viasna on patreon

Турэмныя "раснічкі" ўсё ж зрэжуць. Але калі? Меркаванні экспертаў

2020 2020-04-09T11:26:01+0300 2020-04-14T11:21:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mspring_office_8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы “Магілёўскай Вясны” працягваюць кампанію супраць “раснічак” на турэмных вокнах. Яны дамагаюцца выканання санітарных нормаў у пенітэнцыярных установах Беларусі. І, здаецца, у гэтым пытанні нават ёсць пэўныя зрухі. Пра гэта піша mspring.online.

Следчы ізалятар у Магілёве.
Тут можна ўбачыць "раснічкі", пра якія ідзе гаворка ў тэксце. Фота: spring96.org

Юры Караеў: Дэмантаж металічных жалюзі з аконных праёмаў камер ажыццяўляецца

Міністр унутраных спраў Юры Караеў асабіста адказаў праваабаронцам, што металічныя жалюзі ўжо дэмантуюцца.

«У рамках гуманізацыі і рэалізацыі мер, накіраваных на паляпшэнне санітарна-гігіенічных умоў утрымання спецкантынгента (так МУС называе асуджаных, – заўв.рэд.) у следчых ізалятарах і турмах, у тым ліку павелічэння доступу дзённага святла ў камеры Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС Беларусі планамерна ажыццяўляецца дэмантаж металічных жалюзі з аконных праёмаў камер», – піша міністр.

Праваабаронца: Але што будзе, калі міністр зменіцца?

burakou_mspring.jpg
Магілёўскі праваабаронца і журналіст Аляксандр Буракоў. Фота: spring96.org

Але самі магілёўскія праваабаронцы ставяцца даволі скептычна да гэтага адказу Караева. Адзін з ініцыятараў кампаніі супраць турэмных "раснічак" Аляксандр Буракоў адзначае, што пазіцыя міністра МУС усяляе надзею і дэманструе адэкватнасць кіраўніцтва гэтага ведамства, але агульным вынікам праваабаронцы не задаволеныя:

"Зразумела, што МУС працуе ў рамках прававых актаў, якія ў дадзеным выпадку змяніць не можа, бо зацвярджае Санітарныя нормы і правілы толькі Міністэрства аховы здароўя – гэта выразна прапісана ў Палажэнні аб Міністэрстве аховы здароўя.

Але Міністэрства аховы здароўя пасуе перад МУС. Мы прасілі ў выпадку адсутнасці прапісаных санітарных норм увесці іх, але Галоўны санітарны ўрач краіны Наталля Жукава бяздзейнічае. Яна, як капіравальны апарат, толькі перапісвае тэксты міліцыянтаў.

Цешыць, што Юры Караеў піша аб гуманізацыі пенітэнцыярнай сістэмы. Але што будзе, калі міністр зменіцца? Наша задача ўсё ж на заканадаўчым узроўні замацаваць нормы, якія абараняюць правы чалавека, які знаходзіцца ў зняволенні. Гэтага мы і будзем дамагацца".

Перапісцы праваабаронцаў з рознымі ўстановамі сістэмы ўжо год

Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» вядуць перапіску з кіраўніцтвам розных устаноў сістэмы наконт дэмантажу "раснічак" з траўня мінулага года. За гэты час яны звярталіся да Дэпартаменту выканання пакаранняў, Дэпартаменту фінансаў і тылу МУС, БелДІСС, занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, органаў пракуратуры розных узроўняў з нагоды невыканання ў следчых ізалятарах і турмах Рэспублікі Беларусь санітарна-гігіенічных нормаў пры ўтрыманні асоб, узятых пад варту, як мінімум па крытэры забеспячэння доступам да дзённага святла.

Акрамя таго, яны спрабавалі вырашаць гэтую праблему ў судовым парадку, аднак суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіўся разглядаць скаргу па сутнасці, спасылаючыся на «непадведамаснасць». Зварот у суд вышэйшай інстанцыі выніку таксама не даў вынікаў.

Мінгарсуд адмовіў праваабаронцам у вырашэнні праблемы турэмных "раснічак"

Мінскі гарадскі суд адмовіў у задавальненні прыватнай скаргі, якую падалі праваабаронцы «Магілёўскай вясны». Гэта азначае, што праблема турэмных "раснічак" застаецца нявырашанай.

Павел Сапелка: Ці будзе новая канструкцыя адказваць інтарэсам захавання здароўя зняволеных?

Юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка, каментуючы адказ міністра ўнутраных спраў, адзначыў, што Міністэрства такім чынам па-ранейшаму дэманструе неразуменне сутнасці зваротаў праваабаронцаў. Ідэя зваротаў, наогул, грунтавалася на праве вязьняў турмаў і СІЗА на дзённае святло, і ў прынцыпе няважна, як будзе дасягнута гэтая мэта. 

Павел Сапелка.

"За мінулыя месяцы МУС, суды і Міністэрства аховы здароўя мелі поспех у адфутбольванні і забалбатванні праблемы, што не справядліва. Безумоўна, патрэбен санітарны нарматыў, які ўлічыць той факт, што камера для зняволенага – гэта месца, дзе ён праводзіць практычна круглыя ​​суткі, і нормы асветленасці гэтага месцы павінны быць прыкладна тыя ж, што і ў жылых памяшканнях.

У камеры зняволены можа не толькі спаць і марыць пра волю, але і працаваць, чытаць, прымаць ежу, займацца спортам і г.д. Таму нормы і стандарты, якія абараняюць здароўе чалавека, павінны быць з той жа мэтай устаноўлены і прымяняцца для турмаў.

Прыбраць "раснічкі" – гэта добра, але ці будзе новая канструкцыя, якая заменіць жалюзі, адказваць інтарэсам захавання здароўя зняволеных?" – дадае Павел Сапелка.


Нагадаем, Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе на вокнах установаў пазбаўлення волі ў парушэнне міжнародных стандартаў працягваюць выкарыстоўваць, гэтак званыя “металічных жалюзі” ці “раснічкі”. З-за такіх “раснічак” у камеру не трапляе натуральнае святло. Паўзмрок, знаходжанне пры кругласутачным электрычным асвятленні на працягу многіх месяцаў прыводзіць да пагаршэння зроку арыштаваных.

Праваабаронцы адзначаюць, што выкарыстанне гэтых жалезных жалюзі на вокнах пенітэнцыярных установаў незаконна, бо прыводзіць да грубага парушэння санітарных норм і правілаў. 


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства