viasna on patreon

Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (30 траўня-5 чэрвеня)

2011 2011-06-07T10:31:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/humanrightsviolations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У траўні завершыліся судовыя працэсы па крымінальных справах, узбуджаных за Плошчу, асуджана – 31, аднак застаюцца яшчэ два дзесятка падазраваных і абвінавачаных, працэсы над якімі так і не пачыналіся. Дэпартаваны з забаронай ўезду ў краіну на 5 гадоў карэспандэнт расійскага тэлеканалу Радыён Марынічаў. Суд пакінуў у сіле папярэджанне "Нашай ніве", вынесенае Міністэрствам інфармацыі. Таксама засталася без задавальнення скарга старшыні ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага на вынесенае Генпракуратурайпапярэджанне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Мінюст аказвае ціск на адвакатаў.  Зняволеныя сведчаць пра катаванні падчас правядзення следства.

 

Палітычна матываваны крымінальны пераслед

Праваабаронцы падрыхтавалі “Поўнае апісанне судовага разбору па крымінальнай справе Статкевіча, Уса, Класкоўскага, Грыбкова, Буланава, Квяткевіча і Пазняка”, працэс над якімі працягваўся на працягу 7-мі дзён. У ліку абвінавачаных па справе аб масавых беспарадках застаюцца яшчэ сямёра, сярод якіх і тыя, хто пакінуў межы краіны: Алесь Міхалевіч і Наталля Радзіна. Па інфармацыі Алеся Лукашэвіча, даверанай асобы экс-кандыдата ў прэзідэнты А. Міхалевіча, на патрабаванне Беларусі палітык абвешчаны ў вышук паводле лініі Інтэрполу. Падазраванымі зьяўляюцца 13 удзельнікаў паслявыбарчага мітынгу на Плошчы. 

Вызначана месца адбыцця пакарання для асуджанага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава – Наваполацкая калонія № 10. Жонка палітыка журналістка Ірына Халіп паведаміла, што дадзеная калонія мае дрэнную рэпутацыю і знаходзіцца ў вельмі кепскім з пункту гледжання экалогіі месцы. Яна таксама адзначае, што, па словах сваякоў былых зняволеных, таксама гэта самае жудаснае месца і з пункту гледжання абыходжання са зняволенымі.

Допыты па справе 19 снежня працягваюцца.

 

Умовы ўтрымання ў месцах зняволення

Бацьку экс-кандыдата ў прэзідэнты М. Статкевіча без тлумачэння прычыны не дазволілі 1 чэрвеня сустрэцца з сынам у СІЗА КДБ. Віктар Паўлавіч Статкевіч у свае 84 гады прыехаў у Мінск адмыслова, каб пабачыць сына, які быў асуджаны 26 траўня на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Дзмітрый Новік, асуджаны на 3 гады 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта, распавёў сваёй маці, што на яго ў папраўчай калоніі № 17 г. Шклова ажыццяўляецца моцны ціск.

Прадстаўнік анархічнага руху Ігар Аліневіч паведаміў, што падчас знаходжання ў «амерыканцы” яго збівалі людзі ў масках. Пасля "выхаваўчых" гутарак" на твары і целе засталіся сляды. Зняволены напісаў скаргу Генеральнаму пракурору, але яна так і не пакінула межы СІЗА. 27 траўня Завадскі райсуд сталіцы вынес пакаранне групе актывістаў анархісцкага і сацыяльнага ўхілу. І.Аліневіч быў асуджаны  на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Праваабаронцы падрыхтавалі “Кароткі аналітычны агляд “па справе беларускіх анархістаў”. Асноўная выснова – грубыя парушэнні правоў асуджаных даюць падставы лічыць, што разгляд справы ў судзе не быў аб’ектыўным і усебаковым, а вынесеныя судом прысуды неабгрунтаваныя і незаконныя. Такім чынам, ПЦ “Вясна” лічыць, што вынесеныя пры такіх абставінах прысуды павінны быць адмененыя і перагледжаныя, паколькі папярэдняе следства па дадзенай справе суправаджалася грубейшымі працэсуальнымі парушэннямі.

 

Парушэнні права на абарону

30 траўня Міністэрства юстыцыі выдала загад аб правядзенні пазачарговай пераатэстацыі адвакатаў. Гэтая мера накіраваная на запалохванне адвакатаў. 

Міжнародная назіральная місія падрыхтавала чарговую сістэматызаваную падборку фактаў, якія ілюструюць ўмяшанне ў дзейнасць адвакатаў у Рэспубліцы Беларусь. Аналітычная даведка з'яўляецца вынікам адсочвання сітуацыі ў гэтай сферы ў перыяд з 19 лютага па 19 красавіка 2011 года і працягвае працу, прадстаўленую ў Аналітычнай даведцы № 03/01 "Рэалізацыя права на абарону і свабоднае ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці ў святле падзеяў у Рэспубліцы Беларусь за перыяд сьнежня 2010 - студзень 2011 г.» . Матэрыялы агляду сабраны з адкрытых крыніц інфармацыі, паведамленняў ад саміх адвакатаў, істотная дапамога ў падборцы фактаў была аказана асветніцкай ўстановай «Цэнтр прававой трансфармацыі». 

 

Пераслед праваабаронцаў

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі намагаўся праз суд адмяніць папярэджанне Генпракуратуры, вынесенае яму за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі (арт. 193.1 КК РБ) 16 лютага. Аднак 3 чэрвеня намеснік старшыні Цэнтральнага райсуду сталіцы Сямак А.М не пагадзілася з довадамі праваабаронцы і ягонага грамадзкага прадстаўніка Алега Гулака, старшыні БХК, і стала на бок пракуратуры, якая дзейнічала на запыт Мінюсту.

 

Абмежаванні свабоды слова

30 траўня Вышэйшы гаспадарчы суд не задаволіў скаргу рэдакцыі "Нашай Нівы" на папярэджанне Міністэрства інфармацыі ад 14 красавіка. Цягам месяца рэдакцыя мае права абскардзіць рашэньне суду. Калі вышэйшая інстанцыя пакіне рашэньне ў сіле, то будзе размарожаны працэс закрыцьця газэты, чаго і дамагаецца Міністэрства інфармацыі. 

29 траўня супрацоўнікамі праваахоўных органаў быў затрыманы карэспандэнт расейскага тэлеканалу «Дождж» Радыён Марынічаў. У РУУС яго дапытаў следчы, потым журналіста абшукалі і знайшлі графік сустрэчаў . Усе відэазапісы сцёрлі. У выніку Р.Марынічава дэпартавалі з Беларусі з забаронай уезду на тэрыторыю краіны тэрмінам на 5 гадоў.

Рэгіянальны незалежны сайт Барысаўскага рэгіёну ex-press.by, які быў створаны журналістамі закрытай перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года газеты «Кур'ер з Барысава», арэндадаўца высяляюць са знятага офіса. 2 чэрвеня чарговы арэндадаўца запатрабаваў вызваліць памяшканне, якое рэдакцыя здымала на працягу палутара гадоў.

Міжнародная назіральная місія Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі распаўсюдзіла заяву "Аб перашкодзе дзейнасці замежных сродкаў масавай інфармацыі у Рэспубліцы Беларусь ", у якой выказала глыбокую занепакоенасць у сувязі з тым, што практыка апошніх месяцаў прадэманстравала негатыўныя наступствы дзеяння Закона Рэспублікі Беларусь" Аб сродках масавай інфармацыі "ў частцы рэгулявання прафесійнай дзейнасці замежных СМІ.

 

Абмежаванні права на свабоду мірных сходаў

31 траўня ў Менску ў фальварку «Добрыя мысьлі» была запланаваная прэзэнтацыя новай кнігі Ўладзімера Мацкевіча «Ня думайце пра рыжага і сляпога качканоса». Аднак за 20 хвілін да пачатку імпрэзы супрацоўнікі кавярні папрасілі прабачэння і адмовілі ў замоўленай залі, патлумачыўшы гэта тэлефанаваннем з Менгарвыканкаму. Прэзэнтацыя ў тэрміновым парадку была перанесена ў іншае месца.

 

Парушэнні працоўных правоў па палітычных матывах

З Кацярынай Кастусёвай, дачкой экс-кандыдата Рыгора Кастусёва, якая працавала настаўніцай музыкі, не працягнулі працоўны кантракт. Падчас прэзідэнцкай кампаніі яна была актывісткай у камандзе свайго бацькі. Былы кандыдат лічыць, што дачку звольнілі з-за ягонай палітычнай дзейнасці.

Штатную карэспандэнтку дзяржаўнай газеты “Звязда” Настассю Зянько не ўзялі на працу ў выданне пасля заканчэння вуза. Як стала вядома, заяўка на яе размеркаванне ў выданне была адкліканая. У снежні журналістка была назіральніцай на студэнцкім выбарчым участку ў інтэрнаце, дзе жыла. У дзень выбараў на ўчастак прыязджаў дэкан Сяргей Дубовік, які быў моцна здзіўлены, убачыўшы, што сярод незалежных назіральнікаў ёсць студэнты журфаку. Н. Занько складае скаргу паводле адказаў з Міністэрства адукацыі, рэктарату і Міністэрства інфармацыі на неправамоцныя дзеянні камісіі. “Скаргу я накірую ў Дзяржкантроль, Дэпартамент кантролю якасці адукацыі, а таксама ў Камітэт правоў чалавека.

 

Дзейнасць спецслужбаў

Гомельскае ўпраўленне КДБ згубіла тэлефон мясцовага праваабаронцы Анатоля Паплаўнага, канфіскаваны падчас ператрусу. Па словах праваабаронцы, супрацоўнік спецслужбаў Марыніч узяў з яго распіску пра адсутнасць прэтэнзій. Згублены мабільны тэлефон – не першая канфіскаваная рэч, якую згубілі супрацоўнікі КДБ. Так, у нетрах КДБ бясследна знік польскі рататар часоў “Салідарнасці”, што належыў Гомельскаму грамадска-палітычнаму цэнтру па вуліцы Палеская, 52.

 

"Праваабарончая хроніка"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства