viasna on patreon

#FreeViasna: агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

2024 2024-01-08T15:41:29+0300 2024-01-09T13:37:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/five_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны пра вясноўцаў, што знаходзяцца за кратамі.

Міжнародныя адвакаты Алеся Бяляцкага падалі петыцыю ў Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях

Міжнародная юрыдычная група лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, палітзняволенага праваабаронцы "Вясны" Алеся Бяляцкага падала петыцыю ў Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях.

Джарэд Генсэр, галоўны міжнародны адвакат Бяляцкага, які працуе на грамадскай аснове, — аўтар кнігі "Працоўная група ААН у адвольных затрыманнях: каментары і кіраўніцтва да практыкі". Каментуючы падачу петыцыі ў справе Алеся Бяляцкага Працоўнай групе, Генсэр адзначыў:

"Для мяне вялікі гонар прадстаўляць Алеся Бяляцкага, які цягам дзесяцігодздзяў нястомна змагаўся за правы чалавека, дэмакратыю і абарону грамадзянскай прасторы ў Беларусі. Яго выпадак сімвалізуе страх, які беларускі дыктатар Аляксандар Лукашэнка адчувае перад сваім народам, а таксама тое, як сістэматычна ён абезгалоўлівае кожную рэальную або ўяўную пагрозу свайму праўленню. Гэты пэрыяд тэрору паказвае баязлівасць Лукашэнкі і яго глыбокую слабасць. Ён, несумненна, баіцца свайго народу. Мы не здамося, пакуль Алесь і ўсе палітвязні не будуць вызваленыя".

"Многія з нас думаюць пра цябе, Алесь". Дэвід Ван Рейбрук напісаў Калядны ліст Бяляцкаму

rejbruk.jpeg
Дэвід Ван Рейбрук

Дэвід Ван Рэйбрук — бельгійскі пісьменнік, былы старшыня ПЭН-клуба Фландрыі, а цяпер пасол ПЭН-клуба Алеся Бяляцкага. Ён напісаў Бяляцкаму Калядны ліст, які быў апублікаваны на сайце арганізацыі.

"Паважаны спадар Бяляцкі,
Дарагі Алесь,

Мы не знаёмыя, але пішу вам з Бруселя, дзе жыву. Мяне клічуць Дэвід Ван Рейбрук, я пісьменнік і ганаровы старшыня ПЭН-клуба Фландрыі, аднаго з двух бельгійскіх аддзяленняў Міжнароднага ПЭН-клуба.

Я б хацеў напісаць Вам на вашай роднай мове, але, на жаль, мне даводзіцца выкарыстоўваць праграму-перакладчык, каб перавесці мой ліст на рускую мову. Спадзяюся, ён не ўтрымлівае занадта шмат памылак перакладу. А калі і так, спадзяюся, яны апынуцца пацешнымі. <...>

А ці ёсць нагода для ўсмешкі ў вашым цяперашнім становішчы, Алесь? Быць Нобелеўскім лаўрэатам і палітычным зняволеным — як гэта ўвогуле магчыма? Ці можаце вы чытаць? Ці можаце вы атрымліваць пошту і адказваць на яе?

ПЭН-клуб Фландрыі нядаўна папрасіў мяне выступаць у якасці пасла па вашай справе на працягу наступных двух гадоў*. На лекцыі і выступленні я заўсёды буду браць з сабой стэнд з вашым партрэтам і імем. Незалежна ад тэмы лекцыі — ў асноўным мы будзем размаўляць пра каланіялізм, клімат і дэмакратыю – я заўсёды буду распавядаць слухачам пра вашу працу і ваш лёс. Я раблю гэта з павагі да вашай мужнасці.

Ведайце, што многія з нас думаюць пра цябе, Алесь. І ведайце, што з кожным чытаннем я намагаюся, каб група, якая думае пра вас, станавілася ўсё больш і больш. Ваш голас працягвае гучаць. <...>

Шчаслівых Калядаў і Новага года,
Дэйвід"

* Пустое крэсла — гэта канцэпцыя Міжнароднага ПЭН-клуба, якая сімвалізуе аўтара, што не можа прысутнічаць з-за турэмнага зняволення. На працягу двух гадоў (з лістапада 2023 па лістапад 2025 гг.) прадстаўнікі ПЭН-клуба Фландрыі ездзяць на выступы з пустым крэслам, каб прыцягнуць увагу да калегі, які адбывае турэмны тэрмін, у розных кропках міру.

Пад’ём а 5-й раніцы, бэтонная клетка. Адзін дзень з жыцьця зьняволенага нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага

Пад’ём а 5-й раніцы, бэтонная клетка. Адзін дзень з жыцьця зьняволенага нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага

Адвакатка Наталля Мацкевіч у інтэрв'ю "Жыццё-маліна" выказалася пра праваабаронцу Алеся Бяляцкага

"Алесь Бяляцкі-глыба, ён як у канцы 80-х стаў на гэтую дарогу, так і ідзе, нікуды не згортваючы, не гледзячы на рызыкі, пагрозы, ён усё гэта разумее, свядома прымае. Ён, здаецца, ведае заўсёды, што ён робіць, і за яго плячыма, фігуральна скажам — магутнымі, сфармаваўся вельмі згуртаваны, граматны праваабарончы рух. Я ўжо не кажу пра тую велізарную колькасць людзей, якім праваабаронцы дапамагалі і дапамагаюць", — сказала Наталля Мацкевіч.

Мінула 900 дзён, як у зняволенні ўтрымліваюць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча

14 ліпеня 2021 года да іх і іншых вясноўцаў прыйшлі з ператрусамі. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў "кантрабандзе" і "фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

3 сакавіка суддзя Марына Запаснік прысудзіла вясноўцам вялікія тэрміны: Уладзю — 7 гадоў калоніі, Валянціну — 9 гадоў калоніі, Алесю — 10 гадоў калоніі. Праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну.

У снежні палітзняволеных праваабаронцаў унеслі ў "спіс экстрэмістаў".

Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:

ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16
Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Мінула 1200 дзён, як за кратамі знаходзіцца Марфа Рабкова

Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" была затрымана 17 верасня 2020 года. Пазней праваабаронцу абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў і асудзілі да 15 гадоў зняволення.

Па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін на тры месяцы. Прысуд уступіў у сілу і Рабкову этапавалі ў гомельскую калонію.

"Мы павінны справіцца". Марфа Рабкова 39 месяцаў у няволі

У новым выпуску падкаста "Вясна прыйдзе" пачуем тых, хто сустракаў Марфу падчас яе зняволення: адвакатку Наталлю Мацкевіч і сукамерніцу Валерыю Чарнаморцаву. А таксама даведаемся, як імя Марфы гучыць за мяжой — дзякуючы ў тым ліку студэнтцы універсітэта Трэнта (Італія) Мэрыем.

Адвакатка Наталля Мацкевіч у інтэрв'ю "Жыццё-маліна" распавяла пра Марфу Рабкову

"Заўсёды перажываю за Марыю Рабкову, яна далікатная і вельмі моцная адначасова, яна была маёй студэнткай, яна такая разумніца: калі на яе тэксты паглядзець, на тое, як яна кажа, наколькі глыбока яна разумее. Вельмі цяжка ёй давялося ў СІЗА і я думаю, што цяпер ёй вельмі няпроста. Але яна стойка пераносіць. Яна праваабаронца, казала, што калі б выйшла, то шмат часу прысвяціла таму, каб палепшыць становішча жанчын у зняволенні".

У Нямечынне выйшла кніга пра палітзняволеных жанчын Беларусі пад назвай "Калі вы ідзяце праз пекла, не спыняйцеся"

kniga_marfa_3.jpg

У выданне ўвайшлі лісты палітзняволеных праваабаронцаў Марфы Рабковай з "Вясны" і Насты Лойкі з Human Constanta. Адзін з іх  ліст Марфы да Насты, пакуль тая была яшчэ на свабодзе.

"Я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, адукоўваць, несці веды і абараняць правы чалавека незалежна ад межаў, часу і месца. Незалежна ад ўсіх абставінаў"— пісала Марфа з СІЗА-1.

6 студзеня каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" сустрэла сваё 29-годдзе

Гэта ўжо чацвёрты Дзень народзінаў, які праваабаронца сустракае за кратамі.

Сімвалічная "хросная" павіншавала Марфу Рабкову з Днём народзінаў: "Вы натхняеце шматлікіх людзей і далёка за межамі Беларусі"

Агнешка Бругер і Марфа Рабкова. Калаж spring96.org
Агнешка Бругер і Марфа Рабкова. Калаж spring96.org

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Агнешка Бругер, якая ў межах кампаніі #WeStandByYou з'яўляецца сімвалічнай "хроснай" праваабаронцы "Вясны", напісала Марфе пранізлівы ліст да дня народзінаў.

"Дарагая Марфа!

У ваш 29-ы Дзень нараджэння зычу вам перш за ўсё моцнага здароўя, надалей так шмат неверагоднай мужнасці, сілы, трываласці і ўсяго найлепшага. Сваёй прыхільнасцю да дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды вы натхняеце шматлікіх людзей і далёка за межамі Беларусі.

Неймаверна жорсткае пакаранне за вашу мірную прыхільнасць да дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі ўзрушыла мяне і многіх іншых дэпутатаў нямецкага Бундэстагу. Мы таксама вельмі занепакоеныя станам вашага здароўя..."

Заклікаем павіншаваць Марфу Рабкову з Днём народзінаў!

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
Марыі Аляксандраўне Рабковай 

За апошні час не было ніякіх навінаў пра валанцёра Андрэя Чапюка

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Андрэю:

ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

3. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

4. Падтрымаць "Вясну" на Patreon ці аднаразовым данатам.

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства