viasna on patreon

91 чалавека асудзілі за данаты. Як у Беларусі пераследуюць за салідарнасць, і як не патрапіць за гэта пад рэпрэсіі Дапоўнена

2024 2024-08-23T14:05:00+0300 2024-08-23T14:07:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna_14_cisk-za-danaty-by_sol_facebook.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У пачатку 2024 года стала вядома пра жудасныя наступствы пераследу за праяву салідарнасці. У калоніі памёр асуджаны на тры гады за данаты палітвязень Вадзім Храсько, які меў цяжкае захворванне.

У 2020 годзе ў адказ на гвалт з боку сілавікоў узнікла моцная хваля салідарнасці. Беларусы пачалі актыўна данаціць у шматлікія фонды для дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій. Частку людзей, якія данацілі ў 2020 годзе актыўна выклікаюць у КДБ і просяць не ў працэсуальным парадку ахвяраваць сумы ў шмат разоў большыя за данаты, пагражаючы крымінальнай справай. Як паведаміла МУС, толькі з пачатку 2024 года 260 чалавек зрабілі "дабраахвотных ахвяраванняў" на суму больш за 356 тысяч даляраў. Некаторых данаціўшых адразу затрымліваюць у межах крымінальнай справы за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2 КК). За данаты ў структуры, якія прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі", у Беларусі пагражае да пяці гадоў калоніі. Нават на момант, калі яны не былі прызнаныя гэткімі. Таксама ў Беларусі актыўна пераследуюць паводле арт. 290-1 КК "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці" — за данаты ў розныя ініцыятывы, напрыклад, у BYPOL і "Кіберпартызанам". Па гэтым артыкуле пагражае да 12 гадоў зняволення. Апошнім часам беларусаў часцей пачалі судзіць адразу за фінансаванне экстрэмісцкай і тэрарэстычнай дзейнасці. На сёння вядома не меней за 9 такіх выпадкаў. У сукупнасці паводле двух названых артыкулаў па стане на 23 жніўня 2024 года асудзілі не меней як 91 чалавека на 255 гадоў пазбаўлення і абмежавання волі. 

Расказваем, як у Беларусі пераследуюць за данаты і праяву салідарнасці. А таксама нагадваем парады юрыстак "Вясны", што рабіць, калі выклікаюць на размову за данаты.

Ілюстрацыя: Вольга Пранкевіч

У 2020 годзе на хвалі салідарнасці ўзнікла шмат розных фондаў і ініцыятываў па дапамозе пацярпеўшым ад рэпрэсій. Гэта была беспрэцэдэнтная з’ява паводле аб’ёма дапамогі і жадаючых ахвяраваць. Так, напрыклад, 14 жніўня 2020 года Андрэй Стрыжак заснаваў фонд салідарнасці BYSOL, а з 2017 года ўжо дзейнічала ініцыятыва Аляксея Лявончыка By_help. Таксама збор сродкаў на меддапамогу для пацярпелых ад гвалту сілавікоў адкрыў фонд "Имена". Грашовы зборы арганізоўваліся пераважна праз сацсетку Facebook. Акрамя фондаў салідарнасці беларусы данацілі розным іншым ініцыятывам і арганізацыям: суполцы ананімных хакераў "Кіберпартызаны", палку Каліноўскага, медыяпраекту "Мотолько Помоги" і іншым.

Тых, хто данацілі беларускім добраахвотнікам ва Украіне пераследуюць за "фінансаванне вайны" (ч. 2 арт. 361-3 КК). На сённяшні дзень вядома як мінімум пра 13 чалавек, асуджаных па гэтым артыкуле. Мы іх вылучаем у асобную групу і ў гэтым матэрыяле не ўлічваем. Падрабязней пра іх можна пачытаць у нашым матэрыяле пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю.

Фонды салідарнасці — "экстрэмісцкія фармаванні"

У 2021 годзе ўлады пачалі актыўна прызнаваць фонды "экстрэмісцкімі фармаваннямі", а некаторыя ініцыятывы "тэрарыстычнымі арганізацыямі".

Беларусаў, данаціўшых у фонды, затрымліваюць або выклікаюць "на размову" у КДБ, ГУБАЗіК ці ДФР. Некаторым сілавікі прапануюць "адкупіцца": зрабіць нібы дабравольнае ахвяраванне ў памеры ў шмат разоў большым за суму даната. Як правіла сродкі прапануюць перавесці на спецыяльны рахунак медычнай установы. Але падкрэслім, што такое ахвярванне з'яўляецца непрацэсуальнай працэдурай і не з'яўляецца штрафам ці іншым відам пакарання. Пасля следчы можа выдаць пастанову аб спыненні крымінальнай справы. Улічваючы пануючае ў Беларусі беззаконне, нельга выключаць паўторнае ўзбуджэнне крымінальнай справы па тым жа эпізодзе.

