Леанід Кулакоў: Я проста ў шоку ад паклёпу міліцыі Дакумент Дапоўнена
Сайт Праваабарончага цэнтра “Вясна” днямі паведаміў аб тым, што пасля завяршэння выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у Мінску 11 верасня былі затрыманыя назіральнікі кампаніі незалежнага назірання «Права выбару» Леанід Кулакоў і Мая Навумава. Пазней стала вядома, што іх пакаралі адміністрацыйным арыштам на трое і адны суткі адпаведна. А вось за што – можна было толькі здагадвацца…
Пры падліку галасоў на ўчастку №626 108-й Каліноўскай выбарчай акругі Кулакоў здымаў факты фальсіфікацый пратаколу галасавання.
«Ён зафіксаваў на мабільны тэлефон рэальныя лічбы на выбарах у Палату прадстаўнікоў па акрузе, дзе балатаваўся першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч», - сказаў прэс-службе «Права выбару» кіраўнік штаба Губарэвіча Алесь Славінскі.
Леанід Кулакоў паспеў паведаміць, што сябра участковай камісіі агучыла шэптам адну лічбу галасавання за Губарэвіча, а ў пратакол была ўнесеная іншая. Пасля галасавання Кулакоў і яго калега Мая Навумава былі затрыманыя і дастаўленыя меркавана ў РУУС Першамайскага раёна.
14 верасня на сайце ГУУС Мінгарвыканкама нечакана з’явілася аператыўнае паведамленне пад назвай «ГУУС абвяргае інфармацыю, размешчаную ў інтэрнэт-стужцы інфармацыйнага агенцтва БелаПАН»
“13 верасня на інтэрнэт-сайце інфармагенцтва «БелаПАН» быў апублікаваны артыкул «Арыштаваны грамадскі актывіст Леанід Кулакоў, затрыманы на выбарчым участку, дзе ён назіраў за выбарамі». У матэрыяле паведамлялася аб затрыманні назіральніка кампаніі незалежнага назірання «Права выбару» Леаніда Кулакова нібыта за тое, што «здымаў факты фальсіфікацый пры падліку галасоў на ўчастку №626 108-й выбарчай акругі».
Дадзеная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.
На самай справе 11 верасня ў 22 гадзіны 50 хвілін у скверы па вуліцы Карбышава Леанід Кулакоў і яшчэ двое грамадзян (мужчына і жанчына) былі затрыманыя супрацоўнікамі Першамайскага (г. Мінска) аддзела Дэпартамента аховы за распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы і дастаўлены ў Першамайскі РУУС г.Мінска. У раённым УУС у дачыненні да затрыманых былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях па частцы 1 артыкула 17.3 («Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ці на працы ў стане ап'янення») і артыкуле 23.4 («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў») Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Пасля гэтага мужчыны былі дастаўленыя ў спецыялізаваны ізалятар Першамайскага РУУС (медвыцвярэзнік), дзе і былі агледжаны дзяжурным лекарам - у абодвух аналізы паказалі ўтрыманне ў крыві каля 1 праміле алкаголю.
12 верасня судом Першамайскага раёна правапарушальнікі прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага арышту”.
Досыць рэдкі і дзіўны выпадак, калі сталічная міліцыя раптам аператыўна ўзялася абвяргаць інфармацыю пра акалічнасці затрымання шараговага актывіста. Яшчэ больш незразумела, чаму суддзя вырашыў разгледзець адміністрацыйную справу проста ў палаце медвыцвярэзніка. Навошта, калі побач з будынкам выцвярэзніка знаходзіцца суд Першамайскага раёна? А самае цікавае - у газеце "СБ-Беларусь сегодня" імгненна з'яўляецца артыкул "Кепская гісторыя", у якім апісваецца драматычная гісторыя пагоні супрацоўнікаў міліцыі за "п'яным" Кулаковым. Чым патлумачыць падобную цікавасць галоўнай газеты краіны? Магчыма тым, што затрыманы актывіст быў яшчэ і назіральнікам?
