Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2016
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2016 г.
Высновы:
- 15 лютага Савет міністраў замежных справаў ЕС прыняў рашэнне аб непрацягненні дзеянняў санкцый у дачыненні да 170 фізічных асобаў і трох кампаній Беларусі. Пад дзеяннем санкцый засталіся асобы, падазраваныя ў датычнасці да гвалтоўных знікненняў апазіцыйных палітыкаў і журналіста ў 1999-2000 гг.: Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных справаў), Віктар Шэйман (былы Генеральны пракурор і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (былы міністр унутраных справаў) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа МУС);
- цягам лютага не адбылося аніякіх сістэмных зменаў, якія дэманструюць імкненне ўладаў Беларусі да якаснага змянення сітуацыі з правамі чалавека;
- новых палітычна матываваных крымінальных справаў на працягу месяца не распачыналася, што з'яўляецца працягам агульнай тэндэнцыі зніжэння ўзроўню рэпрэсій у краіне, назіранай са жніўня мінулага года;
- уладамі краіны так і не зробленыя захады, скіраваныя на поўнае аднаўленне ў правах раней вызваленых палітвязняў; таксама не былі спыненыя раней распачатыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Так, у прыватнасці, расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Алеся Міхалевіча было працягнутае яшчэ на адзін месяц;
- улады Беларусі адмовілі ў задавальненні хадайніцтва праваабаронцы Алены Танкачовай аб скарачэнні тэрміну забароны на ўезд у Рэспубліку Беларусь;
- нягледзячы на тое, што ўсе несанкцыянаваныя мірныя сходы на працягу месяца прайшлі без ўмяшання органаў правапарадку і не былі гвалтоўна спыненыя, удзельнікаў і арганізатараў дадзеных сходаў працягвалі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў;
- на працягу месяца назіраліся выпадкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці журналістаў, якія ажыццяўляюць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ;
- 15 лютага Менскі абласны суд вынес другі ў гэтым годзе смяротны прысуд у дачыненні да 31-гадовага жыхара Менскага раёна Сяргея Хмялеўскага;
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
На працягу месяца новых палітычна матываваных крымінальных справаў у Беларусі не распачыналася, што з'яўляецца працягам станоўчай тэндэнцыі па зніжэнні агульнага ўзроўню рэпрэсій у краіне, адзначанай з жніўня мінулага года.
У першую чаргу, гэта выяўляецца ў значным памяншэнні колькасці выпадкаў арыштаў, затрыманняў і новых крымінальных справаў у дачыненні да грамадзянаў у сувязі з іх грамадска-палітычнай дзейнасцю альбо ў сувязі з рэалізацыяй імі якіх-небудзь грамадзянскіх і палітычных правоў.
Пры гэтым варта адзначыць, што аніякіх сістэмных зменаў на ўзроўні заканадаўства ў сферы правоў чалавека не адбылося, што робіць вышэйпаказаныя практыкі вельмі няўстойлівымі.
Таксама шэраг раней распачатых палітычна матываваных крымінальных справаў так і не былі спыненыя.
Так, 16 лютага стала вядома, што расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Алеся Міхалевіч было ізноў падоўжанае яшчэ на адзін месяц. Такім чынам, А. Міхалевіч застаецца ў статусе абвінавачанага па крымінальнай справе “аб масавых беспарадках” 19 снежня 2010 г. Мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе таксама прадоўжана на адзін месяц.
У месцах пазбаўлення волі працягвае адбываць пакаранне М. Жамчужны, крымінальны пераслед якога быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду крымінальнай справы М. Жамчужнага ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда.
Уладамі Беларусі пакуль так і не былі распачатыя дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю раней вызваленых палітычных зняволеных.
Парушэнні свабоды асацыяцый і ціск на праваабаронцаў
Праваабаронца Алена Танкачова, высланая з Беларусі ў лютым 2015 года, звярнулася ў ГУУС Менгарвыканкама з хадайніцтвам аб прадугледжаным законам скарачэнні тэрміну забароны на ўезд у Рэспубліку Беларусь і выключэнні яе са спісу асобаў, якім забаронены ўезд у краіну.
Аднак, ГУУС Менгарвыканкама адмовіла ў задавальненні гэтага хадайніцтва праваабаронцы.
Варта адзначыць, што патрабаванне аб зняцці абмежаванняў на ўезд у краіну Алены Танкачовай разглядаецца праваабарончай супольнасцю Беларусі ў якасці аднага з першачарговых захадаў аднаўленчага характару, якія б сведчылі аб наяўнасці палітычнай волі кіраўніцтва краіны да якаснага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека.
17 лютага ў сацыяльнай сетцы ВКонтакте з акаўнта Віктара Шэрага, які з'яўляецца прадстаўніком Каардынацыйнага савета студэнцкага самакіравання Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта, было распаўсюджанае сярод студэнтаў і трэціх асобаў паведамленне, у якім арганізацыі “Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання”, “Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятываў”, а таксама “Студэнцкая Рада” былі названыя “несанкцыянаванымі” і “незаконнымі” моладзевымі арганізацыямі паводле “дакладнай інфармацыі”.
У сувязі з гэтым старастам групаў прапаноўвалася правесці “прафілактычныя гутаркі” і “інфармацыйныя гадзіны” аб непажаданым удзеле студэнтаў у дзейнасці гэтых арганізацый, таму што іх дзейнасць – “мэтанакіраванае з боку іншых сіл ўвядзенне ў зман з элементамі антыдзяржаўнага характару”.
У сувязі з дадзенымі відавочна незаконнымі дзеяннямі з боку адміністрацыі ВНУ актывісты дадзеных студэнцкіх арганізацый выступілі з адкрытым калектыўным зваротам.
Парушэнне права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў
У лютым па-ранейшаму ўладамі без падставаў абмяжоўвалася права на мірныя сходы, хоць мерапрыемствы, якія праводзіліся без дазволу, супрацоўнікамі міліцыі не разганяліся. Арганізатары і актыўныя ўдзельнікі прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных грашовых штрафаў.
У Брэсце гарвыканкам забараніў некалькі масавых мерапрыемстваў: пікет супраць павышэння коштаў на медыцынскія паслугі, які меркавалася правесці 3 лютага на пешаходнай вуліцы Савецкай у цэнтры горада; пікеты Брэсцкай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі на пляцоўках каля буйных гандлёвых цэнтраў горада, а таксама побач з ЦУМам, кінатэатрам “Беларусь”, у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне “Лакаматыў” (згаданыя парк і стадыён спецыяльна адзначаныя ў рашэннi гарвыканкама, дзе можна ладзіць падобныя акцыі). Удзельнікі пікетавання збіраліся выказаць сваю падтрымку індывідуальным прадпрымальнікам, прыцягнуць увагу грамадзянаў да праблемы ціску на прадстаўнікоў малога бізнэсу і неабходнасці правядзення рынкавых рэформаў. Брэсцкі гарвыканкам забараніў пікеты, спаслаўшыся на тое, што большасць з іх запланаваныя ў месцах, дзе не прадугледжана правядзенне масавых мерапрыемстваў. Што тычыцца стадыёна “Лакаматыў” і Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, то там акцыі не дазволеныя з прычыны адсутнасьці дамоваў з медыкамі, міліцыяй і камунальнымі службамі.
У судзе Ленінскага раёна Менска 11 лютага разглядаліся адміністрацыйныя справы супраць ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць гвалту супрацоўнікаў міліцыі, якая адбылася каля будынка Вярхоўнага суда Беларусі 30 студзеня. Усяго ў той дзень былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях супраць дзевяці актывістаў партыі АГП і грамадскіх рухаў. У выніку Аляксандр Макаеў пакараны штрафам у памеры 50 базавых велічынь, або 10,500,000 рублёў. Ніна Багінская пакараная штрафам у памеры 25 базавых велічынь. Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі пакараны штрафам у памеры 50 базавых велічынь. Штрафамі пакараныя таксама Наталля Гарачка і Дзяніс Красачка.
16 лютага працягнуўся разгляд адміністрацыйных справаў удзельнікаў пікету супраць міліцэйскага гвалту каля будынка Вярхоўнага суда Беларусі 30 студзеня. Анатоль Лябедзька пакараны штрафам у памеры 50 базавых велічынь (10,500,000 рублёў). Мікалай Казлоў таксама пакараны штрафам у 50 базавых велічынь, Вольга Маёрава – штрафам у 4,200,000 рублёў.
12 лютага суд Маскоўскага раёна Менску пакараў штрафам у 15 базавых велічынь (3,150,000 рублёў) сябра БХД Віталя Стаўровіча за гэтую ж акцыю пратэсту.
