"Не маўчыце, калі ваш сваяк у цяжкім стане ў турме", — праваабаронцы звярнуліся да сваякоў палітвязняў
Сёння стала вядома пра смерць 50-гадовага палітзняволенага Вадзіма Храсько, якога раней асудзілі да трох гадоў калоніі за данаты. Вадзім стаў чацвёртым беларускім палітвязнем, які загінуў у зняволенні — на жаль, верагодна ён не будзе апошнім, бо за кратамі вязні сутыкаюцца з жорсткім абыходжаннем, катаваннямі і адсутнасцю медыцынскай дапамогі. Яшчэ раней праваабаронцы склалі спіс палітзняволеных, якія знаходзяцца ў асаблівай рызыцы. З гэтай нагоды "Вясна", BYSOL і BY_help звярнуліся да сваякоў вязняў.
"Гэта ўжо чацвёртая смерць палітзняволенага ў турме. На жаль, не апошняя, бо ўладзе абсалютна напляваць на стан здароўя тых, каго яна трымае ў закладніках. Праваабаронцы маюць спіс людзей, стан здароўя якіх амаль не пакідае ім шанца выйсці з турмы жывымі, і ўсё гэта адбываецца ў цэнтры Еўропы, на нашых вачах.
Просьба да сваякоў — не маўчыце, калі ваш сваяк у цяжкім стане ў турме, паведамляйце пра гэта праваабаронцам. Своечасовы візіт адваката да арыштанта можа ўратаваць жыццё, але на яго не заўсёды ёсць грошы. Не саромцеся звяртацца па дапамогу".
Ініцыятывы выказваюць спачуванні сваякам і адзначаюць, што сем'і памерлых у турмах палітвязняў, якія звернуцца па дапамогу, атрымаюць усю магчымую падтрымку.
Фонд салідарнасці BYSOL
Кампанія BY_help
Праваабарончы цэнтр "Вясна"