Чарговы суд над Вячаславам Касінеравым Дапоўнена
22 верасня ў 12.30 у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска пачнецца разгляд справы па ч. 3 арт. 23.34 КаАП "Паўторнае парушэнне парадку правядзенне масавага мерапрыемства на працягу года пасля накладання адміністратыўнага спагнання" у дачыненні да Вячаслава Касінерава. Судзіць яго будуць за пікет, які адбыўся 26 жніўня падчас штомесячнай акцыі "Крытычная маса".
У той дзень Вячаслаў Касінераў быў затрыманы і дастаўлены ў Маскоўскі РУУС, дзе яго пратрымалі тры гадзіны і адпусцілі. Праз некаторы час на тэлефон актывісту прыйшло смс-паведамленне з выклікам у суд.
Працэс пачаўся ў 12.38, суддзя – Таццяна Мотыль. Вячаслаў Касінераў віну не прызнаў, суду паясніў, што не ўдзельнічаў у пікеце, а толькі дапамагаў усталёўваць расцяжку, аднак яна не была поўнасцю разгорнута.
Адзін са сведкаў – супрацоўнік Маскоўскага РУУС Лубінько – заявіў, што вяртаўся з працы і звярнуў увагу на траіх людзей з закрытымі тварамі, якія трымалі банэр даўжынёй чатыры метры. Сведка казаў вельмі выразна і складна, удакладніў, што банэр быў разгорнуты і ўсталяваны поўнасцю.
Другі сведка – таксама супрацоўнік міліцыі Швайко падцвердзіў словы свайго калегі.
Абаронца Вячаслава Касінерава сказаў, што фактаў, якія б указвалі на склад правапарушэння няма, і просіць справу спыніць.
Рашэнне суда будзе абвешчана ў 15.00.
Cуддзя Таццяна Мотыль прызнала Вячаслава Касінерава вінаватым у парушэнні ч.3 арт. 23.34 КаАП і вынесла пастанову аб накладанні штрафу ў памеры 50 базавых велічынь (1050 беларускіх рублёў).