viasna on patreon

Крымінальная справа аб масавых беспарадках: 7 абвінавачаных, 13 падазраваных і 31 асуджаны

2011 2011-05-18T11:08:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kryminalnajaspravamasbiesparadki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Крымінальная справа аб масавых беспарадках

Крымінальная справа аб масавых беспарадках

Дзесяці фігурантам справы было перапрад’яўлена абвінавачанне – па ч.1 арт.342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Усе былі асуджаныя па дадзеным артыкуле і атрымалі розныя пакараньня: 1 - абмежаваньне волі (П.Севярынец), 2 - пазбаўленьне волі з адтэрміноўкай, 6 -пазбаўленьне волі ўмоўна, 1 - пазбаўленьне волі на 2 гады (З.Бандарэнка).
Такім чынам, па інфармацыі ПЦ “Вясна”, па справе аб масавых беспарадках у статусе абвінавачаных знаходзяцца 7 чалавек, 5 зь іх – пад падпіскай аб нявыездзе, а 2 знаходзяцца па-за межамі краіны. У статусе падазраваных – 13 чалавек, з іх 3 знаходзяцца па-за межамі краіны. 28 фігурант крымінальнай справы асуджаны да пазбаўлення волі, 2 – да штрафаў і 1 – да абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.   

Праваабарончы цэнтр “Вясна” звяртаецца да ўсіх, хто валодае інфармацыяй пра невядомых нам фігурантаў справы аб масавых беспарадках, з просьбай паведаміць нам на электронны адрас infocenter8@gmail.com, каб дапамагчы ім з паўнавартаснай прававой і адвакацкай дапамогай.

Таксама два чалавекі асуджаныя па ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Абвінавачаныя па крымінальнай справе па артыкуле 293, частках 1 і 2, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Масавыя беспарадкі"

  1. Арастовіч Аляксандр - давераная асоба М. Статкевіча. Вызвалены з-пад варты 15 лютага пад падпіску аб нявыездзе.
  2. Кобец Уладзімір - кіраўнік перадвыбарнага штаба А.Саннікава. Знаходзіўся пад вартай. З 26 студзеня - пад падпіскай аб нявыездзе.
  3. Корбан Алег - адзін з кіраўнікоў моладзевай арганізацыі АГП "Маладыя дэмакраты". 7 студзеня вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.
  4. Лябедзька Анатоль - старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Вызвалены з-пад варты 06.04.2011 пад падпіску аб нявыездзе. Але канчатковае абвінавачанне не было прад’яўлена.
  5. Міхалевіч Аляксей экс-кандыдат у прэзідэнты. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ. 19 лютага выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Па некаторай інфармацыі, уноч на 14 сакавіка з'ехаў з Беларусі.
  6. Паўлаў Анатоль - давераная асоба Я.Раманчука. 7 студзеня вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.
  7. Радзіна Наталля - журналістка, рэдактар інтэрнэт-сайта charter97.org. Утрымлівалася пад вартай у СІЗА КДБ. 28 студзеня вызвалена пад падпіску аб нявыездзе. 31 сакавіка з'явілася інфармацыя, што Наталля выехала за мяжу.

Падазраваныя па крымінальнай справе па артыкуле 293, частках 1 і 2, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Масавыя беспарадкі"

  1. Апішаў Дзмітрый - пасля адбыцця 11-сутачнага арышту ўручана пастанова аб прызнанні падазраваным па ч.2 арт.293.
  2. Васілеўскі Аляксандр – адбыў 15 сутачны арышт, 12 студзеня затрыманы дома ў якасці падазраванага; вызвалены ўдзень 14 студзеня.
  3. Гусельцаў Дзяніс - быў затрыманы 21 сакавіка ў якасці падазраванага па ч.2 арт. 293.  Быў змешчаны пад варту на 3 сутак, пасля чаго быў адпушчаны пад абавязальніцтва пра яўку. 
  4. Давыдзенка Антон – пасля адбыцця 10-сутачнага арышту затрыманы як падазраваны, 2 дні правёў пад вартай. 31 снежня адпушчаны.
  5. Каваленка Усевалад – магчымы падазраваны, адбыў 15-сутачны арышт на Акрэсціна.
  6. Кастусёў Рыгор – экс-кандыдат у прэзідэнты.
  7. Клюеў Сяргей - 3 студзеня пасля адбыцця 15 сутачнага арышту прад’яўлена пастанова аб прызнанні яго падазраваным.
  8. Красноў Мікіта – статус падазраванага быў указаны ў пастанове на правядзенне вобыску супрацоўнікамі КДБ 27 снежня. Знаходзіцца за межамі Беларусі.
  9. Мікалаеў Андрэй - затрыманы ўвечары 11 студзеня дома пасля правядзення ператрусу, на трое сутак быў змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна. Увечары 14 студзеня вызвалены.  
  10. Навіцкі Леанід – давераная асоба Андрэя Саннікава. Знаходзіцца за межамі краіны.
  11. Стажараў Віталь – актывіст Мінскай гарадской арганізацыі “Маладых дэмакратаў”. Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў вымушаны быў з’ехаць з Беларусі. Папярэдне  юнаку некалькі разоў дасылалі позвы з’явіцца на допыт у якасьці сведкі. 30 сакавіка яго бабулі была ўручаная позва ва УКДБ па Менску і Менскай вобласці ў якасці падазраванага.
  12. Шарстоў Аляксей - 23-гадовы студэнт быў затрыманы ў якасці падазраванага ўвечары 21 сакавіка. Змешчаны пад варту ў СІЗА на вул. Валадарскага на 3 сутак, пасля чаго быў адпушчаны пад абавязальніцтва пра яўку.  
  13. Шыдлоўскі Дзяніс – адбыў 10 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня. 2 лютага ўзяты пад варту на 3 сутак у якасці падазраванага. Вызвалены з-пад варты.

Асуджаныя па крымінальнай справе па артыкуле 293, частках 1 і 2, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Масавыя беспарадкі"

1. Атрошчанкаў Аляксандр - прэс-сакратар перадвыбарнага штаба А. Саннікава. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ. Прад'яўлена абвінавачанне па ч.2 арт.293. Судовы працэс распачаўся 01.03.2011 г. у судзе Фрунзенскага р-ну Менска. 02.03.2011 суддзя Таццяна Чэркас вынесла прысуд: 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для адбыцця пакарання пераведзены ў папраўчую калонію №3 “Віцьба”.

2. Брэус Арцём – грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Быў затрыманы 19 снежня і пакараны арыштам на 10 сутак. Вызвалены 29 снежня разам з іншымі расіянамі. Праз паўгадзіны зноў затрыманы ў межах крымінальнай справы, абвінавачанне прад'яўлена 5 студзеня – ч.2 арт.293. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Працэс па справе ў судзе Маскоўскага раёну Менска распачаўся 22.02.2011, у сувязі з перапрад’яўленнем абвінавачвання працягваўся 01.03.2011. Апошнія судовыя слуханні адбыліся 10.03.2011, калі суддзя Любоў Сямахіна вынесла прысуд: пакаранне ў выглядзе штрафу памерам у 300 базавых велічынь. Вызвалены ў залі суду.

3. Буланаў Дзмітрый – Адбыў 10 сутак адміністратыўнага арышту. 12 студзеня затрыманы на 3 сутак у якасці падазраванага. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскаг, меў значныя праблемы са здароўем. 26 траўня 2011 году судзьдзя Людміла Грачова вынесла прысуд.

4. Васілевіч Ілля – адбыў 10-сутачны арышт. 5 студзеня затрыманы як падазраваны. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Працэс праходзіў у судзе Партызанскага раёна Мінска з 27 красавіка па 13 траўня. Суддзя Наталля Чацвертакова 14 траўня абвесціла прысуд: 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.   

5. Вінаградаў Павел – актывіст кампаніі “Гавары праўду”. 11 студзеня было прад’яўлена абвінавачанне па чч.1 і 2 арт. 293. Канчатковае абвінавачанне – па ч. 2 арт. 293 і арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў). Знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 на вул.Валадарскага. Судовы працэс распачаўся 27.04.2011 г. у судзе Кастрычніцкага раёна г.Мінска (суддзя Ала Булаш). 05.05.2011 асуджаны па ч. 2 арт. 293 КК да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.Пераведзены ў калонію "Воўчыя норы" пад Івацэвічамі.

6. Гапонаў Іван – грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Быў затрыманы 19 снежня і пакараны арыштам на 10 сутак. Вызвалены 29 снежня разам з іншымі расіянамі. Праз гадзіну забралі з дому ў межах крымінальнай справы. Абвінавачанне прад'яўлена 5 студзеня – ч.2 арт.293. Знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Працэс па справе ў судзе Маскоўскага раёну Менска распачаўся 22.02.2011, у сувязі з перапрад’яўленнем абвінавачвання працягваўся 01.03.2011. Апошнія судовыя слуханні адбыліся 10.03.2011, калі суддзя Любоў Сямахіна вынесла прысуд: пакаранне ў выглядзе штрафу памерам у 300 базавых велічынь. Вызвалены ў залі суду.

7. Гнедчык Алег – з 6 па 9 студзеня знаходзіўся пад вартай і дапытваўся як падазраваны. 25 сакавіка прад’яўлена абвінавачанне і абраная іншая мера стрымання - пад вартай. Знаходзіўся ў СІЗА па вуліцы Валадарскага. Працэс праходзіў у судзе Партызанскага раёна Мінска з 27 красавіка па 13 траўня. Суддзя Наталля Чацвертакова 14 траўня абвесціла прысуд: 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

8. Грыбкоў Арцём - адбыў 10 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту. 12 студзеня затрыманы ў межах крымінальнай справы, прад'яўлена абвінавачанне. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага.26 траўня 2011 году судзьдзя Людміла Грачова вынесла прысуд.

9. Даронін Дзмітрый - 28-гадовы жыхар Менску. Затрыманы 14 сакавіка на працоўным месцы. У статусе падазраванага на трое сутак быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання па вул.Акрэсціна.17 сакавіка пераведзены ў СІЗА па вул.Валадарскага. Абвінавачанне прад'яўлена 22 сакавіка. Працэс праходзіў у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска з 5 па 11 траўня 2011г. пад старшынствам суддзі Алены Шылько. 12 траўня суд прыгаварыў да 3 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі. 

10. Дрозд Дзмітрый – сябра ініцыятыўнай групы А.Саннікава. Адбыў 10-сутачны арышт за ўдзел у акцыі пратэсту. 1 лютага быў узяты пад варту на 3 сутак як падазраваны па ч. 2 арт. 293 КК, прад’яўлена абвінавачанне. Утрымліваўся пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Судовы працэс распачаўся 27.04.2011 г. у судзе Кастрычніцкага раёна г.Мінска (суддзя Ала Булаш). 05.05.2011 асуджаны па ч. 2 арт. 293 КК да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

11. Казакоў Сяргей – актывіст “Еўрапескай Беларусі”. 27 студзеня затрыманы ў якасці падазраванага, прад’яўлена абвінавачанне. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Працэс праходзіў у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска з 5 па 11 траўня 2011г. пад старшынствам суддзі Алены Шылько. 12 траўня суд прыгаварыў да 3 гадоў пазбаўлення волі.

12. Квяткевіч Аляксандр – адбыў 12-сутачны арышт за ўдзел у акцыі 19 снежня. 4 студзеня затрыманы як падазраваны, прад'яўлена абвінавачанне. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ. 26 траўня 2011 году судзьдзя Людміла Грачова вынесла прысуд.

