viasna on patreon

Суд спыніў адміністрацыйны працэс ў дачыненні журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай

2016 2016-02-04T23:03:21+0300 2016-02-04T23:03:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shchyrakova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ларыса Шчыракова.

Ларыса Шчыракова.

4 лютага ў судзе Савецкага раёна Гомеля разглядалася чарговая адміністрацыйная справа ў дачыненні журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай. Міліцыя склала на журналістку пратакол па артыкулу 22.9 КаАП – незаконны выраб прадукцыі СМІ. Яе вінавацілі ў тым, што ў снежні ў эфіры польскага тэлеканалу «Белсат» быў прадэманстраваны сюжэт аб цяжкім жыцці жыхароў Гомеля ў бараку на вуліцы Касмічнай, а здымала гэтае відэа Ларыса Шчыракова, чым і парушыла, па меркаванні міліцыі, заканадаўства. Працэс праходзіў пад старшынствам суддзі Алены Шайн. Спачатку суддзя адхіліла шэраг хадайніцтваў – аб тым, каб весці працэс на беларускай мове, каб інтарэсы журналісткі мог прадстаўляць юрыст БАЖ Леанід Судаленка, каб быў зроблены запыт на тэлеканал з пытаннем: ці мае з «Белсат» Ларыса Шчыракова працоўныя адносіны, ці ўваходзіць у штат рэдакцыі.

Фрылансер віну не прызнала, і патлумачыла, што не з'яўляецца суб'ектам закону «Аб СМІ», таму што не звязана працоўнымі дамовамі з рэдакцыямі, і, па беларускаму заканадаўству, не з'яўляецца журналістам. Яна нагадала суддзі пра артыкул 34 Канстытуцыі, які гарантуе права на распаўсюд і атрыманне інфармацыі. Ларыса Шчыракова не адмаўляла, што здымала відэа, але выкладала яго ў сеціва на сваю старонку Youtube. «Хто заўгодна мог узяць маё відэа там і скарыстацца. На Youtube я выклала больш за дзвесце відэа, і многія СМІ актыўна імі карысталіся. Што такое выкласці матэрыял у інтэрнэт? Гэта ўсё роўна, што паставіць талеркі з ежай у парку, і пайсці – хто заўгодна можа ўзяць тую ежу», - патлумачыла журналістка.

Суддзя Алена Шайн прыняла пастанову: спыніць адміністрацыйны працэс у дачыненні Ларысы Шчыраковай «у сувязі з адсутнасцю 7 снежня падзеі адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 22.9 КаАП». Вусна суддзя патлумачыла, што ў міліцэйскіх паперах і рапартах немагчыма разабрацца дакладна, пра які менавіта дзень ідзе гаворка – ці пра 7 снежня, ці пра 9, лічбы закрэслены, выпраўлены, таму працэс спынены.

«Я была проста здзіўлена, уражана такой пастановай. Я пачала верыць у здаровы сэнс, у тое, што магчыма ў судзе знайсці праўду, магчыма, каб было аб'ектыўнае разбіральніцтва. Я думаю, што суддзя ўзяла пад увагу маю аргументацыю ці знайшла зачэпку апраўдаць мяне праз той неахайна складзены пратакол. У маёй дзейнасці адсутнічае рэальная шкода грамадству, мне хочацца думаць, што такая пастанова прынятая не з-за фармальных парушэнняў, а з-за здаровага сэнсу», - пракаментавала фрылансер.

Тым не менш, заўтра, 5 лютага яна выклікана на суд у Светлагорск – для разбіральніцтва ў межах адміністрацыйнай справы па артыкулу 22.9 КаАП – незаконны выраб прадукцыі СМІ.

Нагадаем, сёння, 4 лютага Буда-Кашалёўскага раёну пакараў гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага штрафам у 40 базавых велічыняў - 8 млн. 400 тыс. рублёў. У райцэнтры па просьбе мясцовых жыхароў журналіст здымаў відэа пра праблемы на масласырзаводзе, працаўнікоў якога адправілі ў адпачынак за свой кошт. А пасля міліцыя склала пратакол за журналісцкую дзейнасць. Падчас суда журналісту патэлефанавалі з міліцыі Жлобіна, каб паведаміць аб складанні новага пратакола за журналісцкую дзейнасць.

«Сённяшняя сітуацыя - гэта ціск чыноўнікаў, якія хаваюць праўду і хочуць, каб людзі працавалі за паўтары мільёны ў месяц, а самі ў гэты час здаюць свае катэджы за вялікія грошы. Мне проста спрабуюць закрыць рот», - каментуе Жукоўскі.

Гэта ўжо пятае з пачатку года прыцягненне яго да адміністрацыйнай адказнасці – буйных штрафаў за «незаконны выраб прадукцыі СМІ».

Наступны суд чакае журналіста ў Ветцы, дзе ён здымаў матэрыял аб праблемах мясцовай ткацкай фабрыкі і малаказавода.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства