Першы поствыбарчы арышт: Леанід Кулакоў
Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Леанід Кулакоў, які назіраў за выбарамі ад кампаніі незалежнага назірання «Права выбару» і 12 верасня быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, знайшоўся ў Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Пра гэта паведаміла ў сваім фэйсбуку актывіста Юля Сцяпанава.
Leonid Kulakov знайшоўся на Акрэсціна. Дзяжурны паведаміў, што яму прысудзілі трое сутак арышту.
Па якім артыкуле Леанід Кулакоў адбывае адміністрацыйнае пакарання ў выглядзе арышту - пакуль невядома.
Нагадаем, што пасля завяршэння выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у Мінску 11 верасня былі затрыманыя назіральнікі кампаніі незалежнага назірання «Права выбару» Леанід Кулакоў і Мая Навумава.
Пры падліку галасоў на ўчастку №626 108-й Каліноўскай выбарчай акругі. Кулакоў здымаў факты фальсіфікацый пратаколу галасавання.
«Ён зафіксаваў на мабільны тэлефон рэальныя лічбы на выбарах у Палату прадстаўнікоў па акрузе, дзе балатаваўся першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч», - сказаў прэс-службе «Права выбару» кіраўнік штаба Губарэвіча Алесь Славінскі.
Леанід Кулакоў паспеў паведаміць, што сябра участковай камісіі агучыла шэптам адну лічбу галасавання за Губарэвіча, а ў пратакол была ўнесеная іншая.
Пасля галасавання Кулакоў і яго калега Мая Навумава былі затрыманыя і дастаўленыя меркавана ў РУУС Першамайскага раёна.
Пра лёс назіральніцы Маі Навумавай стала вядома значна пазней. Яе таксама арыштавалі на 1 суткі.