13. Кіркевіч Алесь – актывіст “Маладога Фронту” з Гродна. Адбыў 10-сутачны арышт за ўдзел у акцыі салідарнасці 24 снежня. 28 студзеня затрыманы ў якасці падазраванага, прад’яўлена абвінавачанне. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ. Судовы працэс распачаўся 27.04.2011 г. у судзе Кастрычніцкага раёна г.Мінска (суддзя Ала Булаш).  05.05.2011 асуджаны па ч. 2 арт. 293 КК да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

14. Класкоўскі Аляксандр - былы супрацоўнік міліцыі. Прад'яўлена абвінавачанне па чч.1 і 2 арт.293, таксама ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і ў самавольным прысваенні звання ці ўлады службовай асобы (арт. 382 КК). Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ. 26 траўня 2011 году судзьдзя Людміла Грачова вынесла прысуд.

15. Ліхавід Мікіта - актывіст Руху "За свабоду". Пастанова пра 15-сутачны арышт адменена, пераведзены ў статус абвінавачанага. Утрымліваўся пад вартай у СІЗА №1 на вул.Валадарскага. 21 лютага выстаўлена канчатковае абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня. Судовыя слуханні па справе праходзілі 22–24 і 29 сакавіка ў судзе Партызанскага раёна г.Мінска. 29.03.2011 суддзя Наталля Пыкіна вынесла прысуд – 3 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.

16. Лобан Уладзімір – 29 снежня адбыў 10-сутачны адміністрацыйны арышт на Акрэсціна. Пасля затрыманы як падазраваны па крымінальнай справе, прад'яўлена абвінавачанне. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Працэс праходзіў у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска з 5 па 11 траўня 2011г. пад старшынствам суддзі Алены Шылько. 12 траўня суд прыгаварыў да 3 гадоў пазбаўлення волі.

17. Малчанаў Аляксандр – удзельнік акцыі 19 снежня. Затрыманы 6 студзеня дома ў Барысаве ў межах крымінальнай справы, прад'яўлена абвінавачанне па ч.2 арт.293. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ. Судовы працэс распачаўся 01.03.2011 г. у судзе Фрунзенскага р-ну Менска. 02.03.2011 суддзя Таццяна Чэркас вынесла прысуд: тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для адбыцця пакарання пераведзены ў папраўчую калонію №15 у Магілёве.

18. Мацукевіч Віталь - быў затрыманы 21 сакавіка ў якасці падазраванага па ч.2 арт. 293.  Змешчаны пад варту на 3 сутак. 23 сакавіка гарадской пракуратурай санкцыянаваная мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. 4 красавіка следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла пра прад’яўленне абвінавачання па ч.2 арт. 293. Знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Працэс праходзіў у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска з 5 па 11 траўня 2011г. пад старшынствам суддзі Алены Шылько. 12 траўня суд прыгаварыў да 3 гадоў пазбаўлення волі.   

19. Мірзаянаў Фёдар – адбыў 15-сутачны арышт за ўдзел у акцыі пратэсту. 25 студзеня дастаўлены на допыт у следчае ўпраўленне, пасля допыту ўзяты пад варту на 3 сутак як падазраваны па крымінальнай справе. 1 лютага прад’яўлена абвінавачанне. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Працэс праходзіў у судзе Партызанскага раёна Мінска з 27 красавіка па 13 траўня. Суддзя Наталля Чацвертакова 14 траўня абвесціла прысуд: 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

20. Мядзведзь Дзмітрый – пасля адбыцця 10-сутачага арышту затрыманы па крымінальнай справе. 6 студзеня прад’яўлена абвінавачанне па чч.1 і 2 арт.293. Змешчаны пад варту ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Канчатковае абвінавачанне - па ч.2 арт.293 КК РБ. Працэс па справе ў судзе Маскоўскага раёну Менска распачаўся 01.03.2011, у сувязі з перапрад’яўленнем абвінавачвання працягнуўся 10.03.2011. Суддзя Алена Рудніцкая  вынесла прысуд: 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

21. Новік Дзмітрый – затрыманы 23 снежня позна ўвечары дома ў Баранавічах як падазраваны па крымінальнай справе. Абвінавачанне прад’яўлена 30 снежня па ч.2 арт. 293 КК – “удзел у масавых беспарадках”. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Судовы працэс распачаўся 01.03.2011 г. у судзе Фрунзенскага р-ну Менска. 02.03.2011 суддзя Таццяна Чэркас вынесла прысуд: тры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для адбыцця пакарання пераведзены ў папраўчую калонію №17 у Шклове. 

