63-гадовая жыхарка Брэста, якая правяла 18 сутак у ІЧУ, стала падазраванай па крымінальнай справе аб беспарадках

2020 2020-10-27T16:39:21+0300 2020-10-27T16:39:22+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/brest_sud_gnauk_2020_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У дачыненні да 63-гадовай пенсіянеркі Алены Гнаўк, якая на мінулым тыдні выйшла пасля 18 сутак у ізалятары часовага ўтрымання, распачалі крымінальную справу. Пра гэта паведаміла Tut.by яе дачка Аляксандра. Па словах сваякоў, пенсіянерка праходзіць падазраванай па артыкуле за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (342 Крымінальнага кодэкса).

brest_sud_gnauk_2020_1.jpg
Алена Гнаўк. Фота: tut.by

Што канкрэтна ставіцца ў віну Алене Пятроўне, невядома: яе адвакат з ім яшчэ не сустракаўся.

Дачка затрыманай Аляксандра лічыць, што падставай для крымінальнага пераследу маглі паслужыць падзеі 13 верасня. У нядзелю дэманстранты вадзілі карагоды на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Разганялі людзей вадамётам. Паводле звестак на канец верасня, па гэтым факце было заведзена 20 крымінальных спраў.

«Справа карагодаў» у Брэсце. Што вядома цяпер?

Пасля падзей 13 верасня ў Брэсце, калі супраць пратэстоўцаў, якія на Маршы герояў спявалі і танчылі ў карагодах, быў выкарыстаны вадамёт, была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. У Брэсце гэтая справа называецца "справа карагодаў". Дзясяткі фігурантаў гэтай крымінальнай справы, вялікая следчая група, палізняволеная Марына Глазава — "Вясна" распавядае, што вядома пра "справу карагодаў" цяпер, праз 1,5 месяцы пасля яе ўзбуджэння.

Па каментар Tut.by звярнуўся да афіцыйнага прадстаўніка СК па Брэсцкай вобласці Дзмітрыя Іванюка. На момант публікацыі адказу ад яго мы так і не атрымалі.

Зараз Алена Пятроўна зноў у ІЧУ. Яе затрымалі ў нядзелю, 25 кастрычніка, каля Цэнтральнага ўнівермага. У сераду яе чарговым разам будуць судзіць паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, паведаміла TUT.BY Аляксандра.

Алену Гнаўк судзілі ўжо пяць разоў. Спачатку яна адбыла 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — нядзельным маршы 4 кастрычніка. Тэрмін гэтага заключэння скончыўся 19 кастрычніка. Прычым пакуль Алена была ў ІЧУ, яе судзілі яшчэ два разы, але кожны раз справу адпраўлялі на дапрацоўку.

Пасля арышту на волю яна не выйшла: у той жа дзень Гнаўк судзілі чацвёрты раз — ужо за марш 30 жніўня. Справу зноў адправілі на дапрацоўку — і адразу пасля суда Гнаўк ўзялі пад варту яшчэ раз. 22 кастрычніка, на пятым судзе, Алену Пятроўну нарэшце аштрафавалі на 30 базавых (810 рублёў) і адпусцілі дадому.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства