Рукі прэч ад Марфы, рукі прэч ад "Вясны"!
Заява Рады ПЦ “Вясна” ў сувязі з затрыманнем Марфы Рабковай.
Мінск, 18 верасня 2020 г.
17 верасня ў г. Мінску супрацоўнікамі ГУБАЗіК была затрыманая каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова. Разам з Марфай быў затрыманы таксама яе муж Вадзім Жаромскі, які пазней быў вызвалены.
У кватэры, дзе яны жывуць, быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы.
Пры затрыманні Рабковай паведамілі, што яна затрыманая ў межах крымінальнай справы па ч.3 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці).
Месцазнаходжанне Рабковай дагэтуль невядомае.
Марфа Рабкова з’яўляецца сяброўкай ПЦ “Вясна”, каардынатаркай Валанцёрскай службы арганізацыі. У межах сваёй праваабарончай дзейнасці Марфа, разам з валанцёрамі ПЦ "Вясна", ажыцяўляла назіранне за правядзеннем мірных сходаў, прымала актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назірання “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, удзельнічала ў дакументаванні сведчанняў катаванняў і іншых жорскіх відаў абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту.
Спробы абвінаваціць Марфу Рабкову ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў з’яўляюцца неабгрантаванымі, надуманымі і палітычна матыванымі.
Трэба адзначыць, што на працягу ўсёй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і пасля выбараў сябры рэгіянальных аддзяленняў ПЦ “Вясна” сутыкаліся з ціскам і пераследам з боку дзеючай улады: спробам крымінальнага пераследу, адміністрацыйным арыштам і затрыманням.
Пасля трагічных падзеяў 9 жніўня і небывалым узроўнем масавых рэпрэсій у краіне, мы неаднаразова чулі пагрозы ў адрас ПЦ “Вясна” ад прадстаўнікоў ГУБАЗіК, якія пагражалі нам хуткай расправай і пераследам.
Мы, сябры ПЦ “Вясна”, пратэстуем супраць непрыхаванага пераследу і ўціску сябраў нашай арганізацыі за ажыцяўленне імі легітымнай праваабарончай дзейнасці.
Нагадваем, што такая дзейнасць гарантаваная праваабаронцам Канстытуцый Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку Дэкларацыяй аб праваабаронцах, зацверджанай Генасамблеяй ААН 9 снежня 1998 г.
Пераслед Марфы Рабковай у сувязі з яе легітымнай праваабарончай дзейнасцю расцэньваецца намі як нічым не прыхаваная кампанія па запалохванню і ціску на ўсю арганізацыю ў цэлым.
Мы заяўляем, што нягледзячы на ўсе перашкоды і ціск, мы будзем працягваць сваю праваабрончую дзейнасць на карысць усяго беларускага грамадства.
Мы патрабуем ад уладаў Рэспублікі Беларусі:
- Неадкладна вызваліць з-пад варты праваабаронцу ПЦ “Вясна” Марфу Рабкову і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яе;
- Спыніць усялякія спробы ціску і пераследу ў дачыненні да сябраў ПЦ “Вясна” ды іншых беларускіх праваабаронцаў.