viasna on patreon

У калоніі ад пнеўманіі памёр палітвязень, асуджаны за данаты

2024 2024-01-13T13:53:00+0300 2024-01-13T16:33:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrasko_vadzim.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У віцебскай калоніі № 3 памёр 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько. У жніўні 2023 года Мінгарсуд прызначыў яму тры гады зняволення за некалькі данатаў, негледзячы на тое, што мужчына меў сур'ёзнае захворванне. Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", Вадзім хварэў у зняволенні. Палітвязень памёр у ноч з 8 на 9 студзеня ад пнеўманіі. У бальніцу мужчыну даставілі, калі яго ўжо нельга было выратаваць. Гэта чацвёртая смерць палітвязня за кратамі. 

hrasko_vadzim.jpeg
Вадзім Храсько

50-гадовы Вадзім Храсько быў затрыманы 15 красавіка 2023 года паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Прычынай затрымання сталі некалькі данатаў. Да суда яго змясцілі пад варту — у СІЗА-1.

4 жніўня 2023 года суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Хрыпач асудзіў палітвязня да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ён падаў апеляцыйную скаргу. 13 кастрычніка судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам Аляксея Цяцюхіна пакінула прысуд Вадзіма Храсько ў сіле. Мужчыне прызначылі пазбаўленне волі, негледзячы на тое, што ў яго было сур'ёзнае захворванне. 3 лістапада МУС унесла Вадзіма Храсько ў "спіс экстрэмістаў".

Адбываць тэрмін Вадзіма адправілі ў віцебскую калонію № 3, дзе ён, па падліках праваабаронцаў, прабыў каля двух месяцаў. Палітзняволены памёр у ноч з 8 на 9 студзеня. Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", Вадзім меў шэраг захворванняў і хварэў у зняволенні. Афіцыйнай прычынай смерці стала пнеўманія. У бальніцу яго даставілі, калі ўжо нельга было яго выратаваць.

Афіцыйныя структуры ніяк не каментуюць інцыдэнт у віцебскай калоніі. 12 студзеня Вадзіма Храсько пахавалі ў Мінску.

Праваабаронцы "Вясны" выказваюць спачуванні родным і блізкім палітвязня.

"Не маўчыце, калі ваш сваяк у цяжкім стане ў турме", — праваабаронцы звярнуліся да сваякоў палітвязняў

"Вясна", BYSOL і BY_help звярнуліся да сваякоў вязняў.

Чацвёртая смерць палітвязня за кратамі

Гэта чацвёрты палітзняволены ў Беларусі, які памёр у зняволенні. Першы вядомы выпадак смерці палітвязня за кратамі — смерць 50-гадовага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка 21 траўня 2022 году ў шклоўскай калоніі № 17. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. На відэа з калоніі мужчына выглядаў знясіленым і ледзь трымаўся на нагах. Калі родным паказалі цела палітвязня, то галава была практычна цалкам забінтаваная. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальную справу.

7 траўня 2023 году ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Ён меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Нягледзячы на гэта, пінскі суд прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы.

Ноччу 11 ліпеня ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены мастак Алесь Пушкін. У яго была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў гродзенскай турме № 1. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.

Як беларусы паміраюць праз палітычны пераслед

"Вясна" ўзгадвае ахвяраў палітычных рэпрэсій, якія памерлі за кратамі ці праз наступствы ціску і ўмоваў утрымання ў ізалятарах, а таксама праз перавышэнне паўнамоцтваў і ціск з боку сілавікоў.





Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства