viasna on patreon

Што такое прымусовая праца ў Беларусі?

2018 2018-02-22T15:59:00+0300 2018-09-06T11:44:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/praca-bulba.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кожны год праваабаронцам становяцца вядомыя новыя і новыя факты прымусовай працы ў Беларусі. Часта гэта звязана з сезонам прыборкі ўраджаю, ці нарыхтоўкай сена, або расчысткай лесапалосы. На сельгасработы вывозяць не толькі супрацоўнікаў розных прадпрыемстваў, але і супрацоўнікаў навучальных устаноў, а таксама студэнтаў і нават школьнікаў. Часам, такая «праца» прыводзіць да трагічных наступстваў.

Але гэта не спыняе чыноўнікаў зноў і зноў выдаваць пастановы і распараджэнне аб прыцягненні грамадзянаў да прымусовай працы.

Як вызначыць, што такое прымусовая праца, і як адстаяць сваё права не быць да яе «прыцягнутым», у прававым лікбезе ад праваабаронцаў "Вясны".

Што такое прымусовая праца?

Тэрмін «прымусовая ці абавязковая праца» азначае ўсякую працу або службу, якая патрабуецца ад якой-небудзь асобы пад пагрозай якога-небудзь пакарання, для выканання якой гэтая асоба не прапанавала сваіх паслуг добраахвотна (паводле Канвенцыі №29 Міжнароднай арганізацыі працы аб прымусовай працы).

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікаваны Беларуссю яшчэ ў 1973 годзе, вызначае, што «ніхто не павінен прымушацца да прымусовай або абавязковай працы», а Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах замацоўвае права кожнага чалавека «на атрыманне магчымасці зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна выбірае або на якую ён свабодна згаджаецца».

У нацыянальным заканадаўстве таксама ёсць абмежаванне на прыцягненне грамадзян да прымусовай працы. Так, у ч. 4 арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвяшчаецца, што «прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы». Аналагічная забарона ўтрымліваецца ў арт. 13 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Таксама там жа апісваецца, што прымусовай працай лічыцца праца, запатрабаваная ад работніка пад пагрозай прымянення якога-небудзь гвалтоўнага ўздзеяння, у тым ліку ў якасці:

  • сродку палітычнага ўздзеяння ці выхавання альбо ў якасці меры пакарання за наяўнасць або выказванне палітычных поглядаў ці ідэалагічных перакананняў, процілеглых усталяванай палітычнай, сацыяльнай ці эканамічнай сістэме;
  • метаду мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы для патрэбаў эканамічнага развіцця;
  • сродку для падтрымання працоўнай дысцыпліны;
  • сродку пакарання за ўдзел у забастоўках.

Як распазнаць, калі мяне прыцягваюць да прымусовай працы?

Згодна з арт. 20 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, наймальнік не мае права патрабаваць ад работніка выканання працы, не абумоўленай працоўнай дамовай.

Адзіным выключэннем з гэтага правіла, калі ад работніка не патрабуецца згода, з'яўляецца часовы перавод работнікаў у сувязі з вытворчай неабходнасцю.

Такой вытворчай неабходнасцю прызнаецца неабходнасць для дадзенага наймальніка прадухілення катастрофы, вытворчай аварыі ці неадкладнай ліквідацыі іх наступстваў ці наступстваў стыхійнага бедства, прадухіленне няшчасных выпадкаў, прастояў або псавання маёмасці і ў іншых выключных выпадках, а таксама для замяшчэння работніка, які адсутнічае. Пры гэтым супрацоўнік не можа быць пераведзены на працу, якая проціпаказаная яму па стане здароўя (ч.2 арт. 33 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь)

Часовы перавод у сувязі з вытворчай неабходнасцю робіцца без згоды работніка на тэрмін да аднаго месяца, а для замяшчэння работніка, які адсутнічае, такi перавод не можа перавышаць аднаго месяца на працягу каляндарнага года.

Аднак, часовы перавод у сувязі з вытворчай неабходнасцю ў iншую мясцовасць дапускаецца толькі са згоды работніка. Пад пераводам ў іншую мясцовасць у дадзеным выпадку разумеецца перавод за адміністрацыйна-тэрытарыяльныя межы населенага пункта, у якім размешчана прадпрыемства наймальніка.

Любая іншая праца, якая не ўваходзіць у прапісаныя абавязкі ў дамове паміж наймальнікам і работнікам, але выкананне якой наймальнік патрабуе ад работніка пад пагрозай наступлення якіх-небудзь негатыўных для работніка наступстваў (напрыклад, пагроза не падаўжэння працоўнага кантракту па заканчэнні тэрміну яго дзеяння,), можна лічыцца прымусовай.

Якія формы прымусовай працы найбольш распаўсюджаныя?

Самымі распаўсюджанымі формамі прымусовай працы з'яўляюцца розныя суботнікі, працы ў полі і на будоўлях, добраўпарадкаванне тэрыторый.

Як правіла, для прыцягнення да такой працы начальнікі мясцовых органаў улады (аблвыканкамы, райвыканкамы, гарвыканкамы) выдаюць незаконныя распараджэнні, у якіх загадваюць розным падраздзяленням, такім як ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму, а таксама начальнікам асобных дзяржаўных прадпрыемстваў (а часам і прыватнай формы уласнасці) пад асабістую адказнасць арганізаваць людзей для дапамогі. У сваю чаргу начальнікі і кіраўнікі выдаюць загады аб накіраванні ў працоўны час сваіх работнікаў на такія мерапрыемствы, як прыборка лёну, кукурузы, бульбы, нарыхтоўка сена, уборка лесапалосы і інш. А затым аўтобусы калонамі дастаўляюць тысячамі работнікаў на месцы прымусовай працы.

Пры гэтым, як правіла, дадзеныя мерапрыемствы адбываюцца без уліку згоды работнікаў, у прымусовым парадку і без належнага юрыдычнага афармлення такой працы. Варта адзначыць, што прыборка ўраджаю ніякім чынам не ўтварае вытворчай неабходнасці для наймальнікаў, якія накіроўваюць сваіх працаўнікоў.

Таксама да прымусовай працы можна аднесці:

  • абавязковае размеркаванне студэнтаў-бюджэтнікаў розных ступеняў адукацыi;
  • неаплочваемую працу ваеннаслужачых, не звязаная з выкананнем воінскага абавязку;
  • працу «абавязаных» асоб (згодна з Дэкрэтам прэзідэнта №18 абавязак пакрыцця выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, ускладаецца на іх бацькоў, а ў выпадку нявыплаты гэтых выдаткаў бацькі ў судовым парадку падлягаюць прымусовай працы, за ўхіленне ад якога прадугледжаны як адміністрацыйны арышт, так і пазбаўленне волі);
  • працу асоб, якія накіроўваюцца судом у лячэбна-працоўны прафілакторый.

Ці могуць мяне прымусіць выходзіць на суботнік ці ўборку ўраджаю, калі я не хачу?

На нацыянальным, а таксама рэгіянальным і мясцовым узроўнях ўсяму працуючаму насельніцтву рэгулярна навязваецца «добраахвотная» неаплатная праца.

Асноўнай прыкметай тут з'яўляецца факт добраахвотнасці і згоды выконваць працу, якая не рэгламентавана працоўнай дамовай.

Таму, калі такая згода работніка адсутнічае, то яго нельга прымусіць да «добраахвотнай» працы. Таксама адмова работніка ад такой працы не можа з'яўляцца падставай для спынення працоўных адносін.

Аднак, нягледзячы на ​​тэарэтычна добраахвотны характар ​​падобных работ, на практыцы рабочым і служачым цяжка ўхіліцца ад удзелу ў іх, пад пагрозай розных негатыўных наступстваў: ад пагаршэння стасункаў з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі, да адмены дадатковых выплатаў і непрадаўжэння кароткатэрміновых кантрактаў, і г.д.

Як я магу абараніць сябе ад прымусовай працы?

Першае, што неабходна зрабіць - азнаёміцца ​​з загадам або іншым афіцыйным дакументам, дзе было б пазначана, як менавіта афармляецца прыцягненьне да працы (перавод, часовы перавод і г.д.). Калі ёсць магчымасць адмовіцца - то адмаўляцца, але пры гэтым улічваць наступствы ад такой адмовы. Памятаеце, што ў выпадку няшчаснага выпадку падчас "добраахвотнага" працы, адсутнасць афіцыйна аформленага наймальнікам пераводу вас на выкананне дадзенай працы альбо заключанай працоўнай дамовы, будзе з'яўляцца падставай да адмовы ў страхавых выплатах у сувязі з няшчасным выпадкам.

Таксама можна накіраваць зварот у пракуратуру з просьбай правесці праверку законнасці распараджэння органа, які яго выдаў. Такі зварот можа быць не толькі індывідуальным, але і калектыўным, што можа спрыяць аказанні ціску на наймальніка ў тым ліку. Аб парушэнні працоўнага заканадаўства з боку вашага наймальніка вы маеце права звярнуцца ў дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя ажыццяўляць нагляд за яго выкананнем (органы пракуратуры, напрыклад).

Калі вам прапануюць падпісаць загад аб тым, што вы добраахвотна едзеце на ўборку ўраджаю або згодны на перавод, вы можаце ў дакуменце напісаць «азнаёмлены, але з сутнасцю не». Магчыма, гэтая папера вам у будучыні спатрэбіцца.

Таксама па юрыдычную кансультацыю і дапамогу можна звярнуцца ў незалежныя прафсаюзы (напрыклад, РЭП), а таксама да праваабаронцаў.

Можна накіраваць ліст у СМІ, пажадана з дадаткам фота і/ці відэа-матэрыялаў, якія пацвярджаюць факты прымусовай працы, у тым ліку ананімна, бо дадзеная тэма зараз актуальная і шырока абмяркоўваецца грамадскасцю.

Што пачытаць па тэме дадаткова?

Падрабязней пра прымусовую працу ў Беларусі можна прачытаць у сумесным дакладзе ПЦ “Вясна” і FIDH “Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі”.

Калі ў вас узніклі дадатковыя пытанні, пішыце нам на скрыню - viasna@spring96.org 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства