Гомель: улады вобласці адмовілася ад выкарыстання дзіцячай працы Дакумент
У распараджэнні рэдакцыі «Гомельскай Вясны» апынуліся дакументы старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка і старшыні гарвыканкаму Пятра Кірычэнкі аб аказанні сельгаспрадпрыемствам дапамогі ва ўборцы лёну. Ініцыятыву мясцовых чыноўнікаў аб прыцягненні людзей да неўласцівай ім працы пагадзіўся пракаментаваць прававы інспектар працы незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка.
«Шэфская дапамога» і «працоўныя рэсурсы»
31 кастрычніка гэтага года старшыня Гомельскага аблвыканкама выдаў распараджэнне №350-р «Аб аказанні ўсебаковага садзейнічання ААТ «Гомельлён», дзе гарвыканкаму і чатыром раённым адміністрацыям даручана аказаць практычную дапамогу ва ўборцы лёну «працоўнымі рэсурсамі». Упраўленню адукацыі асобна прадпісвалася арганізаваць вытворчае навучанне навучэнцаў ПТВ і каледжаў ў ААТ «Гомельлён».
У выкананне дадзенага распараджэння старшыня гарвыканкама ў гэты ж дзень выдаў распараджэнне №276-р «Аб аказанні шэфскай дапамогі ААТ «Гомельлён» з просьбай да кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі (вышэйшай і сярэдняй) арганізаваць удзел працоўных рэсурсаў у аказанні шэфскай дапамогі на тэрыторыі Буда-Кашалёўскага, Кармянскага і Чачэрскага раёнаў па ўборцы лёну.
Ці варта казаць, што праз суткі ў Кармянскі, Буда-Кашалёўскі і Чачэрскі раёны з усёй вобласці былі накіраваны калоны аўтобусаў з тысячамі памочнікаў.
Каментар спецыяліста
Аналізуючы дакументы прававога характару, прафсаюзны юрыст зазначыў, што дзеючы працоўны кодэкс утрымлівае такія паняцці, як «наймальнік» і «работнік», таму любую працу варта разглядаць толькі скрозь прызму працоўных адносін.
"У вочы кідаюцца тэрміны, якімі апелююць чыноўнікі, - смяецца Л. Судаленка. - «Шэфская дапамога» і «працоўныя рэсурсы» як вядома, сышлі ў нябыт разам з СССР. Прадпрыемства ААТ «Гомельлён» з'яўляецца камерцыйным таварыствам, дзейнасць якога па законе накіравана на атрыманне прыбытку. Мне не зразумела, чаму мясцовая ўлада дапамагае менавіта гэтаму таварыству, а не скажам акцыянернаму таварыству інвалідаў па зроку ці слыху. Калі лён трэба прыбраць імем рэвалюцыі, тады ў працоўнае заканадаўства трэба ўнесці спецыяльныя папраўкі.
У дакументах не сказана ні слова аб атрыманні згоды работнікаў або студэнтаў аказваць дапамогу ва ўборцы лёну або студэнтаў праходзіць тут вытворчую практыку, а без згоды гэта ні што іншае, як забароненая прымусовая праца. Узнікаюць пытанні і аб аплаце працы, бо па законе гэта фактычнае даручэнне наймальнікам работніку выканання работы ў іншага наймальніка, што павінна афармляцца як перавод".
Асцярожны аптымізм
Праваабаронца адзначыў і станоўчую тэндэнцыю, якая змяшчаецца ў распараджэнні гарвыканкама - навучэнцаў і студэнтаў прыцягваць толькі пры дасягненні імі 18 гадоў.
"Яшчэ ня сціхла гора мінулагодняй трагедыяй сям'і Папчэня з Маладзечна, дзе пад коламі грузавіка на калгасным полі загінула 13-гадовая вучаніца школы. Мы, праваабаронца тады заявілі, што гэтая трагедыя павінна стаць апошняй, калі праз выкарыстанне дзіцячай працы ўлада фактычна пазбавіла дзіцяці права на жыццё. Падобна на тое, у гэтым годзе чыноўнікі да нас прыслухалася, мы не зафіксавалі ніводнага выпадку забароненай дзіцячай працы ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах краіны", - падвёў рысу Л. Судаленка.