Судзяць настаўніц, а на віну чыноўнікаў заплюшчваюць вочы
Працягваецца разгляд у судзе справы супраць настаўніц маладзечанскай школы №11 Вольгі Завадскай і Ірыны Апанасевіч, якіх абвінавачваюць ў неналежным выкананні абавязальніцтваў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя вучаніцы 8“А” класа Вікторыі Папчэня на прыборцы бульбы ў верасні 2016 года.
Сярод іншых у судзе была дапытаная і начальніца аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Іна Драпеза, піша tut.by. Яна сказала суду:
“Разумееце, сёння ніякай інструкцыяй не прапішаш усе няшчасныя выпадкі (...). Нідзе не прапісана, што [у такіх сітуацыях] павінен настаўнік трымаць за руку дзіцяці або абвязаць сігнальнай стужкай. (...) Настаўнік проста заўсёды адказвае за жыццё вучняў”.
Іна Драпеза ўзгадала, што ў 2016 годзе прыборачная зацягнулася, выканкам прасіў дапамогі. І аддзел адукацыі разаслаў разнарадку на адрас прыкладна дзесяці школ - прасілі нібыта ў першую чаргу дарослых, ну ці 10-я класы. Рабілася ўсё ў спешцы: у панядзелак прасіў выканкам, у аўторак аддзел падрыхтаваў ліст, у сераду - разаслаў, а ў чацвер - чакалі на полі. Чыноўніца атрымала вымову за свае дзеянні і працягвае працаваць.
Але яшчэ вясной 2016 г., за некалькі месяцаў да выпадку ў Маладзечна, выканкам рассылаў напамін ад Міністэрства адукацыі:
“Навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі <...> да выканання сельскагаспадарчых работ не прыцягваюцца”.
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч не аднойчы звяртаўся ў Пракуратуру і Следчы камітэт па Мінскай вобласці з патрабаваннем правядзення праверкі і прыцягнення да адказнасці ў смерці вучаніцы чыноўнікаў Маладзечанскага райвыканкама - старшыні А.Д. Яхнаўца і начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму І.Ф. Драпеза, якія выдалі незаконныя распараджэнні аб прыцягненні вучняў школы да прыборкі ўраджаю бульбы.
У апошнім са сваіх адказаў да праваабаронцы Следчы камітэт па Мінскай вобласці ў чарговы раз адмахнуўся ад довадаў Валянціна Стэфановіча, пазначыўшы, што “у час раследвання справы праводзіліся следчыя і працэсуальныя дзеянні, накіраваныя на ўсталяванне ўсіх абставін смерці Папчэня В.А., у тым ліку законнасць напрамку, прыцягнення навучэнцаў школ да ўборкі бульбы”. Аднак, ні воднага слова пра тое, якім менавіта чынам былі ўлічыныя заўвагі праваабаронцы і да якіх высноваў прыйшлі правяраючыя са Следчага камітэта, не было напісана.
Пракуратура Мінскай вобласці, куды Валянцін Стэфановіч накіраваў скаргу на дзеянні следчага па асабліва важных справах А.В. Валасян і прасіў абавязаць яго даць адказ па сутнасці разгляду звароту, праінфармавала праваабаронцу пра тое, што яго зварот у чарговы раз быў перанакіраваны начальніку УСК па Мінскай вобласці.
Праваабаронца адзначае:
“Мы патрабуем правесці поўную і ўсебаковую праверку на прадмет наяўнасці складу службовага злачынства ў дзеяннях чыноўнікаў Маладзечанскага райвыканкама і прыцягнуць іх да адпаведнай адказнасці. А таксама спыніць практыку прыцягнення да сельскагаспадарчых работ не толькі вучняў, студэнтаў, але і працаўнікоў розных прадпрыемстваў, калі гэта не прадугледжана іх працоўнымі дамовамі. У адваротным выпадку, усе загады і распараджэнні выканкамаў носяць незаконны характар, парушаюць не толькі нацыянальнае заканадаўства, але і міжнародныя дамовы, а мы вымушаныя казаць пра існаванне прымусовай працы ў краіне”.
Нагадаем, трагедыя адбылася 29 верасня 2016 года падчас выканання школьнікамі з Маладзечна сельгаспрац па ўборцы бульбы і выклікала шырокі грамадскі рэзананс. 13-гадовая Вікторыя Папчэня трапіла пад колы грузавіка, які рухаўся заднім ходам. Суд Маладзечанскага раёна 23 снежня прызнаў вінаватым у смерці школьніцы 22-гадовага кіроўцу Паўла Цыбіна і прысудзіў яго да трох гадоў абмежавання волі.