Позна вечарам гэтага ж дня актывіст Леанід Кулакоў быў вызвалены з ІЧУ пасля адбыцця адміністрацыйнага пакарання. Яго сустрэлі шматлікія сябры і паплечнікі.
Пасля гэтага Ленід Кулакоў патлумачыў у сацыяльных сетках акалічнасці свайго затрымання і арышту:
Leonid Kulakov: Хлопцы, дарагія, дзякуй за падтрымку. Але што піша пра мне міліцыя - поўнае трызненне. Мяне арыштавалі выключна цвярозага, адвезлі на вул. Перадавая на агляд на алкаголь і лекары вынеслі вердыкт: алкагольнае ап'яненне адсутнічае. Судзілі мяне не за п'янку, а за непадпарадкаванне (арт.23.4 КаАП) Я проста сеў на лаву і пад’ядаў без ужывання спіртнога. Прыкладна праз 10-15 хвілін пасля таго як я прысеў на лаўку і паклаў ежу ў аднаразавую талерку – з трох бакоў наляцела міліцыя з камерамі і фотаздымачамі ў колькасці 6 - 7 чалавек. Потым мяне адвезлі ў выцвярэзнік, дзе дзяжурны лекар даў мне падзьмуць у алкатэст і там усё паказала па нулях, але нават гэта не перашкодзіла дзяжурнага лекара спакаваць мяне ў выцвярэзнік. Самае цікавае тое, што ўсім, хто знаходзіўся выцвярэзніку выдавалі даведкі аб аплаце за ўтрыманне, але мне гэтую даведку не выдалі, паколькі ведалі, што ў дакументах з наркадыспансера мяне прызналі цвярозым. Потым проста ў выцвярэзнік прыехаў суддзя Першамайскага р-на Гарбатоўскі Ю.М. Ён выслухаў сведку-міліцыянта, які паказаў наступнае: “Калі сведка запрасіў мяне прайсці ў службовую машыну, я адказаў, што не супраць прайсці, але дайце мне паесці, паколькі я цэлы дзень быў галодны” [не мог адыйсці з выбарчага ўчастка пад час назірання]. І гэта паслужыла непадпарадкаваннем, якое я аказаў міліцыі. Потым сведка паказаў, што трымаючы талерку ў руках, я сядаў на зямлю, хапаў яго за форменнае абмундзіраванне, і што ён быў вымушаны прымяніць спецсродкі. Але талерка з ежай заставалася ў мяне ў руках. Суддзя, усміхаючыся пасля дачы паказанняў міліцыянта, прысудзіў мне трое сутак арышту. Падчас судовага паседжання я запатрабаваў, што б далі відэаздымку майго затрымання і засведчылі тое, што знаходзілася ў мяне ў руках. Але на гэта я атрымаў адмову. Тады я запытаўся ў суддзі Гарбатоўскага: «Вы асудзілі мяне за п’янку?” Суддзя адказаў, што ён мяне асудзіў толькі за непадпарадкаванне. Раней, калі мяне прывезлі ў РАУС і абвясцілі, што я нібыта п'яны і ці паеду я на агляд? – то я ім адказаў, што калі яны мяне туды не адвязуць самі, то я сам паеду і прайду гэтую працэдуру платна. Я проста ў шоку аб паклёпе міліцыі”.
Леанід Кулакоў мае намер абскардзіць дзеянні супарацоўнікаў міліцыі і пастанову ад адміністратыўным арышце і дамагчыся, каб былі прадстаўленыя доказы ягонага правапарушэння – відэа і фотаздымкі, якія здзяйсняліся супрацоўнікамі міліцыі, а таксама – дакумент аб аплаце паслуг медвыцывярэзніка і арыгінальнае падцверджанне аналізу на наяўнасць алкаголю ў крыві. Трэба ж неяк бараніць гонар мундзіра. Сваё затрыманне і арышт Леанід Кулакоў расцэньвае як помсту за выяўленне фальсіфікацыі вынікаў галасавання на выбарчым ўчастку №626 Каліноўскай выбарчай акругі №108.