Прыехала з Польшчы на пахаванне блізкага – затрымалі за данаты. Гісторыя берасцейкі

Берасцейка Наталля (імя зменена ў мэтах бяспекі) ў 2020 годзе актыўна падтрымлівала грамадзянскую супольнасць і зрабіла данат у фонд салідарнасці Bysol. Пазней дзяўчына з’ехала з мужам у Польшчу на вучобу і забыла пра гэты перавод. Сёлета летам дзяўчына вярталася на радзіму на пахаванне блізкага сваяка і была затрыманая на мяжы.

Следчы камітэт у лютым 2024 года паведаміў, што беларусы зрабілі "дабраахвотных ахвяраванняў" на суму больш за 37 мільёнаў рублёў (каля 11,5 млн. даляраў). Прадстаўнікі Следчага камітэту назвалі гэта "механізмам вызвалення ад крымінальнай адказнасці асоб, якія здзейснілі фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, аднак з'явіліся з пакаяннем і загладзілі прычыненую шкоду".

Таксама ў лютым праваабаронцам стала вядома, што Следчы камітэт даслаў у шэраг навуальных установаў дакладную запіску "аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынстваў". У ёй паведамляецца, што як мінімум 155 супрацоўнікаў БДУ данацілі "экстрэмісцкім фармаванням". Сцвярджаецца, што ў дачыненні да гэтых людзей "праводзяцца адпаведныя следчыя і працэсуальныя дзеянні".

А 14 сакавіка 2024 года УУС Мінскага аблвыканкама паведаміла, што толькі сёлета было выяўлена 260 чалавек, якія рабілі данаты ініцыятывам і арганізацыям, прызнаным уладамі "экстрэмісцкімі фармаваннямі" на суму больш за 5000 даляраў. Сілавікі прымусілі зрабіць "дабраахвотныя ахвяраванні" на суму больш за 356 тысяч даляраў. 

"Крымінальная справа або перавод грошай у РНПЦ". Беларус распавёў пра пераслед за данаты

Беларус, які ў траўні таксама прайшоў праз допыт у КДБ, распавёў "Вясне", за што яму прапанавалі перавесці грошы ў памеры ад 8 000 да 20 000 даляраў на рахунак анкалагічнай лякарні, на якіх умовах працуе дамоўленнасць з КДБ, а таксама пра праблемы з выездам праз літоўскую мяжу.

Як раней распавёў праваабаронцам адзін з беларусаў, данаціўшы ў 2020 годзе, КДБшнікі амаль адразу прапанавалі заплаціць 1500$ на "дабрачыннасць" у якасці кампенсацыі за данаты "экстрэмісцкім фармаванням". Чалавек адмовіўся, матывуючы гэта тым, што ніякім "экстрэмістам" ён грошы не ахвяраваў. У адказ на гэта супрацоўнікі запатрабавалі тэлефон і прасілі даць пароль ад Facebook-старонкі чалавека.

Зайсці на старонку ў сацсетцы ў КДБшнікаў не атрымалася, таму яны адпусцілі беларуса, аднак сказалі, што ён павінен прыйсці да іх зноў і даць ім доступ да Facebook. Мужчына праігнараваў іх патрабаванне — праз некаторы час да яго прыйшлі з ператрусам і забралі на “суткі”. У выніку, перад ім паставілі ўмову — ці ён плаціць 1500$, ці супраць яго можа быць распачата крымінальная справа.  

bilbordy-z-pahrozami-za-danaty.jpg
У студзені 2024 года ў Мінску з'явіліся банеры з пагрозамі крымінальнай адказнасці тым, хто данаціў у арганізацыі, прызнаныя ўладамі "экстрэмісцкімі фармаваннямі"

Стваральнік часопіса, танцорка, загадчык аптэкі. Каго судзяць за данаты

На сённяшні дзень вядома пра як мінімум 91 асуджанага за данаты паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкага фармавання) і ў сукупнасці з арт. 290-1 КК. Гэта людзі розных прафесій, сфераў дзейнасці і сацыяльнага статуса: галоўны інжынер буйнога прадпрыемства і былы супрацоўнік банка, сын палітыка і выкладчыца англійскай мовы, псіхалагіня і прэс-сакратар, біёлаг і мастачка з Брэста. 

6 гадоў калоніі за данаты для ілюстратаркі з Брэста

Наталля Левая. Фота з linkedin
Наталля Левая

Палітзняволеную ілюстратарку з Брэста Наталлю Левую затрымалі на беларускай мяжы па вяртанні з Польшчы. Жанчыну абвінавацілі сярод іншага ў данатах палку Каліноўскага і 17 ліпеня 2024 года асудзілі на шэсць гадоў калоніі. Таксама жынчыне прысудзілі штраф 40000 рублёў – амаль столькі, колькі жанчына заданаціла ў ініцыятывы і фонды. Наталля раней сплаціла штраф за данаты 2020 года і мела апавяшчэнне аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы ад КДБ. Але жанчыну ўсё роўна затрымалі.


Маладога біёлага з Мінску асудзілі за данаты

Валерый Залівака
Валерый Залівака

Маладога біёлага Валера Заліваку асудзілі летась у красавіку паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса за данаты. Мінчуку Валерыю 32 гады.Ён вучыўся ў БДУ і пісаў дыплом пра жукоў-лістаедаў. У жніўні 2024 года мужчыну ўнеслі ў "спіс экстржмістаў".


3 гады калоніі буйному бізнэсмену за данаты і пратэсныя акцыі

volkauyahor01.jpeg
Ягор Волкаў

Буйнога палітзняволенага бізнэсмена Ягора Волкава затрымалі зімою 2024 года. Мужчыну асудзілі летам 2024 года на тры гады калоніі за данаты і ўдзел у пратэсных акцыях. Ягор мінчук, мае 55 гадоў і займаўся грузаперавозкамі. Аўтапарк яго фірмы налічваў каля 100 грузавікоў.


6 гадоў калоніі за два данаты

Аляксандр Верасовіч
Аляксандр Верасовіч

57-гадовы палітзняволены Аляксандр Верасовіч меў у Маладзечне дробны бізнэс і гадаваў дваіх дзяцей. Ён вырашыў падтрымаць полк Каліноўскага і праз фонд салідарнасці BYSOL зрабіў ваярам два данаты. За гэта яго ў красавіку 2024 года асудзілі за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2 КК) і "фінансаванне вайны" (ч. 2 арт. 361-3 КК) на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.  


 Бізнэсмэна па вяртанні з-за мяжы асудзілі на 9 гадоў калоніі

rolich.jpg
Артур Роліч

Палітзняволены Артур Роліч валодаў крамай брэндавага адзення і абутку Grandbazaare, старонку якой перавёў у 2023 годзе на беларускую мову. Па вяртанні з адпачынка з-за мяжы летам 2023 года Артура затрымалі. Палітвязня абвінавацілі ў "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2 КК) і "фінансаванні тэрарызму" (арт. 290-1 КК) і сёлета ў траўні асудзілі на дзевяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.


"Здрада дзяржаве" і данаты ЗСУ. 10 гадоў калоніі жыхару Петрыкава

Палітвязня з Петрыкава Івана Сухамерава зытрымалі летам 2023 пры нелегальным пераходзе мяжы ў Беларусь. Яму паставілі ў віну нібы ўступленне ў BYPOL, "здраду дзяржаве", намер стаць ваяром палка Каліноўскага і данаты ў ЗСУ.

Івана асудзілі  вясною 2024 года паводле дзесяці крымінальных артыкулаў на дзесяць гадоў калоніі.


Зорку "Што? Дзе? Калі?" асудзілі на 3,5 гады "хіміі" за данаты ў 105 рублёў

Фёдар Шведаў. Фота: Белта
Фёдар Шведаў. Фота: Белта

Згодна версіі абвінавачвання, Фёдар Шведаў данаціў у ініцыятыву Сумленныя людзі, Беларускую раду культуры і By_HELP агулам на суму 105 рублёў.

Яго затрымалі зімою 2024 года, а вясною яго асудзілі за "фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-2 КК) на тры з паловай гады "хіміі".


khodyrava-ksenija_.jpg
Ксенія Ходырава

Палітзняволеную мінчанку Ксенію Ходыраву затрымалі ў кастрычніку 2023 года за данаты і некалькі месяцаў утрымлівалі ў СІЗА КДБ. У лютым 2024 года яе асудзілі за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" і за "фінансаванне вайны" (ч. 2 арт. 361-3 КК) на пяць гадоў калоніі

Ксенія вучыласа на культуралогіі ў БДУ і была адзначана ў намінацыі "Лепшы выпускнік БДУ-2018". Таксама дзяўчына займаецца футболам і танцамі. 


Галоўнага інжынера "Мілкавіты" Аляксандра Стругальскага асудзілі ў лютым 2024 года за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" на тры гады "хатняй хіміі". Яго затрымалі яшчэ восенню 2022 года. Паводле праўладных тг-каналаў, мужчына дасылаў грошы ў BySol. 


Танцорку і маці дваіх дзяцей Вікторыю Гаўрыліну асудзілі ў верасні 2023 года на тры гады і тры месяцы калоніі. Жанчыну абвінавацілі паводле трох крымінальных арыткулаў, у тым ліку за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2 КК). Жанчыну разам з мужам затрымалі зімой 2023 года. Мужчыну пасля адбыцця 30 сутак арышту выпусцілі на волю. 


adamau_90.jpeg
Юрый Адамаў

Стваральніка навукова-папулярнага часопіса Pamylka Юрыя Адамава затрымалі вясною 2023 года. Ён удзельнік беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне, правёў некалькі даследванняў па фізіцы ў ЗША. Навукоўца асудзілі ў ліпені 2023 года за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" на тры гады калоніі

Салідарнасць з ініцыятывамі, прызнанымі "тэрарыстычнымі"

Таксама ў Беларусі пачасціліся выпадкі пераследу паводле арт. 290-1 КК "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці" - за данаты ў розныя ініцыятывы, напрыклад у BYPOL і "Кіберпартызаны". Па ім ужо асудзілі як асобна, так і ў сукупнасці з арт. 361-2 КК як мінімум дзесяць чалавек.

valadzko_a.jpeg
Анатоль Валадзько

Палітзняволенага 56-гадовага айцішніка Анатоля Валадзько затрымалі ўзімку 2024 года у сябе дома з ужываннем электрашокера. Мужчына адмовіўся сплачваць так званае “добраахвотнае ахвяраванне”, якое сілавікі прымушаюць плаціць тых, рабіў данаты. За гэта яго спачатку асудзілі на 15 сутак за “дробнае хуліганства”, а пасля завялі крымінальную справу.

Летам 2024 года Анатоля асудзілі да пазбаўлення волі ў калоніі паводле арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання) і арт. 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.


andrei-bremszmidt_.jpg
Андрэй Брэмшмідт

Палітвязень Андрэй Брэмшмідт быў дэпутатам у Заслаўі, а таксама суарганізатарам "VIVA Ровар". Яго затырмалі летам 2023 года. Андрэю паставілі ў віну фінансаванне экстрэмісцкай і тэрарэстычнай дзейнасці (адпаведна арт. 361-2 і арт. 290-1 КК). Разгляд яго справы пачаўся ў лютым 2024 года. Вынік суда праваабаронцам невядомы. 


Трэнера-масажыста з Мінска Мікалая Васілевіча абвінавацілі ў "стварэнні экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-1 КК), "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-2 КК) і "фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці" (ч. 2 арт. 290-1 КК). 

Прапагандысцкія СМІ распавялі, што агулам за два гады Мікалай зрабіў не менш за 54 данаты ў фонды салідарнасці і розныя ініцыятывы.

Агулам 12 верасня 2023 года Мікалая асудзілі на дзевяць гадоў і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.


Бабруйчаніна Дзмітрыя Слука затрымалі 10 лютага 2023 года. Яго абвінавацілі ў "фінансаванні тэрарстычнай дзейнасці" (ч. 1 арт. 290-1 КК) за данаты "Кіберпартызанам".

4 ліпеня 2023 года яго асудзілі на восем гадоў і шэсць месяцаў калоніі і штраф 300 базавых велічыняў.


Пра справу гамельчука Алега Дзегцярэнкі амаль нічога невядома, бо суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Яго абвінавацілі ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 КК) і "фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці" (ч. 2 арт. 290-1 КК). У Гомельскім абласным судзе сёмага сакавіка 2024 года Алегу прысудзілі восем гадоў і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 100 базавых велічыняў. 

Аляксандр Зіязэтдзіянаў. Фота з сацсетак
Аляксандр Зіязэтдзіянаў. Фота з сацсетак

Палітвязня Аляксандра Зіязэтдзінава асудзілі восенню 2022 года за "фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" (ч. 1 арт. 361-2 КК) на тры гады калоніі. Зімою 2024 года яго зноў пачалі судзіць. Да папярэдняга арыткула яму паставілі ў віну "фінансаванне тэрарэстычнай дзейнасці" (ч. 2 арт. 290-1 КК). Яму пагражае да 15 гадоў калоніі. За некалькі месяцаў да пачатку суда над палітвязнем, выйшаў прапагандысцкі фільм з яго ўдзелам. З фільма стала вядома, што Аляксандр пісаў прашэнне аб памілаванні і пералічыў у якасці водкупа на рахункі медычных установаў 31 біткоін (прыкладна два мільёны даляраў). Але 29 лютага 2024 года Аляксандра зноў пачалі судзіць паводле арт. 361-2 і арт. 290-1 КК. Вядома, што 17 траўня 2024 года ў Аляксандра адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі.

Што рабіць, калі я данаціў у фонды салідарнасці

"Гарачая Лінія" і юрысткі "Вясны" распавядаюць, што рабіць і як сябе засцерагчы, калі выклікаюць на размовы ў КДБ за данаты

Што рабіць, калі выклікаюць на размову?

У першую чаргу, важна разумець, што ў праваахоўных органаў можа не быць зусім ніякіх пэўных доказаў і падстаў для вашага затрымання, штрафу, спагнання ці крымінальнага пераследу роўна да таго моманту, пакуль вы не дасце ім такую інфармацыю. У большасці вядомых нам выпадкаў людзі прыходзілі на такія размовы, на іх аказвалі псіхалагічны ціск — і яны падпісвалі тлумачальныя, дзе выкрывалі сябе ў “парушэннях”. У выніку з такой тлумачальнай можа пачацца крымінальны пераслед. Мы заўсёды радзім з’яўляцца ў праваахоўныя органы толькі па позве і толькі ў межах афіцыйнай працэдуры — допыту.

Мы рэкамендуем памятаць пра права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх (артыкул 27 Канстытуцыі) і карыстацца дадзеным правам. Каб мінімізаваць магчымасць ціску, радзім прыходзіць з адвакатам як на допыт, так і на прафілактычную гутарку (калі вы з нейкай нагоды ўсё ж вырашылі туды пайсці).

Як мінімізаваць рызыкі затрымання?

Кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак каментаваў, што ўцечка інфармацыі пра ахвяраванні тычыцца менавіта беларускіх банкаўскіх картак і, хутчэй за ўсё, не ўтрымлівае звестак пра тое, на карысць каго ажыццяўлялася ахвяраванне. Каманда фонду BYSOL раіць перарэгістраваць акаўнт у Facebook на новую электронную пошту і потым яго выдаліць.

  • "Кааліцыя Пратэстных Двароў" распрацавала складанейшую шматступеньчатую інструкцыю пра тое, што рабіць з Facebook-акаўнтам, з якога ажыццяўляліся ахвяраванні ў фонд.
  • Таксама медыя-рэсурс Zerkalo.io прыводзіць меркаванні адвакатаў, з чым карысна азнаёміцца.

Што рабіць, калі патрабуюць "заплаціць" за свой данат?

Калі сілавік патрабуе ў вас праз данат перавесці суму на нейкі дабрачынны рахунак, то выкананне гэтага патрабавання не гарантуе, што крымінальную справу не завядуць.

А што, калі данат быў да прызнання BYSOL "экстрэмісцкім фармаваннем"?

Юрыстка "Вясны" адзначае, што звычайна прымяненне крымінальнай адказнасці грунтуецца на прынцыпе "закон зваротнай моцы не мае". То бок, не могуць крымінальна пераследавацца дзеянні, якія былі зроблены да моманту ўвядзення за іх крымінальнай адказнасці.

Фонд BYSOL быў прызнаны экстрэмісцкім фармаванне 3 снежня 2021 года па пастанове Міністэрства ўнутраных спраў. І, атрымліваецца, крымінальны пераслед, звязаны з гэтым фактам, дапушчальны толькі за дзеянні, якія былі ажыццёўлены ўжо пасля прызнання фонда экстрэмісцкім.

Аднак у выпадку з экстрэмісцкімі фармаваннямі практыка такая, што экстрэмісцкімі яны прызнаюцца ад самага пачатку сваёй дзейнасці, а не з даты прыняцця пастановы. І гэта дае ўладам прастору для распаўсюджвання новага заканадаўства на старыя выпадкі.

Нашы кантакты:

Instagram: @viasnasos

Telegram: @ViasnaSOS@SOSViasna

Telegram-bot: @viasna_bot

Email: pierasled@spring96.org

Распавесці пра пераслед за данаты журналістам "Вясны":
Telegram: @Viasnainfo | Email: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства