Дачку экс-кандыдата ў прэзідэнты звольнілі з працы
З Кацярынай Кастусёвай, якая працавала настаўніцай музыкі, не працягнулі працоўны кантракт.
Падчас прэзідэнцкай кампаніі Кацярына была актывісткай у камандзе свайго бацькі, Рыгора Кастусёва. Экс-кандыдат лічыць, што дачку звольнілі з-за яго палітычнай дзейнасці.
Як адзначае Радыё "Свабода", Кацярына Кастусёва скончыла сярэднюю школу з залатым медалём, а музычную вучэльню і акадэмію музыкі — з высокімі баламі паспяховасці. Працаваць па спецыяльнасці "Харавое дырыжыраванне" пачала на трэцім курсе акадэміі. Яна сябра Партыі БНФ. У дзіцячай школе мастацтваў № 6 Магілёва адпрацавала два гады.
Дзяўчыну не папярэджвалі,
што кантракт з ёй не працягнуць, яе
проста паставілі перад фактам.
Адміністрацыя школы мастацтваў адмаўляе,
што дачку экс-кандыдата звольнілі з
палітычных матываў.
Рыгор Кастусёў кажа,
што з-за яго палітычнай дзейнасці ўлада
карае ягоных дзяцей. Пасля парламенцкіх
выбараў са школы звольнілі яго старэйшую
дачку. Праблемы з вучобай былі і ў сына.
Цяпер ён у Гданьску, і там, кажа Кастусёў,
праблемаў з вучобай у яго няма.