22. Пазняк Андрэй – пакараны штрафам у памеры 30 б.в. Пасля навагодніх святаў затрыманы ў межах крымінальнай справы, узяты пад варту. Прад'яўлена абвінавачанне па арт.293 КК. Утрымліваецца пад вартай у СІЗА №1 на вул.Валадарскага.26 траўня 2011 году судзьдзя Людміла Грачова вынесла прысуд.

23. Парфянкоў Васіль – актывіст штаба Ул.Някляева. Быў затрыманы 4 студзеня ў якасці падазраванага, утрымліваўся пад вартай у СІЗА №1 на вул.Валадарскага. Было прад’яўлена абвінавачванне па ч.2 арт.293 – “удзел у масавых беспарадках”. Судом Фрунзенскага раёна г. Мінска (суддзя Вольга Комар) 17.02.2011 асуджаны да 4-х гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Для адбыцця пакарання пераведзены ў папраўчую калонію ў Оршу.

24. Пратасеня Андрэй – падчас выбараў быў валанцёрам у агітацыйнай кампаніі кандыдата Я.Раманчука. Затрыманы 9 лютага, бліжэй да вечара. Прад’яўлена абвінавачанне па ч.2 арт.293. Утрымліваўся пад вартай у СІЗА КДБ. Судовы працэс распачаўся 27.04.2011 г. у судзе Кастрычніцкага раёна г.Мінска (суддзя Ала Булаш).  05.05.2011 асуджаны па ч. 2 арт. 293 КК да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

25. Сакрэт Яўген - быў затрыманы на плошчы Незалежнасці 19 снежня. Судом Фрунзенскага раёна (суддзя Вольга Комар) пакараны арыштам на 10 сутак. Пасля Акрэсціна адразу патрапіў у СІЗА №1 на Валадарскага. Працэс праходзіў у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска з 5 па 11 траўня 2011г. пад старшынствам суддзі Алены Шылько. 12 траўня суд прыгаварыў да 3 гадоў пазбаўлення волі.

26. Саннікаў Андрэй экс-кандыдат у прэзідэнты. Абвінавачаны па ч.1 арт. 293. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ. Працэс праходзіў у судзе Партызанскага раёна Мінска з 27 красавіка па 13 траўня. Суддзя Наталля Чацвертакова 14 траўня абвесціла прысуд: 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

27. Статкевіч Мікалай экс-кандыдат у прэзідэнты. Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ. Падчас следства абвінавачанне было зменена з ч.2 на ч.1 арт.293 КК.26 траўня 2011 году судзьдзя Людміла Грачова вынесла прысуд.

28. Ус Дзмітрый – экс-кандыдат у прэзідэнты. Быў затрыманы ўноч з 19 на 20 снежня пасля масавай акцыі пратэсту. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. Удзень 20 снежня выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. 18 сакавіка прад’яўлена абвінавачанне па ч.1 арт.293 КК.26 траўня 2011 году судзьдзя Людміла Грачова вынесла прысуд.

29. Федаркевіч Алег - удзельнік акцыі 19 снежня. Пастанова аб 10-сутачным арышце адменена, пераведзены ў статус падазраванага па крымінальнай справе, прад'яўлена абвінавачанне. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 на вул.Валадарскага. Працэс праходзіў у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска з 5 па 11 траўня 2011г. пад старшынствам суддзі Алены Шылько. 12 траўня суд прыгаварыў да 3 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі.  

