Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2016
Высновы:
- на працягу верасня не адбывалася якіх-небудзь істотных зменаў, якія б насілі сістэмны характар і былі накіраваныя на якасныя змены сітуацыі з правамі чалавека;
- выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 6-га склікання прайшлі на адносна спакойным ўнутрыпалітычным фоне і не прывялі да значнага росту рэпрэсій у краіне, аднак самі выбары не адпавядалі крытэрам правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў;
- негатыўнай тэндэнцыяй, зафіксаванай у верасні, сталі выпадкі прымянення адвольных затрыманняў палітычных актывістаў. Варта адзначыць, што гэты від затрыманняў доўгі час не прымяняўся ўладамі Беларусі, як мінімум са жніўня 2015 году;
- улады працягвалі практыку прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў удзельнікаў мірных сходаў, пры гэтым самі сходы, як правіла, гвалтоўна не спыняліся, а іх ўдзельнікі не затрымліваліся і не падвяргаліся ў наступным адміністрацыйным арыштам. У шэрагу выпадкаў запазычанасць па штрафах прыводзіла да вопісу і канфіскацыі асабістай маёмасці актывістаў;
- стала вядома дата пачатку разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да заснавальніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса па абвінавачванні ў публікацыі матэрыялаў, якія распальваюць нацыянальную варожасць і ўтрымліваюць парнаграфію (ч. 1 арт. 130 і ч. 2 арт. 343 КК) — пачатак слуханняў 14 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага р-на г. Менска;
- разгляд судом крымінальнай справы ў дачыненні да актывіста Дзмітрыя Паліенкі пачнецца 11 кастрычніка ў 10.00 у судзе Цэнтральнага р-на г. Менска. Як стала вядома праваабаронцам, Дзмітрыю Паліенку было прад'яўлена дадатковае абвінавачанне па ч. 2 арт. 343 КК Рэспублікі Беларусь (“выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару”);
- крымінальная справа ў дачыненні да ўзятага пад варту па ч. 2 арт. 293 КК (“масавыя беспарадкі”) па падзеях 19 снежня 2010 г. Уладзімір Кондруся пракуратурай горада Менска была накіраваная для дадатковага папярэдняга расследавання;
- у месцах пазбаўлення волі працягвае адбываць пакаранне М. Жамчужны, крымінальны пераслед якога быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду крымінальнай справы М. Жамчужнага ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда, што таксама не выключае прымянення шырокага спектру такіх прававых мер, як памілаванне, амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленне.
Палітычна матываваны крымінальны пераслед
Паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтра «Вясна», у канцы жніўня пракуратура горада Менска вярнула справу Уладзіміра Кондруся следчаму для дадаткова папярэдняга расследавання.
Наколькі вядома праваабаронцам, Упраўленню Следчага камітэта па Менску на гэта адведзены тэрмін у адзін месяц. Такім чынам, чаканая перадача справы ў суд адклалася.
Нагадаем, Уладзімір Кондрусь быў узяты пад варту 14 чэрвеня 2016 года ў межах папярэдняга расследавання за меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Абвінавачваецца па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“масавыя беспарадкі”). Утрымліваецца ў СІЗА № 1 г. Менска.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным і патрабуе ад уладаў спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні і неадкладнага вызвалення яго з-пад варты.
Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 14 у Навасадах, атрымаў адказ на наглядную скаргу, якую ў пачатку жніўня накіраваў у Вярхоўны суд.
У сваёй скарзе Міхаіл Жамчужны паказаў, што ў дачыненні да яго меў месца не “працяглы” аператыўны эксперымент, а паўторны, а крымінальная справа супраць яго была ўзбуджанаяя больш чым праз год пасля здзяйснення ім супрацьпраўных дзеянняў. Такім чынам, праваахоўныя органы штучна стваралі ўмовы, якія правакавалі яго на паўторнае ўчыненне аналагічных дзеянняў, каб атрымаць доказы здзяйснення ім больш цяжкіх злачынстваў.
У адказе на скаргу палітвязня намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч адзначыў, што прысуд Міхаілу Жамчужнаму вынесены ў адпаведнасці з заканадаўствам. Суд касацыйнай інстанцыі старанна праверыў довады скаргі асуджанага і дапаўненні да яе і ў выніку пагадзіўся з вынесеным прысудам.
Таксама стала вядома, што заснавальнік праваабарончай установы «Платформа Інавейшн» пераведзены ў іншы атрад папраўчай калоніі. І ўжо на новым месцы Жамчужны атрымаў першае папярэджанне — за тое, што ў яго нібыта была брудная тумбачка. Калі ён здзейсніць яшчэ адно парушэнне, то будзе лічыцца злосным парушальнікам. З гэтай нагоды Міхаіл Жамчужны накіраваў скаргу на дзеянні адміністрацыі калоніі.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.
20 верасня быў ухвалены даклад Савета Еўрасаюза аб сітуацыі з правамі чалавека ў свеце. У раздзеле, датычным Беларусі, гаворыцца пра тое, што на працягу 2015 года ў краіне не адбылося ніякіх заканадаўчых змяненняў для паслаблення абмежаванняў свабоды сходаў, асацыяцый і сродкаў масавай інфармацыі.
У дакуменце згадваецца факт вызвалення 22 жніўня 2015 года ўсіх палітвязняў у Беларусі. “ЕС працягвае заклікаць да аднаўлення былых палітвязняў у грамадзянскіх і палітычных правах”, — гаворыцца ў дакладзе.
26 верасня Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што суд над Дзмітрыем Паліенкам пачнецца 11 кастрычніка ў 10.00 у судзе Цэнтральнага раёна г. Менска. Справу будзе разглядаць суддзя Валерый Есьман.
Судзіць актывіста будуць па арт. 364 Крымінальнага кодэкса (“гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў”). Акрамя гэтага, праваабаронцам з ліста ад Дзмітрыя Паліенкі стала вядома, што дадаткова яго абвінавачваюць па ч. 2 арт. 343 КК Рэспублікі Беларусь (“выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару”).
Адносна затрымання Дзмітрыя Паліенкі і непрапарцыйнага прымянення сілы ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыі веласіпедыстаў «Крытычная маса» праваабаронцамі была прынятая адпаведная заява.
Між тым, крымінальны пераслед у дачыненні да яшчэ аднаго фігуранта гэтай справы Станіслава Канавалава быў спынены 24 жніўня; верагодна, ён будзе выступаць у судзе ў якасці сведкі.
Нагадаем, жорсткае затрыманне веласіпедыстаў-удзельнікаў «Крытычнай масы» адбылося ўвечары 29 красавіка. У выніку грубых дзеянняў АМАПа былі затрыманыя шэсць чалавек, якіх моцна збілі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Пазней чацвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху і аказанні супраціўлення супрацоўнікам органаў унутраных справаў і ДАІ, а супраць дваіх былі распачатыя крымінальныя справы па арт. 364 Крымінальнага кодэкса.
Затрыманаму Дзмітрыю Паліенку ўвечары 6 траўня прад'явілі абвінавачванні.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» праінфармаваў Працоўную групу па адвольных затрыманнях ААН аб справе Дз. Паліенкі.
Смяротнае пакаранне
28 верасня каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда прыняў удзел у працоўнай сесіі «Талерантнасць і недыскрымінацыя, у тым ліку рома і сінці, уключаючы рэалізацыю Плана дзеянняў АБСЕ па паляпшэнні становішча рома і сінці» на Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні.
Падчас выступу праваабаронца падкрэсліў, што Беларусь па-ранейшаму застаецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захаваўся такі від пакарання як смяротная кара, якая прымяняецца на практыцы.
Андрэй Палуда распавёў, што за час дзейнасці кампаніі (з 2009 года) да смяротнага пакарання прыгавораныя 16 чалавек, двое з якіх належалі да нацыянальнасці рома.
У сваім выступе ён надаў асаблівую ўвагу асвятленню ў шэрагу дзяржаўных СМІ дадзеных падзей. Па словах А. Палуды, вельмі часта гэта адбываецца з выкарыстаннем мовы варожасці, што вядзе да стыгматызацыі і ксенафобіі, а таксама дыскрымінацыйных паводзінаў у грамадстве і фармавання выключна негатыўных ацэнак у дачыненні да прадстаўнікоў усёй цыганскай нацыянальнай меншасці ў краіне.
Парушэнні права на мірны сход, свабоды выказвання меркаванняў
У верасні 2016 г. не спыняліся выпадкі парушэння права грамадзянаў на мірныя сходы і свабоды выказвання меркаванняў.
У Віцебску на Таццяну Севярынец, Георгія Станкевіча і Алену Шабуню, якія праводзілі перадвыбарчы пікет, супрацоўнікі міліцыі склалі пратаколы аб парушэнні імі парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Прадстаўнік Кастрычніцкага РАУС г. Віцебска Сяргей Веракса заявіў, што ў пікетоўцаў былі не “перадвыбарчыя” мэты — што праз спеў гімна «Магутны Божа» і песні «Сцяг» яны “выказвалі свае палітычныя меркаванні”.
На падставе відэазапісу, зробленага міліцэйскім відэааператарам, суддзя зрабіў выснову, што падчас спеваў актывісты не збіралі подпісы за сваё вылучэнне ў кандыдаты. Адпаведна, на думку суддзі, яны парушылі адміністрацыйнае заканадаўства. Усім тром удзельнікам пікету па зборы подпісаў 26 верасня быў прызначаны штрафы па 5 базавых велічынь па арт. 23.34 КаАП.
Увечары 3 верасня актывісты Леанід Кулакоў і Максім Вінярскі вырашылі правесці акцыю, каб нагадаць грамадзянам пра тое, што выбары павінны быць сумленнымі. Яны збіраліся павесіць расцяжку з надпісам «За сумленныя і свабодныя выбары!» на мосце на кальцавой дарозе каля вуліцы Байкальскай у Менску. Як толькі Кулакоў і Вінярскі дасталі расцяжку, адразу ж з'явілася машына ДАІ. Каля 40 хвілінаў актывістаў пратрымалі ў машыне, пакуль не прыехалі супрацоўнікі міліцыі, якія даставілі іх у РУУС Заводскага раёна. Там на актывістаў склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (“удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”) і пасля гэтага адпусцілі.
Актывіст «Рэспубліканскага прафсаюза прадпрымальнікаў “Салідарнасць”» Г. Бердзенеў быў аштрафаваны ў Наваполацку на 10 базавых велічыняў (210 рублёў) за налепленую ўлётку з заклікам прыйсці на акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў.
Суд Цэнтральнага раёна Менска прысудзіў Святлану Каваленка (Якшыну) за ўдзел у «Купалаўскіх чытаннях» да штрафу ў 30 базавых велічынь: прачытанне верша ля помніка беларускаму класіку ў дзень святкавання 25-годдзя Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі суд кваліфікаваў як удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве (ч. 3 арт. 23.34 КаАП). За тыя ж дзеянні штрафам у 40 базавых велічынь быў пакараны і Леанід Кулакоў.
19 верасня 2016 г. у Менску праходзіла акцыя «Праспект нацыянальнага сцяга», прысвечаная 25-й гадавіне надання статусу дзяржаўнай сімволікі бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня». Падчас правядзення масавага мерапрыемства 19 верасня 2016 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль пяць назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя належным чынам. Назіральнікі адзначылі мірны характар масавага мерапрыемства на працягу ўсёй акцыі.
22 верасня ў судзе Маскоўскага раёна г. Менска разгледжаная адміністрацыйная справа па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (“паўторнае парушэнне парадку правядзенне масавага мерапрыемства на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання”) у дачыненні да Вячаслава Касінерава за пікет, які адбыўся 26 жніўня ў ходзе штомесячнай акцыі «Крытычная маса». Cуддзя Таццяна Матыль прызнала Вячаслава Касінерава вінаватым у парушэнні ч. 3 арт. 23.34 КаАП і вынесла пастанову аб накладанні штрафу ў памеры 50 базавых велічынь (1 050 беларускіх рублёў).
Свабода асацыяцыі
Як паведаміў Праваабарончаму цэнтру «Вясна» Мікалай Аўтуховіч, 5 верасня былі пададзены дакументы ў Міністэрства юстыцыі для рэгістрацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць”». Як патлумачыў Мікалай Аўтуховіч, рэгістрацыя грамадскага аб'яднання — прамежкавы крок на шляху стварэння прафсаюза прадпрымальнікаў Беларусі, паколькі на сённяшні дзень шмат людзей яшчэ баяцца быць заснавальнікамі такога прафсаюза. Мікалай Аўтуховіч выказаў надзею на тое, што рэгіструючым органам не будуць стварацца неабгрунтаваныя перашкоды для рэалізацыі правоў прадпрымальнікаў.
Катаванні і жорсткае абыходжанне
Пракуратура Маскоўскага раёна Менска адмяніла пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце нанясення жыхару Менска Ігару Пцічкіна цялесных пашкоджанняў у СІЗА № 1.
Аб фармальным характары праведзенай праверкі, на думку Жанны Пцічкінай, сведчылў павярхоўны аналіз розных груп цялесных пашкоджанняў, выяўленых на целе ў яе сына, бо, як вядома, некаторыя з іх маюць неўстаноўленае паходжанне, г.зн. не ад фіксацыі зняволенага рамянямі да ложка, і маглі быць следствам злачынных дзеянняў у дачыненні да зняволенага з боку службовых асобаў СІЗА.
16 верасня ў судзе Маскоўскага раёна г. Менска пачаўся разгляд крымінальнай справы, распачатай па ч. 2 арт. 162 Крымінальнага кодэкса за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі СІЗА, афіцэрам МУС Аляксандрам Крыловым, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента — Ігара Пцічкіна.
У віну турэмнаму фельчару паставілі тое, што ў 0:20 гадзінаў 3 жніўня 2013 года Ігар Пцічкін быў прывязаны да ложка ў камеры медчасткі СІЗА-1 па распараджэнні дзяжурнага фельчара Аляксандра Крылова нібыта з-за таго, што ў пацыента быў сіндром адмены ўжывання наркатычных сродкаў і ён паводзіў сябе буйна. У 8:05 гадзінаў раніцы 4 жніўня Ігар Пцічкін быў знойдзены мёртвым. Знаходжанне працяглы час прывязаным да ложка без належнай медычнай дапамогі выклікала ў Ігара Пцічкіна балючыя працэсы, спрыяла знясіленню, памяншэнню водна-солевага балансу, пагаршэнню агульнага стану здароўя, з'яўленню вострай сардэчнай недастатковасці і як вынік — спыненню сэрца. У сваю чаргу, фельчар не аказаў належнай і тэрміновай дапамогі, чым парушыў частку 2 артыкула 162 Крымінальнага кодэкса. Аляксандр Крылоў сваю віну ў смерці Ігара Пцічкіна не прызнае. У СІЗА-1 Аляксандр Крылоў працуе і дагэтуль. У пералік яго абавязкаў уваходзіць агляд зняволеных, ацэнка іх стану; ён ставіць папярэдні дыягназ, прызначае лячэнне, пры неабходнасці аказвае даўрачэбную і хуткую дапамогу. У сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца начальніку медсанчасткі, якому павінен неадкладна паведамляць аб надзвычайных сітуацыях, а ў яго адсутнасць — дзяжурнаму намесніку начальніка СІЗА.
Асуджаныя, якія адбываюць пакаранне ў папраўчай калоніі № 14, звярнуліся ў Праваабарончы цэнтр «Вясна» і сцвярджалі аб учыненых за кароткі прамежак часу чатырох самагубствах і двух спробах самагубстваў у атрадзе № 18 гэтай калоніі. У сувязі з гэтым, ПЦ «Вясна» прасіў міністра ўнутраных справаў пацвердзіць альбо абвергнуць інфармацыю аб суіцыдах: кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі ў канцы жніўня накіраваў міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу зварот з просьбай пацвердзіць альбо абвергнуць гэтую інфармацыю і, калі такія выпадкі мелі месца, правесці праверку. Пры правядзенні праверкі праваабаронца прасіў высветліць прычыны і абставіны суіцыдальных дзеянняў зняволеных, а таксама ўсталяваць, ці не з'яўляліся яны следствам неналежнага выканання абавязкаў службовымі асобамі калоніі, ці не было ў дзеяннях службовых ці іншых асобаў складу крымінальнага злачынства.
У адказе, які прыйшоў з Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, першы намеснік начальніка ДВП Іван Мысліцкі, паведамляе праваабаронцу, што “факты, выкладзеныя ў звароце, не адпавядаюць рэчаіснасці”. Але, разам з тым, спасылаючыся на пункт 40 дапаўнення да Пастановы Савета міністраў № 783 ад 2014/08/12, паказвае, што “звесткі аб працы органаў і ўстановаў крымінальна-выканаўчай сістэмы пры арганізацыі выканання і адбыцця пакаранняў належаць да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання”.
У сувязі з двухсэнсоўным характарам адказу і вялікай грамадскай важнасцю закранутай тэмы адказ службовай асобы ДВП быў абскарджаны ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Аднак Генеральная пракуратура ўхілілася ад разгляду скаргі і накіравала яе... у ДВП.
Пастанова Жодзінскага ГАСК аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці ў ізалятары турэмнай бальніцы Алега Багданава адмененая намеснікам начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Менскай вобласці, а матэрыялы адпраўленыя на дадатковую праверку. У скарзе маці загінулага Марына Багданава паказвала, што праверка па справе праводзілася без уліку найважнейшага доказу — аналізу відэазапісаў падзей, якія непасрэдна папярэднічалі смерці, і далейшага іх развіцця. Яна прасіла пракурора Менскай вобласці скасаваць пастанову Жодзінскага ГАСК і ўсё ж распачаць крымінальную справу па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў работнікамі жодзінскай турмы.
Асаблівасць адбыцця пакарання Алега Багданава ў турме № 8 г. Жодзіна заключалася ў тым, што да свайго зняволення ён стаяў на ўліку ў кардыялагічным цэнтры, рэгулярна праходзіў абследаванне, а ў 2014 годзе яму была зробленая тэрміновая аперацыя на сэрцы. Багданаў атрымаў III групу інваліднасці. Раніцай 29 студзеня 2016 года, знаходзячыся ў ізалятары турэмнай бальніцы, Алег Багданаў памёр ад вострай сардэчнай недастатковасці. Перакананая ў халатнасці медыцынскага персаналу турмы, маці абвінавачанага звярнуліся ў Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта з заявай аб узбуджэньні крымінальнай справы па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медпрацаўнікамі жодзінскай турмы № 8, але ён тройчы на працягу гэтага года прымаў рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.
Праваабаронцы «Вясны» будуць сачыць за развіццём сітуацыі з праверкай абставінаў гібелі ў жодзінскай турме № 8 Ігара Барбашынскага, які ўтрымліваўся там у чаканні суда; праваабаронцамі падрыхтаваныя хадайніцтвы для ўдакладнення некаторых абставінаў, якія папярэднічалі смерці зняволенага.
У поле зроку праваабаронцаў знаходзіцца таксама выпадак збіцця АМАПам непаўналетніх, якія затрымліваліся за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэнняў. Збіццё суправаджалася пагрозамі сэксуальнага гвалту.
Адвольныя затрыманні
Аднавілася практыка адвольных затрыманняў грамадскіх актывістаў.
Сустаршыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч быў двойчы з ужываннем гвалту затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным.
Так, 8 верасня каля 17 гадзінаў ён быў захоплены ў двары свайго дому і да 20.00 утрымліваўся ў Цэнтральным РУУС г. Менска. Гэта затрыманне можа быць звязанае з тым, што вечарам гэтага дня каля расійскай амбасады ў Менску «Малады фронт» планаваў правесці пікет.
За 24 верасня ён жа раніцай быў зноў захоплены супрацоўнікамі міліцыі каля свайго дома і правёў у РУУС ужо шэсць гадзінаў, у той час як у цэнтры Менска праходзілі мерапрыемствы з удзелам А. Лукашэнкі. У гэты дзень Дашкевіч планаваў прыняць удзел у пікеце ў цэнтры Менска каля крамы «Цэнтральны». Акцыя павінна была пачацца аб 11-й гадзіне і, паводле задумы яе арганізатараў, працягнуцца да 20 гадзін. На пікеце актывісты «Маладога фронту» меліся збіраць подпісы пад зваротам у Міністэрства культуры за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Экс-кандыдата ў дэпутаты з Гомеля Уладзіміра Няпомняшчых суддзя Чыгуначнага раённага суда Гомеля Мікалай Бакуноў аштрафаваў на 3 базавыя велічыні ў сукупнасці за непадпарадкаванне міліцыі і дробнае хуліганства. Уладзімір Няпомняшчых вядомы тым, што часта ў горадзе носіць майку з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі». Палітыка затрымалі 12 верасня на прыпынку грамадскага транспарту ў Гомелі, калі той збіраўся ехаць на мірную акцыю пратэсту ў Менск. Да яго падышлі трое амапаўцаў і сказалі, што ён падобны на чалавека, які здзейсніў злачынства. Няпомняшчых адвезлі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі, дзе склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Напярэдадні суду начальнік АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Ігар Цімашэнка хадайнічаў перад старшынёй раённага суда Таццянай Адрыбец аб арышце апазіцыйнага палітыка. У сваім лісце раённы міліцыянер назваў Няпомняшчых грамадзянінам, які “схільны да здзяйснення правапарушэнняў”.
Як паведаміў рэгіянальны прадстаўнік ПЦ «Вясна» Алег Пашкевіч, 12 верасьня быў двойчы затрыманы актывіст Мікалай Манохін, які рухаўся ў бок Менска. Першы раз аўтамабіль Мікалая Манохіна, які вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і не быў зарэгістраваны, быў спынены супрацоўнікамі ДАІ ў 14:20 на выездзе з Наваполацка нібыта з-за таго, што знаходзіцца ў вышуку. Яго даставілі ў Наваполацкі ГАУС, і прыблізна праз гадзіну актывіст быў адпушчаны без складання пратаколу. Аднак каля 16 гадзін ужо на выездзе з Полацка на Менскую трасу актывіст быў зноў затрыманы. Капітан ДАІ, які спыніў Мікалая Манохіна, праверыў нумары аўтамабіля.
Таксама вядома, што на выездзе з Ліды былі спыненыя актывісты Валерый Мінц і Вітольд Ашурак, якіх затрымалі і даставілі ў Лідскі РАУС.
Адвольныя затрыманні могуць быць звязаныя з акцыяй пратэсту супраць фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў, на якую заклікаў прыйсці былы палітвязень Мікалай Статкевіч. Акцыя павінна была адбыцца 12 верасня ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы ў сталіцы.
Сайт Праваабарончага цэнтра «Вясна» паведамляў пра тое, што пасля завяршэння выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у Менску 11 верасня былі затрыманыя назіральнікі кампаніі незалежнага назірання «Права выбару» Леанід Кулакоў і Мая Навумава. Пазней стала вядома, што іх пакаралі адміністрацыйным арыштам на трое і адны суткі адпаведна.
14 верасня на сайце ГУУС Менгарвыканкама нечакана з'явілася аператыўнае паведамленне пад назвай «ГУУС абвяргае інфармацыю, размешчаную ў інтэрнэт-стужцы інфармацыйнага агенцтва БелаПАН», дзе паведамлялася аб законным і абгрунтаваным затрыманні Кулакова і Навумавай за ўчыненне правапарушэнняў па частцы 1 артыкула 17.3 («распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ці на працы ў стане ап'янення») і артыкуле 23.4 («непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў») Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Пасля гэтага, як сцвярджала ГУУС, Кулакоў быў дастаўлены ў спецыялізаваны ізалятар Першамайскага РУУС (медвыцвярэзнік), дзе і быў агледжаны дзяжурным лекарам — аналізы нібыта паказалі ўтрыманне ў крыві каля 1 праміле алкаголю. 12 верасня судом Першамайскага раёна «правапарушальнікі» прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.
Аднак запатрабаваныя пасля дакументы паказваюць на тое, што, па заключэнні ўрача, Кулакоў і Навумава былі цвярозыя, і ўсё, што адбылося, выглядае як правакацыя і адвольны арышт. Актывісты абскардзілі дзеянні міліцыі і пастановы суддзі, які вынес іх, чамусьці, асабіста з’явіўшыся ў медвыцвярэзнік.
Утрыманне ў няволі Маі Навумавай суправаджаліся грубымі парушэннямі яе правоў: калі назіральніца папрасілася і пайшла ў туалет, праз некаторы час туды ўварваўся супрацоўнік міліцыі, які абвінаваціў Навумаву ў тым, што тая хацела збегчы, заламаў ёй рукі і надзеў кайданкі. Знялі кайданкі з назіральніцы толькі ў РУУС, калі было неабходна падпісаць дакументы.