Індывідуальныя прадпрымальнікі з Менска і некаторых іншых гарадоў Беларусі, грамадскія актывісты і палітыкі 15 лютага правялі мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Такім чынам яны выказвалі пратэст супраць указа прэзідэнта № 222, які, па сутнасці, пакідае прадпрымальнікаў без працы, уводзячы абавязковую сертыфікацыю тавараў. У мітынгу на Кастрычніцкай плошчы прымала ўдзел 400-500 прадпрымальнікаў і актывістаў з Менска, Гомеля, Баранавічаў, Слуцка і іншых гарадоў Беларусі. У акцыі ўдзельнічалі і выступалі з прыступак Палаца Рэспублікі таксама і палітыкі: былы палітвязень Мікалай Статкевіч, сустаршыня БХД Павел Севярынец, Уладзімір Някляеў, старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
17 лютага судом Маскоўскага раёна сталіцы разгледжаныя адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі салідарнасці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі “Я – ІП!”, у якой узялі ўдзел каля 30 чалавек (актывісты партыі АГП і прадпрымальнікі з розных гарадоў Беларусі). Пакараныя: Лябедзька штрафам у памеры 50 базавых велічынь (10,500,000 рублёў), Ірына Яскевіч – штрафам у памеры 25 базавых велічынь (5,250,000 рублёў); Артура Адамяна аштрафавалі на 25 базавых велічынь (5,250,000 рублёў), Ніну Багінскую – на 30 базавых велічынь (6,300,000 рублёў).
У той жа час, у Брэсце гарвыканкам забараніў мясцовым прадпрымальнікам арганізоўваць мітынг: рашэнне падаць заяўку на правядзенне гэтай акцыі было прынятае індывідуальнымі прадпрымальнікамі 3 лютага у час сходу каля брэсцкага рынку “ЦУМ”, у якім удзельнічалі больш за 400 гандляроў. Гарвыканкам спаслаўся на тое, што ў заяўнікаў няма дамовы на абслугоўванне акцыі з гарадской установай аховы здароўя і камунальнымі службамі.
Віцебскім прадпрымальнікам забаранілі праводзіць сходы ў гандлёвым цэнтры “Эвіком”; гэты цэнтр быў месцам правядзення прадпрымальніцкіх сходаў на працягу двух апошніх месяцаў. Аднак адміністрацыя папярэдзіла: сходы, на якіх прысутнічаюць прадпрымальнікі з іншых гандлёвых аб'ектаў, “непажаданыя”.
22 лютага індывідуальныя прадпрымальнікі правялі чарговы мітынг на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ў знак нязгоды з Указам № 222. Як зафіксавалі назіральнікі, міліцыя паспрабавала сарваць выступ Анатоля Лябедзькі, людзі ў адказ скандавалі “Ганьба!”, “Ідзіце прэч!” і адцяснілі міліцыянтаў. На плошчы ў 12:30 з'явіліся дзевяць міліцыянтаў з тэчкамі. Яны актыўна запісвалі даныя ўдзельнікаў. Людзі атачылі выступоўцаў шчыльным колам і не пускалі міліцыю да іх. Затым на плошчу выехалі шэсць снегаўборачных аўтамабіляў, якія перашкаджалі мітынгоўцам.
28 лютага прайшоў чарговы мітынг і шэсце прадпрымальнікаў і грамадскіх актывістаў. Як зафіксавалі назіральнікі, каля 12:00 на месцы збору з'явіліся першыя ўдзельнікі, былі разгорнутыя транспаранты і сцягі на прыступках Палаца Рэспублікі. Праз 15 хвілінаў з'явіліся тры расцяжкі, гучалі прамовы праз мегафон, быў арганізаваны флэш-моб, прысутным раздаваліся ўлёткі. У 15:20 на прыступкі Палаца Рэспублікі падняліся пяць супрацоўнікаў міліцыі ў форме з надпісам “міліцыя”, пачалі за спінамі ўдзельнікаў запаўняць нейкія дакументы, частка ўдзельнікаў ўстала ў “счэпку” на прыступках. У 16:15 прагучала прапанова ад удзельнікаў рухацца да Плошчы Незалежнасці; каля 220 чалавек сышлі з Кастрычніцкай плошчы і пайшлі па тратуары ўздоўж праспекта Незалежнасці. Наперадзе ішлі людзі з расцяжкамі, якія яны раней трымалі на прыступках Палаца Рэспублікі. Гучалі лозунгі, часам выкарыстоўвалі гучнагаварыцель. Уздоўж праспекта рухаўся мікрааўтобус з камерай зверху. На святлафорах стаялі супрацоўнікі ДПС у форме, спынялі калону на чырвонае святло і разрывалі рух калоны, што ўтварыла дзве асобныя часткі ўдзельнікаў. Каля 16:30 група падышла да Чырвонага касцёла, дзе гучалі прамовы, прысутнічала не менш за сорак супрацоўнікаў у цывільным і не менш за дзесяць здымалі ўсе на маленькія ручныя камеры. Прысутнічала каля 120 удзельнікаў акцыі. У 16:45 амаль усе людзі разышліся.
Пераслед журналістаў
У лютым працягнуліся выпадкі прыцягнення незалежных журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці.
4 лютага адміністрацыйная справа ў дачыненні да журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай была спыненая “ў сувязі з адсутнасцю 7 снежня падзеі адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 22.9 КаАП”. Вусна суддзя патлумачыла, што ў міліцэйскіх паперах і рапартах немагчыма разабрацца дакладна, аб якім менавіта дне ідзе гаворка: 7 або 9 снежня; лічбы закрэсленыя, выпраўленыя, таму працэс спынены. Такім чынам, гэты выпадак не сведчыў пра адмову ад заганнай практыкі перашкодаў дзейнасці журналістаў.
Наадварот, суд Буда-Кашалёўскага раёна 4 лютага пакараў гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага штрафам у 40 базавых велічынь – 8,400,000 рублёў. У райцэнтры па просьбе мясцовых жыхароў журналіст здымаў відэа аб праблемах на масласырзаводзе, работнікаў якога адправілі ў адпачынак за свой кошт.
24 лютага суд Жлобінскага раёна разгледзеў адразу два адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 22.9 КаАП (“незаконны выраб прадукцыі СМІ”), складзеныя мясцовай міліцыяй у дачыненні да яго. Па кожным з пратаколаў суддзя пакарала Кастуся Жукоўскага штрафам у памеры 40 базавых велічынь (усяго 80 базавых велічынь, што складае больш за 16 мільёнаў рублёў). Паводле міліцэйскіх пратаколаў, Кастусь Жукоўскі, не маючы акрэдытацыі ў якасці журналіста замежнага СМІ, незаконна праводзіў апытанне і здымкі на відэакамеру жыхароў Жлобіна і раёна. Сюжэты аб праблемах рэгіёну былі паказаныя ў эфіры тэлеканала “Белсат”.
Смяротнае пакаранне
2 лютага калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда планавала разгледзець касацыйную скаргу на смяротны прысуд Івану Куляшу, прызнанаму вінаватым у забойстве трох чалавек. Аднак працэс адкладаецца – адвакат абвінавачанага накіраваў дадатак да скаргі, які патрабуе часу на вывучэнне. 26 лютага разгляд скаргі Івана Куляша зноў перанесены.
15 лютага Менскі абласны суд прысудзіў да расстрэла 31-гадовага ўраджэнца вёскі Мачулішчы Менскага раёна Сяргея Хмялеўскага. Па апошняй крымінальнай справе яму было прад'яўленае абвінавачванне ў забойстве двух і больш асобаў, учыненым з асаблівай жорсткасцю з мэтай схаваць іншае злачынства ці аблегчыць яго здзяйсненне. Акрамя гэтага, ён абвінавачваўся ў крадзяжы, замаху на наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, невыкананні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду. Па наяўнай інфармацыі, гэты прысуд быў вынесены пасля перагляду крымінальнай справы, па якой раней С. Хмялеўскі быў асуджаны да пажыццёвага зняволення. Гэта другі смяротны прысуд, вынесены ў Беларусі ў 2016 годзе.
17 лютага дыпламатычная служба Еўрапейскага Саюза распаўсюдзіла заяву з нагоды вынясення Менскім абласным судом смяротнага прысуда ў дачыненні да Сяргея Хмялеўскага.
У адказ на апошнія смяротныя прысуды, вынесеныя ў дачыненні да Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага, дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ (БДІПЧ) Міхаэль Георг Лінк заклікаў Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.