30. Хамічэнка Уладзімір – за ўдзел у акцыі быў арыштаваны на 15 сутак. Пераведзены ў статус падазраванага па крымінальнай справе. Прад’яўлена абвінавачанне – ч.2 арт.293. Знаходзіўся пад вартай. Судовы працэс распачаўся 27.04.2011 г. у судзе Кастрычніцкага раёна г.Мінска (суддзя Ала Булаш). 05.05.2011 асуджаны па ч. 2 арт. 293 КК да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

31. Яроменак Уладзімір – актывіст “Маладога Фронту”. Адбыў 15-сутачны арышт за ўдзел у акцыі салідарнасці 20 снежня. Яшчэ 7 сутак правёў у ЦІП на вул.Акрэсціна пасля допыту ў КДБ у якасці сведкі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. 28 студзеня затрыманы ў якасці падазраванага па дадзенай справе, прад’яўлена абвінавачанне. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА па вул.Валадарскага. Канчатковае абвінавачанне – па ч.2 арт.293. Працэс праходзіў у судзе Партызанскага раёна Мінска з 27 красавіка па 13 траўня. Суддзя Наталля Чацвертакова 14 траўня абвесціла прысуд: 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.   

 

Артыкул 293 "Масавыя беспарадкі"

1. Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады,

- караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.

2. Удзел у масавых беспарадках, якое выказалася ў непасрэдным здзяйсненні дзеянняў, названых у частцы першай дадзенага артыкула,

- караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Асуджаныя па арт. 342, частцы 1, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”

1. Бандарэнка Зміцер - каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", давераная асоба кандыдата Андрэя Саннікава. Арыштаваны 20 снежня ва ўласнай кватэры. Утрымліваўся пад вартай у СІЗА КДБ. 4 красавіка стала вядома, што следства перакваліфікавала абвінавачванне на ч.1 арт.342. Суд праходзіў 26.04.2011 у судзе  Першамайскага раёну Менску. 27.04.2011 суддзя Таццяна Равінская вынесла прысуд - 2 гады калоніі агульнага рэжыму.

2. Вазняк Сяргей - давераная асоба Ул.Някляева. 29 студзеня вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. 30 сакавіка следчае упраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама перапрад’явіла абвінавачанне. Таксама абвінавачваецца па ч.1 арт.401 «Загадзя ілжывае паказанне». 20.05.2011 г. судзьдзя Фрунзенскага р-ну г.Менску Жанна Жукоўская прысудзіла 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

3. Дзмітрыеў Андрэй - кіраўнік перадвыбарнага штаба Ул.Някляева. Вызвалены з-пад варты 3 студзеня пад падпіску аб нявыездзе. 30 сакавіка следчае упраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама перапрад’явіла абвінавачанне. 20.05.2011 г. судзьдзя Фрунзенскага р-ну г.Менску Жанна Жукоўская прысудзіла 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

4. Марцалеў Сяргей - кіраўнік выбарчага штаба М.Статкевіча. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ. 4 красавіка стала вядома, што следства перакваліфікавала абвінавачванне на ч.1 арт.342. Працэс працягваўся пяць дзён - з 11.05.2011 па 14.05.2011 - у судзе Заводскага раёна г. Мінска. 16.05.2011г. быў абвешчаны прысуд: 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна (залічыць час знаходжання пад вартай у тэрмін пакарання).

5. Някляеў Уладзімір экс-кандыдат у прэзідэнты. 29 студзеня - вызвалены з-пад варты з СІЗА КДБ пад хатні арышт. 30 сакавіка следчае упраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама перапрад’явіла абвінавачанне. 20.05.2011 г. судзьдзя Фрунзенскага р-ну г.Менску Жанна Жукоўская прысудзіла 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

6. Палажанка Анастасія - намеснік  старшыні "Маладога Фронту". Утрымлівалася пад вартай у СІЗА КДБ. 17 лютага вызвалена пад падпіску аб нявыездзе. 30 сакавіка следчае упраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама перапрад’явіла абвінавачанне. 20.05.2011 г. судзьдзя Фрунзенскага р-ну г.Менску Жанна Жукоўская прысудзіла 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

7. Рымашэўскі Віталь экс-кандыдат у прэзідэнты. 31 снежня 2010г. вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. 30 сакавіка следчае упраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама перапрад’явіла абвінавачанне. 20.05.2011 г. судзьдзя Фрунзенскага р-ну г.Менску Жанна Жукоўская прысудзіла 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

8. Севярынец Павел - давераная асоба В.Рымашэўскага. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ. 4 красавіка стала вядома, што следства перакваліфікавала абвінавачванне на ч.1 арт.342. Працэс працягваўся пяць дзён - з 11.05.2011 па 14.05.2011 - у судзе Заводскага раёна г. Мінска. 16.05.2011г. быў абвешчаны прысуд: 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (залічыць час знаходжання пад вартай у тэрмін пакарання: адзін дзень знаходжання пад вартай лічыць як два дні адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі).

9. Фядута Аляксандр - палітолаг, адзін з каардынатараў перадвыбарнага штаба Ул.Някляева. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ. 30 сакавіка следчае упраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама перапрад’явіла абвінавачанне. Увечары 8 красавіка вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.20.05.2011 г. судзьдзя Фрунзенскага р-ну г.Менску Жанна Жукоўская прысудзіла 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

10. Халіп Ірына - журналістка, жонка Андрэя Саннікава. Утрымлівалася пад вартай у СІЗА КДБ. 29 студзеня вызвалена пад хатні арышт. 4 красавіка стала вядома, што следства перакваліфікавала абвінавачванне на ч.1 арт.342. Працэс працягваўся пяць дзён - з 11.05.2011 па 14.05.2011 - у судзе Заводскага раёна г. Мінска. 16.05.2011г. быў абвешчаны прысуд: 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады (залічыць час знаходжання пад вартай у тэрмін пакарання).

 

Артыкул 342. Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх

1. Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнуўшых парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства -

караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

2. Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фiнансаванне або iншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства

караюцца арыштам на тэрмін да шасці месяцаў або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

 

Крымінальная справа па артыкуле 339 ч. 3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Хуліганства"

1. Дашкевіч Зміцер - старшыня "Маладога Фронту"
2. Лобаў Эдуард - актывіст "Маладога Фронту”

Затрыманыя 18 снежня, абодвум прад'яўлены абвінавачанні ў асабліва злосным хуліганстве. Утрымліваліся пад вартай у турме ў Жодзіне. 2 сакавіка абодва пераведзеныя ў Менск - у СІЗА №1 па вул.Валадарскага.

Працэс па справе праходзіў 22-24 сакавіка 2011г. ў судзе Маскоўскага раёна г.Менска. Суддзя - Алена Шылько. Дзяржаўны абвінаваўца - К. Мазоўка. 24 сакавіка абвешчаны прысуд: Зм.Дашкевічу - 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (знаходзіцца ў СІЗА на вул.Валадарскага), Э.Лобаву - 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму (для адбыцця пакарання адпраўлены ў 22-ую калонію ўзмоцненага рэжыму ў п.Воўчыя норы пад Івацэвічамі).

 Артыкул 339 "Хуліганства"

1. Наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, што суправаджаюцца ўжываннем гвалту або пагрозай яго ўжывання альбо знішчэннем або пашкоджаннем чужой маёмасці альбо адрозніваючыеся па сваім змесце выключным цынізмам (хуліганства)

2. Хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асоб, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая прыпыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем меней цяжкага цялеснага пашкоджання (злоснае хуліганства)

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі першай або другой адзенага артыкула, здзейсненыя з ужываннем зброі, іншых прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці зброі для прычынення цялесных пашкоджанняў, ужываннем выбуховых рэчываў або выбуховых прылад альбо  здзейсненыя з пагрозай іх ужывання, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства (асабліва злоснае хуліганства)

- караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства