаўленні правоў чалавека. Таму міжнародная супольнасць павінна працаваць калектыўна, каб заставіць улады гэтай краіны паважаць правы чалавека.

Я прапаную, каб дзяржавы-ўдзельніцы прадстаўлялі і далей свае рэкамендацыі ў межах III цыкла Універсальнага перыядычнага агляду,  заклікалі прыняць план па выкананні правоў чалавека і тыя меры, якія прывядуць да заўважнага прагрэсу, у тым ліку в адносінах да канстытуцыйнай рэформы”.

Нагадаем, напярэдадні 47-ай сесіі Савета па правах чалавека ААН 35 міжнародных і беларускіх праваабрончых арганізацый накіравалі сумесны ліст прадстаўнікам дзяржаваў-удзельніц з заклікам падтрымаць падаўжэнне мандату Спецдакладчыка па Беларусі.

Мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў заснаваны Саветам па правах чалавека ў сувязі з хваляй масавых арыштаў і рэпрэсіўнымі дзеяннямі, распачатымі праваахоўнымі органамі ў адказ на падзеі, якія адбыліся ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Спецыяльны дакладчык прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 1 лістапада 2012 года.

У 2018 годзе на пасаду Спецдакладчыка была абраная Анаіс Марэн. Да гэтага на працягу трох двухгадовых тэрмінаў пасаду займаў Міклаш Харасці

Афіцыйны Мінск мандат Спецдакладчыка не прызнае і заклікае Савет па правах чалавека скасаваць яго, паказваючы на ​​яго "несправядлівы і палітызаваны характар". Аднак СПЧ ААН кожны год падаўжае мандат Спецдакладчыка па Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства