“Пры сабе мець сякеры”. Што адкажа Лагойская пракуратура наконт прымусовай працы ў раёне?
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч накіраваў у пракуратуру Лагойскага раёна скаргу з нагоды арганізацыі выканкамам “суботніка” па ачыстцы лесапалосаў для супрацоўнікаў 21 прадпрыемства. Выкарыстанне “грамадскіх працаў”, як высветлілася, з’яўляецца звычайнай практыкай мясцовых уладаў.
Пра незаконнае распараджэнне Лагойскага райвыканкама праваабаронца даведаўся з публікацыі інтэрнэт-партала TUT.BY, у рэдакцыю якога чытач і даслаў фота дакумента.
Як вынікае з распараджэння, 1 снежня працаўнікі 21-й дзяржустановы мусілі прыняць удзел у санітарнай ачыстцы лесапаласы. Як засведчыў відавочнік, выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Павел Саўко асабіста правяраў наяўнасць людзей пасля абеду, каб тыя не разбегліся.
Другі чытач TUT.BY распавёў, што добраахвотна-прымусовыя працы ў Лагойскім раёне не рэдкасць:
“Сёлета ўсё пачалося з традыцыйных вясновых суботнікаў. Аднак кіраўніцтва раёна пайшло далей. Усё лета і частку восені супрацоўнікі дзяржустаноў працавалі на ўзвядзенні статуі Маці Божай у райцэнтры - штодня прыбіралі прылеглую тэрыторыю. Потым пачалася падрыхтоўка да "Дажынак". Кожны дзень людзі насілі і разраўноўвалі зямлю. Потым выпаў снег, і за два дні да "Дажынак" людзей прымусілі яго прыбіраць, прычым не з тратуараў, а з усёй тэрыторыі, каля якой будзе праводзіцца свята. Уначы снег выпаў зноў, пасля чаго было прынята рашэнне проста разроўніваць зямлю, што людзі добрасумленна і зрабілі”.
Новы загад па ўборцы лесапалосаў мужчына пракаментаваў з абурэннем:
“Чаму людзі зімой вымушаныя працаваць (за яўку асабістую адказнасць нясе кіраўнік арганізацыі), чым займаюцца спецыяльныя службы, якія павінны выконваць гэтыя працы і самае галоўнае, хто атрымлівае за гэта грошы?”
Толькі таму, што “дарожнікі самі не справяцца”, як вынікае з адказу Паўла Саўко, які прыкрыўся загадам “зверху”:
“1 снежня людзі адпрацоўвалі за суботу - гэта як суботнік у нас па рашэнні Мінскага аблвыканкама. Было даручэнне правяраць яўку пад асабістую адказнасць начальнікаў арганізацый, - распавёў ён. І дадаў: “Зімой свежае паветра, толькі за радасць пагутарыць і папрацаваць! А скардзяцца толькі тыя, хто нічога не робіць па працы і нічым не дапамагае ў грамадскай дзейнасці. Гэта ж прыгажосць нашага раёна, Лагойск - гонар краіны, разыначка, сюды замежнікі прыязджаюць - усё павінна быць прыбрана”.
У звароце ў Лагойскую раённую пракуратуру Валянцін Стэфановіч нагадвае, што прыцягненне да працы супрацоўнікаў прадпрыемстваў раёна насуперак іх волі і з прычыны таго, што “Лагойск – гонар краіны, куды прыязджаюць іншаземцы”, сведчыць “пра мабілізацыйны характар такой працы ў мэтах эканамічага развіцця раёна” і з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Бо паводле артыкула 13 Працоўнага кодэкса, прымусовая праца, у тым ліку, як метад мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы для патрэбаў эканамічнага развіцця, забараняецца. Артыкул 20 Працоўнага кодэкса кажа, што наймальнік не мае права патрабаваць ад працаўніка выканання працы, неабумоўленай працоўнай дамовай, а выключэннямі могуць быць выпадкі, пералічаныя ў артыкуле 33 кодэксу. Ні санітарная ачыстка лесапаласы, ні правядзенне “Дажынак”, відавочна, не ўваходзяць у гэты пералік і не з’яўляюцца працоўнай неабходнасцю, канстатуе праваабаронца.
Разам з тым ён указвае і шэраг ратыфікаваных Беларуссю міжнародных дамоваў, якія забараняюць выкарыстанне прымусовай працы - Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, а таксама Канвенцыю Міжнароднай арганізацыі працы аб ліквідацыі прымусовай працы.
У сувязі з гэтым, Валянцін Стэфановіч просіць правесці пракурорскую праверку па ўказаным у СМІ паведамленні і, пры ўстанаўленні фактаў парушэння законнасці і правоў грамадзянаў у Лагойскім раёне, прыняць меры па адмене незаконных распараджэнняў выканаўчых органаў улады, прыцягнуць вінаватых да адказнасці ды прадухіліць падобныя парушэнні ў будучым.
Зыходзячы з шэрагу паведамленняў СМІ пра прыцягненне да прымусовай працы жыхароў Маладзечанскага, Вілейскага, Лагойскага раёнаў, праваабаронца робіць выснову наконт сістэмнага характару гэтай з’явы, пра што паведамляе ў аналагічным звароце ў Мінаблвыканкам.
“Такога кшталту дзеяннямі некаторыя кіраўнікі мясцовых выканаўчых органаў улады наносяць значную шкоду міжнароднаму іміджу Рэспублікі Беларусь, падрываюць і так невысокі давер грамадзянаў да дзеючай улады ў цэлым”, – падкрэслівае ён, звяртаючыся да кіраўніцтва вобласці.
Нагадаем, што патрабаванне да ўладаў Беларусі аб адмене прымусовай працы і забяспечэнні належнай абароны правоў працоўных з’яўляецца адным з асноўных з боку Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН і Камітэта па нормах і стандартах МАП, куды праваабаронцы “Вясны” і FIDH накіроўвалі сумесны тэматычны даклад “Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі”. Аднак беларуская дзяржава ігнаруе пастаянныя заклікі экспертаў сістэмы ААН.