Праваабаронцу "Вясны" Марфу Рабкову перавялі на "Валадарку"
Каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову, якая знаходзіцца ў статусе падазраванай па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, перавялі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Пра гэта паведаміў яе муж Вадзім Жаромскі.
Нагадаем, увечары 17 верасня ў Мінску ў межах крымінальнай справы па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці) была затрымана каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗіК). Крымінальную справу вядзе Упраўленне следчага камітэту па Мінску. Днём 18 верасня стала вядома, што Марфа знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна.
На наступны дзень Рада Праваабарончага цэнтра "Вясна" выступіла з заявай, у якой патрабуюць ад уладаў Рэспублікі Беларусі неадкладна вызваліць з-пад варты праваабаронцу ПЦ “Вясна” Марфу Рабкову і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яе, а таксама спыніць усялякія спробы ціску і пераследу ў дачыненні да сябраў ПЦ “Вясна” ды іншых беларускіх праваабаронцаў.
"Пераслед Марфы Рабковай у сувязі з яе легітымнай праваабарончай дзейнасцю расцэньваецца намі як нічым не прыхаваная кампанія па запалохванню і ціску на ўсю арганізацыю ў цэлым.
Мы заяўляем, што нягледзячы на ўсе перашкоды і ціск, мы будзем працягваць сваю праваабрончую дзейнасць на карысць усяго беларускага грамадства", - гаворыцца ў заяве.
18 верасня міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Марфу Рабкову вязнем сумлення. Amnesty лічыць, што Марфа Рабкова стала ахвярай пераследу выключна за сваю працу па абароне правоў чалавека.
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрства Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) і FIDH, выступіла з тэрміновай заявай, у якой просіць ўмяшацца ў сітуацыю з крымінальным пераследам праваабаронцы Марфы Рабковай. Абсерваторыя заклікае беларускія ўлады пры любых абставінах гарантаваць фізічную і псіхалагічую недатыкальнасць Марфы Рабковай і неадкладна і безумоўна вызваліць яе.
Адрас для лістоў Марфе: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030 |
Затрымана каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова
Рукі прэч ад Марфы, рукі прэч ад "Вясны"!
Заява Рады ПЦ “Вясна” ў сувязі з затрыманнем Марфы Рабковай.
Абсерваторыя выказвае наздвычайную занепакоенасць крымінальным пераследам Марфы Рабковай