Дзмітрый Новік адчувае ціск у Шклоўскай калоніі
Дзмітрый Новік, асуджаны на 3 гады 6 месяцаў калоніі узмоцненага рэжыму за ўдзел у дэманстрацыі супраць фальсіфікацый выбараў прэзідэнта, распавёў сваёй маці, Наталлі Міхайлаўне, што на яго ў папраўчай калоніі №17 у горадзе Шклоў ажыццяўляецца моцны ціск.
- Яго правакуюць, - паведаміла маці Дзмітрыя. - Кажу яму: сын, трымайся, вельмі прашу цябе. Адказвае: мама, не ведаю, чаго чапляюцца. Па тэлефоне падрабязнасці не кажа. Я так лічу, што павінна быць нейкая амністыя, і яны адмыслова правакуюць, каб не падлягалі пад амністыю, каб другі артыкул упаяць, каб чалавек сядзеў. Я адвакату свайму патэлефанавала, ён паабяцаў пад’ехаць. І сама збіраюся. 17 чэрвеня ў мяне доўгатэріновая сустрэча.
Дзмітрый Новік родам з Баранавічаў. Ён быў асуджаны па артыкуле аб масавых беспарадках судом Фрунзенскага раёну Мінску. Віну прызнаў часткова. Прысуд не абскардзіў.
Разам з ім на адным працэсе былі асуджаныя Аляксандр Малчанаў на 3 гады пазбаўлення волі і прэсавы сакратар кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў – на 4 гады пазбаўлення волі.