viasna on patreon

Cуды за акцыю супраць міліцэйскага гвалту

2016 2016-02-11T14:43:50+0300 2016-02-11T18:46:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dompravosudmn333.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дом правасуддзя ў Менску.

Дом правасуддзя ў Менску.

У судзе Ленінскага раёна Мінска 11 лютага разглядаюцца адміністрацыйныя справы, складзеныя на ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць гвалту супрацоўнікаў міліцыі над грамадзянамі пад будынкам Вярхоўнага суду Беларусі 30 студзеня. Усяго ў той дзень былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях на 9 актывістаў партыі АГП і грамадскіх рухаў.

Перад пачаткам судовага працэсу ў Доме правасуддзя па вуліцы Сямашка, 33, супрацоўнікі міліцыі праводзілі дагляд рэчаў і правяралі пашпартныя дадзеныя грамадзян, якія жадалі патрапіць на судовыя паседжанні.

Адміністрацыйную справу прадпрымальніка Алеся Макаева разглядаў суддзя Андрэй Камушкін. Суддзя адхіліў хадайніцтва весці працэс па-беларуску. Сведкай з боку абвінавачвання выступаў ст. участковы iнспектар Ленiнскага р-на Мінска Алег Валер'евiч Кунейка.

Макаеў прызнаны вінаватым у парушэнні часткі 3 артыкула 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку арганізацыі і правядзенне масавых мерапрыемстваў, здзейснены паўторна на працягу года). Суд пастанавіў пакараць яго штрафам у памеры 50 базавых велічынь, альбо 10 мільёнаў 500 тысяч рублёў. Ён віны сваёй не прызнаў, сказаў, што ўдзел у акцыях –  канстытуцыйнае права грамадзян.

Актывістка Святлана Якшына, справу якой разглядала суддзя Д. Астапенка, (частка 1 арт. 23.34 КаАП РБ) хадайнічала аб допуску абаронцы і аб азнакамленні са справай. Суд задаволіў хадайніцтва і даў час адвакату на азнаямленне ў зале суда. Высветлілася, што копія пратакола не адпавядае арыгіналу. Адвакат называе пэўныя месцы несупадзенняў. Якшына просіць адправіць пратакол на дапрацоўку. Суд пастанавіў адправіць справу на дапрацоўку, паколькі ў копіі пратаколу не напісаны артыкул і не пазначаны сведка. Суддзя сказаў, что першае - гэта грубае парушэнне і трэба пратакол дапрацаваць.

Разгледжаная адміністрацыйная справа Ніны Багінскай. Актывістка на суд не прыйшла, таму суддзя Астапенка прыняў рашэнне пачаць суд без яе. З пратаколу вынікае, што Багінская стаяла з бел-чырвона-белым сцягам.
У сведкі Вадзіма Сёмухі спыталіся пра абставіны справы. Кажа, што праходзіла несанкцыянаванае пікетаванне каля будынку Вярхоўнага суда. Кажа, што Багінская знаходзілася ў группе людзей і трымала бел-чырвона-белы сцяг на палачцы. Бачыў як ягоны калега Шавенька Аляксандр Сяргеевіч падыходзіў да грамадзянкі і яны размаўлялі.
Прынятае рашэнне Ніну Багінскую пакараць штрафам у памеры 25 базавых велічынь.

Справу актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага разглядала суддзя суду Ленінскага раёна Марына Запаснік. Вінярскі адмовіўся ўставаць пад час суду. Прызнае, што быў на акцыі з плакатам, але ня лічыць гэта адміністрацыйным правапарушэннем, таму віну не прызнае.  Кажа, што калі складалі пратакол, то копію яму не выдалі, правы не патлумачылі.

Вінярскі распавядае суду пра выпадкі яго збіцця супрацоўнікамі міліцыі з 1999-га года за удзел у акцыях. Суддзя просіць спыніць гэты расповед. Сведкамі па справе выступалі ўчастковы інспектар Ленінскага раёна Сяргей Басалый і Сёмуха Вадзім. Сведка паведаміў, што пра акцыю яму паведаміла кіраўніцтва, аднак імя кіраўніка суддзя не дазволіла агучыць.

Актывіста абвінавацілі ў парушэнні арт. 23.34. КаАП РБ (частка 3) – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, здзейснены паўторна на працягу года. Суд вынес пастанову – штраф у памеры 50 базавых велічынь.

Удзельніцу працэсу Наталлю Гарачку судзіў Андрэй Камушкін. Яе вінавацілі ў парушэнні арт. 23.34. КаАП РБ (частка 1). Сведкамі выступалі участковы інспектар Семуха Вадзім Збыслававіч і старшы ўчастковы, маёр міліцыі Факала. Паколькі паказанні сведкі Сёмухі адрозніваюцца ад паказанняў удзельніцы працэсу датычна часу прысутнасці, папярэдняга папярэджання аб "незаконных дзеяннях", пры тым, што Гарачка не бачыла Сёмухі да пачатку адміністратыўнага працэсу, справу адправілі на дапрацоўку.

Апошнюю адміністрацыйную справу ў дачыненні да  Дзяніса Красачкі суддзя Андрэй Камушкін разгледзеў за 14 хвілін. У судовай залі прысутнічала 20 чалавек, якія прыйшлі падтрымаць актывіста. Сведкай выступаў Алег Кунейка. Пастанова суду: штраф 20 базавых велічынь.

Справы яшчэ траіх удзельнікаў акцыі Анатоля Лябедзькі, Вольгі Маёравай і Мікалая Казлова будуць разгледжаныя 16 лютага ў гэтым жа судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства