Сімвалічная "хросная" павіншавала Марфу Рабкову з Днём народзінаў: "Вы натхняеце шматлікіх людзей і далёка за межамі Беларусі"
Сёння ў каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай дзень народзінаў. Ужо чацвёрты раз запар яна сустракае яго ў зняволенні. Марфе спаўняецца 29 гадоў.
Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Агнешка Бругер, якая ў межах кампаніі #WeStandByYou з'яўляецца сімвалічнай "хроснай" праваабаронцы "Вясны", напісала Марфе пранізлівы ліст да дня народзінаў.
Дарагая Марфа!
У ваш 29-ы Дзень нараджэння зычу вам перш за ўсё моцнага здароўя, надалей так шмат неверагоднай мужнасці, сілы, трываласці і ўсяго найлепшага. Сваёй прыхільнасцю да дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды вы натхняеце шматлікіх людзей і далёка за межамі Беларусі.
Неймаверна жорсткае пакаранне за вашу мірную прыхільнасць да дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі ўзрушыла мяне і многіх іншых дэпутатаў нямецкага Бундэстагу. Мы таксама вельмі занепакоеныя станам вашага здароўя.
Таму ўлетку я напісала адкрыты ліст адпаведным органам улады Беларусі з заклікам да неадкладнага доступу да тэрмінова неабходнай медычнай дапамогі і выканання мінімальных стандартаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у абыходжанні са зняволенымі. Гэты ліст падпісалі агулам 101 дэпутат з усіх дэмакратычных фракцый нямецкага Бундэстагу, у якім яны рашуча патрабавалі неадкладнага і безумоўнага вызвалення вас і ўсіх палітчыных зняволеных у Беларусі.
Я распавядаю вам пра гэты ліст, каб вы ведалі, што мы не забудземся на вас і вашых паплечнікаў і будзем працягваць выступаць за тое, каб вашыя галасы былі пачуты. Як дэмакратычна абраныя парламентарыі мы з непарушнай салідарнасцю стаім на вашым баку і баку шматлікіх мужных людзей ў Беларусі, адданых дэмакратыі, свабодзе і правам чалавека.
Нас таксама асабліва ўзрушылі выступ і прамова Святланы Ціханоўскай на нашым партыйным сходзе некалькі тыдняў таму. Гэта таксама сведчыць аб тым, што мы не забыліся на ўсіх мужных і свабодалюбівых людзей. Напярэдадні ў мяне была магчымасць абмяняцца з ёй думкамі ў вузкім фармаце, і мы размаўлялі і пра ваш лёс.
Я адчуваю самую вялікую павагу і глыбокае захапленне вашай мужнасцю і стойкасцю.
Менавіта ў ваш Дзень нараджэння мне падаецца абсалютна невысносным, што вы не можаце жыць на волі са сваёй сям'ёй і сябрамі. Вось чаму зычу вам, вашай сям'і, вашым сябрам і паплечнікам і ў гэтым годзе зноў шмат сіл, трываласці і здароўя. Але перш за ўсё, як і ў апошнія гады, зычу вам больш за іншае, каб вы нарэшце атрымалі справядлівасць і маглі святкаваць усе свае наступныя Дні нараджэнні на волі.
З павагай і салідарнасцю, Агнешка Бругер
Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова была затрыманая разам з мужам вечарам 17 верасня 2020 года і дастаўленая ў ГУБАЗіК. У яе кватэры быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы.
6 верасня 2022 года палітзняволеную Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў зняволення па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў. Па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін пакарання толькі на тры месяцы. Прысуд уступіў у сілу і праваабаронцу этапавалі ў гомельскую калонію.
У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем яе неадкладнага вызвалення выказваліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў ды шмат іншых.
Як можна павіншаваць Марфу Рабкову з Днём Народзінаў?
- дашлі паштоўку, тэлеграму ці ліст з віншаваннямі і цёплымі словамі, можна анлайн
- распавядзі пра Марфу у сацсетках з хэштэгамі #FreeMarfa #FreeViasna
- прыдумай свой крэатыўны спосаб і распавядзі іншым
Адрас для адпраўленняў:ПК-4, вул. Антошкіна, 3, г. Гомель, 246035 Марыі Аляксандраўне Рабковай |