Прадстаўнікі "Вясны" возьмуць удзел у канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні Дапоўнена
ПЦ "Вясна" на штогадовай канферэнцыі АБСЕ, якая пройдзе з 19 па 30 верасня ў Варшаве, будуць прадстаўляць Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч і Андрэй Палуда.
У рамках канферэнцыі запланавана 18 пленарных сесій - па дзве на дзень, а таксама паралельныя мерапрыемствы, якія даюць удзельнікам магчымасць абмеркаваць пытанні, якія не былі цалкам ахопленыя падчас працоўных паседжанняў.
22 верасня прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый - Асамблеі НДА, ПЦ "Вясна", Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускай асацыяцыі журналістаў і кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" пры падтрымцы Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава правядуць паралельнае мерапрыемства па выніках парламенцкіх выбараў у Беларусі. Удзельнікі гэтага мерапрыемства - кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, экс-старшыня БАЖ Жанна Літвіна, дырэктар Lawtrend Вольга Смалянка, мадэратарам выступіць юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў.
23 верасня Алесь Бяляцкі разам з калегамі з Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана і Узбекістана прыме ўдзел у паралельным мерапрыемстве па праблеме незалежнасці судовых органаў у пераследзе праваабаронцаў ва Усходнім рэгіёне АБСЕ. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Нідэрландскі Хельсінкскі Камітэт пры ўдзеле Хельсінкскага Фонду па правах чалавека і Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў (сумесная праграма FIDH і OMCT).
Удзел у мерапрыемствах канферэнцыі каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэя Палуды запланаваны на 28 верасня. Тэма яго выступу будзе датычыцца смяротнага пакарання ў Беларусі ў дачыненні да прадстаўнікоў рома і мовы варожасці пры асвятленні падзей у дзяржаўных СМІ, што спрыяе дыскрымінацыі і росту нецярпімасці ў грамадстве.
Дададзім, што Нарада па разглядзе выканання абавязальніцтваў усіх дзяржаў-удзельніц АБСЕ ў сферы чалавечага вымярэння з'яўляецца найбуйнейшай у Еўропе штогадовай канферэнцыяй па правах чалавека і дэмакратыі. Арганізатар мерапрыемства Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ прадастаўляе платформу 57 дзяржавам-удзельніцам АБСЕ, партнёрам па супрацоўніцтве, структурам АБСЕ, грамадзянскай супольнасці, міжнародным арганізацыям для падвядзення вынікаў выканання дзяржавамі абавязацельстваў АБСЕ па чалавечым вымярэнні, абмеркавання звязаных з гэтым праблемаў, абмену перадавым вопытам і выпрацоўкі рэкамендацый па правядзенні далейшых паляпшэнняў.