Актывістаў затрымліваюць па дарозе на Мінск
Як паведаміў рэгіянальны прадстаўнік ПЦ “Вясна” Алег Пашкевіч, 12 верасня быў двойчы затрыманы актывіст Мікалай Манохін, які рухаўся ў бок Мінска.
Першы раз аўтамабіль Мікалая Манохіна, які вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і не быў зарэгістраваны, быў спынены супрацоўнікамі ДАІ у 14.20 на выездзе з Наваполацка нібыта з-за таго, што знаходзіцца ў вышуку. Яго даставілі ў Наваполацкі ГАУС, і прыблізна праз гадзіну актывіст быў адпушчаны без складання пратаколу.
Аднак каля 16 гадзінаў ужо на выездзе з Полацка на Мінскую трасу актывіст быў зноў затрыманы. Капітан ДАІ, што спыніў Мікалая Манохіна, правярае нумары аўтамабіля.
Алег Пашкевіч паведамляе, што ёсць інфармацыя, што на трасе Полацк-Мінск – на выездзе з Полацку, у Лепелі, за Бягомлем і далей - працуюць экіпажы ДАІ узмоцненыя супрацоўнікамі міліцыі.
Таксама вядома, што на выездзе з Ліды былі спыненыя актывісты Валер Мінц і Вітольд Ашурак, якіх затрымалі і даставілі ў Лідскі РАУС.
Узмоцнены кантроль на трасах у бок Мінску і затрыманні могуць быць звязаныя з акцыяй пратэсту супраць фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў, на якую заклікаў прысці былы палітзняволены Мікалай Статкевіч, мусіць адбыцца 12 верасня ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы ў сталіцы.