Гомельскага журналіста-фрылансера пакаралі новым штрафам
Суд Буда-Кашалёўскага раёну 4 лютага пакараў гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага штрафам у 40 базавых велічыняў - на сёння гэта 8 млн. 400 тыс. рублёў. У райцэнтры па просьбе мясцовых жыхароў журналіст здымаў відэа пра праблемы на масласырзаводзе, працаўнікоў якога адправілі ў адпачынак за свой кошт. А пасля міліцыя склала пратакол за журналісцкую дзейнасць. Пастанову аб новым штрафе для журналіста старшыня раённага суда Уладзімір Пракапенка абвясціў, нават не выходзячы з кабінета. Дарэчы, падчас суда журналісту патэлефанавалі з міліцыі Жлобіна, каб паведаміць аб складанні новага пратакола за журналісцкую дзейнасць.
«Сённяшняя сітуацыя - гэта ціск чыноўнікаў, якія хаваюць праўду і хочуць, каб людзі працавалі за паўтары мільёны ў месяц, а самі ў гэты час здаюць свае катэджы за вялікія грошы. Мне проста спрабуюць закрыць рот», - каментуе Жукоўскі.
Нагадаем, наступны суд чакае журналіста ў Ветцы, дзе ён здымаў матэрыял аб праблемах мясцовай ткацкай фабрыкі і малаказавода.