"Але цяпер наступіла вясна". Што вядома пра Марфу Рабкову з лістоў яе мужу?
Праваабаронца "Вясны" і палітзняволеная Марфа Рабкова ўжо сёмы месяц утрымліваецца ў СІЗА-1. Як да яе даходзяць лісты? Аб чым яна піша і як сябе адчувае? Пра гэта "Вясне" распавёў муж Марфы Вадзім Жаромскі.
Аб чым піша Марфе Вадзім?
Апошнім часам стаў апісваць ”усякую жыўнасць”, кажа Вадзім пра свае лісты Марфе:
"У мяне з'явіліся налепкі з кажанамі ад Аховы птушак бацькаўшчыны — я наклейваю налепку і пра кожную распавядаю ўсякія гісторыі. На адзін ліст пра кажаноў Марфа адказала — ёй вельмі спадабалася. На іншыя — можа быць не дайшлі. Да СІЗА дайшлі дакладна, а вось аддалі ці не — гэтага я не ведаю".
Зменлівасць перапіскі
Вадзім распавёў, што за ўсю яго гісторыю перапіскі з Марфай лісты ў абодва канца даходзілі па-рознаму:
"Спачатку ад яе даходзіла, а да яе — з цяжкасцю. Потым быў момант, калі перапіска цалкам спынілася. Але, напэўна, у апошні месяц усё стабілізавалася: да мяне амаль усе лісты даходзяць, а да яе ад мяне — з вялікімі перабоямі, бывае месяц ліст ідзе".
Стабілізацыю перапіскі Вадзім меркавана звязвае з тым, што Марфа паскардзілася адміністрацыі СІЗА. Аднак гэта палепшыла толькі яго асабістую перапіску з Марфай — іншым яе сваякам лісты па-ранейшаму даходзяць дрэнна:
"Бацькам ад Марфы лісты прыходзяць рэдка, ад бацькоў Марфе — таксама. Ад сястры ўжо некалькі месяцаў лістоў не аддавалі. На самай справе, я, напэўна, адзіны, каму ў апошні час рэгулярна прыходзяць лісты", — кажа Вадзім.
Ад іншых жа людзей Марфе аддаюць каля аднаго-двух лістоў у дзень. Хоць Марфа ўпэўненая, што пішуць ёй часцей. Усяго за час яе знаходжання ў СІЗА такіх лістоў назбіралася каля 500.
Аб чым піша Марфа?
Марфа чытае шмат кніг, пра што і распавядае Вадзіму:
"У суседкі ёсць раздрукаваны спіс кніг, якія ёсць у мясцовай бібліятэцы — амаль 700 найменняў, — напісала яна ў адным са сваіх апошніх лістоў. — Два дні яго сабе перапісвала, але гэта не поўны спіс наяўных кніг, думаю, мне хопіць на той прамежак часу, пакуль я тут буду знаходзіцца [ ... ] Працягваю чытаць Герберта Уэлса, дачытала "Война миров", пачала "Пищу богов".
Часам Марфе атрымоўваецца глядзець фільмы — але не заўсёды цалкам. Сярод іх —"Ешь, молись, люби" і "Неуязвимый".
А яшчэ Марфа даслала Вадзіму паштоўку — на ёй як быццам намаляваны іх кот Марфэй.
Якія ў Марфы ўмовы ўтрымання?
"Вядома, што яна памяняла шмат камер, напэўна штук восем, — распавёў Вадзім. — Толькі ў апошні час у яе нармальная камера — там ўнітаз з'явіўся. Да гэтага проста дзірка ў падлозе была. Па восем чалавек, здаецца, у камеры. Палова палітычных. Паміж сабой усе нармальна стасуюцца, канфліктаў няма".
Марфа скардзіцца, што ў камерах мала святла-з-за “раснічак” на вокнах (гэтую праблему не раз падымалі праваабаронцы).
Калі ж суд?
Са слоў Вадзіма, Марфа спадзяецца, што суд будзе да канца лета 2021 года.
"Абяцанні следчых наогул розныя былі: і канец 2020 года, і пачатак 2021 года, — успамінае Вадзім. — Але ўсё ў іх мяняецца пастаянна, таму цяжка прадбачыць. Гэта радасці, вядома, не надае — ні артыкулы, якія ёй прад'яўляюць, ні месца, у якім яна знаходзіцца.
Але цяпер наступіла вясна, і праз "раснічкі" трошкі сонейка прабіваецца — таму настрой у Марфы стаў лепшым".
Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня. Прычына — крымінальная справа па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці). Па гэтым артыкуле ёй і было прад'яўлена абвінавачванне. 19 верасня яе перавялі з ІЧУ ў СІЗА № 1 у г. Мінску. 11 лютага Марфе прад'явілі новыя абвінавачванні па ч.3 арт.130 (распальванне сацыяльнай варажнечы да ўлады групай невысветленых асобаў) і ч.2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі). Цяпер Марфе пагражае да 12 год пазбаўлення волі. Марфе Рабковай некалькі разоў падаўжалі тэрмін утрымання пад вартай. Паводле апошняй інфармацыі, у СІЗА-1 яна будзе знаходзіцца да 17 чэрвеня 2021 года. У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем яе неадкладнага вызвалення выказаліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (партнёрства Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў і FIDH). |
Падтрымайце Марыю Рабкову лістамі салідарнасці! Адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
"Калі вярнуцца, я б яе не адгаворваў ад "Вясны". Гутарка з мужам валанцёркі Марфы Рабковай
Голас Марфы ў падкасце "Вясна прыйдзе". Выпуск прысвечаны праваабаронцы "Вясны" і палітзняволенай Марыі Рабковай