Савет па правах чалавека падоўжыў мандат Спецдакладчыка па Беларусі Дакумент
Савет па правах чалавека ААН сёння раніцай прыняў рэзалюцыю, згодна з якой мандат спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі працягнуты яшчэ на год.
Рэзалюцыя аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі была прынятая галасаваннем з вынікам 22 галасы “за", 5 – “супраць” і 20 – “устрыманых”.
Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады гарантаваць правядзенне свабодных, сумленных і празрыстых прэзідэнцкіх выбараў, а таксама зрабіць усе магчымыя захады для садзейнічання мірнаму працэсу ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.
Савет заклікаў урад Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць са Спецыяльным дакладчыкам: дазволіць ёй наведаць краіну і свабодна сустракацца з адпаведнымі зацікаўленымі бакамі, у тым ліку грамадзянскай супольнасцю, у сваёй афіцыйнай якасці, каб дапамагчы ўраду выканаць яго міжнародныя абавязацельствы па правах чалавека. Беларусь таксама мусіць выканаць рэкамендацыі Спецдакладчыка, а таксама пашырыць усебаковае супрацоўніцтва з тэматычнымі спецыяльнымі працэдурамі ААН.
10 ліпеня Анаіс Марэн, якая ў цяперашні час займае пасаду Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, заявіла, што міжнародная супольнасць павінна працягваць ажыццяўляць кантроль за сітуацыяй з правамі чалавека напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія маюць адбыцца 9 жніўня.
Заклік падтрымалі пяць вядучых міжнародных праваабарончых арганізацый: Amnesty International, Civil Rights Defenders, Фундацыя Дамоў Правоў Чалавека, Human Rights Watch і FIDH, якія заклікалі Савет па правах чалавека ААН працягнуць мандат Спецыяльнага дакладчыка.
“Апошнія рэпрэсіі супраць праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, якія адбыліся за некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў, з’яўляюцца моцным довадам на карысць падаўжэння мандата”, — гаворыцца ў сумесным лісце праваабаронцаў да Савета.
Мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў заснаваны Саветам па правах чалавека ў сувязі з хваляй масавых арыштаў і рэпрэсіўнымі дзеяннямі, распачатымі праваахоўнымі органамі ў адказ на падзеі, якія адбыліся ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Спецыяльны дакладчык прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 1 лістапада 2012 года.
У 2018 годзе на пасаду Спецдакладчыка была абраная Анаіс Марэн. Да гэтага на працягу трох двухгадовых тэрмінаў пасаду займаў Міклаш Харасці.
Афіцыйны Мінск мандат Спецдакладчыка не прызнае і заклікае Савет ААН па правах чалавека скасаваць яго, паказваючы на яго "несправядлівы і палітызаваны характар". Аднак СПЧ ААН кожны год падаўжае мандат Спецдакладчыка па Беларусі.