viasna on patreon

Марфа Рабкова з СІЗА: "Справу збіраюцца перадаваць у суд да Новага года"

2020 2020-11-20T15:24:54+0300 2020-11-20T15:27:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rabkova-marfa-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марфа Рабкова. Фота з сацыяльных сетак.

Марфа Рабкова. Фота з сацыяльных сетак.

Праваабаронцы, каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай працягнулі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай яшчэ на адзін месяц. Яна застаецца ў СІЗА-1 на Валадарскага.

У лісце да свайго мужа Вадзіма Жаромскага Марфа паведамляе, што яе справу збіраюцца перадаць у суд у бліжэйшы час, да Новага года. Таксама ў лісце яна піша, што супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія прыходзяць да яе ў камеру, кажуць аб змене меры стрымання ў выпадку, калі Марфа "зменіць свае паводзіны". Але гэтага яна рабіць не збіраецца.

list_davadzima_marfa.jpg
Урыўкі ліста Марфы Рабковай да мужа

Гэты ліст – першы, які атрымаў яе муж за два месяцы з моманту затрымання Марфы. У апошні час Марфа атрымлівае шмат лістоў і паштовак ад розных людзей, але інфармацыйная блакада карэспандэнцыі ад сваякоў працягваецца да гэтага часу. Так, бацькі праваабаронцы за гэты час не атрымалі ніводнага ліста ад дачкі, а яна не атрымала лістоў ад іх.

Вядома, што ўмовы ўтрымання Марфы пакідаюць жадаць лепшага. Яна сядзіць у невялікой камеры без рамонту, са столі сыплецца пабелка, а туалет – гэта проста дзірка ў падлозе. Аднак, як адзначае Марфа, усё можна вытрымаць.

У лісце, які атрымаў ад Марфы магілёўскі праваабаронца "Вясны" Аляксей Колчын, яна піша, што днямі яна чытае, адказвае на лісты і шмат разважае пра тое, што адбываецца ў краіне і ў свеце. Некалькі тыдняў таму яна прыхварэла, але хутка справілася з хваробай. І нягледзячы на інфармацыйную блакаду да яе ўсё ж дайшла вельмі добрая навіна з дому – у яе бацькі, які лечыцца ад анкалогіі, хвароба перастала развівацца. Таксама Марфа піша, што не губляе надзеі сустрэць Новы год у коле блізкіх людзей, і верыць, што справядлівасць абавязкова пераможа.

list_kolchiny_marfa.jpg
Урывак ліста Марфы Рабковай да праваабаронцы Аляксея Колчына

Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня ў Мінску. Ёй прад'яўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці. Цяпер Марфа знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 у Мінску. Санкцыя артыкула, які ёй інкрымінуецца, прадугледжвае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Марфа прызнаная палітычнай зняволенай і вязнем сумлення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства