viasna on patreon

Міжнародныя адвакаты Алеся Бяляцкага падалі петыцыю ў Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях

2023 2023-12-21T14:17:16+0300 2023-12-21T14:18:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Міжнародная юрыдычная група лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, палітзняволенага праваабаронцы "Вясны" Алеся Бяляцкага падала петыцыю ў Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях.

Працоўная група выносіць рашэнні ў справах аб адвольным затрыманні, якія ацэньваюць, ці адпавядае затрыманне чалавека міжнародна-праўным абавязанням дзяржавы. У групу ўваходзяць пяць юрыстаў з розных краін. Калі затрыманне чалавека прызнана незаконным, Працоўная група заклікае да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення.

Джарэд Генсэр, галоўны міжнародны адвакат Бяляцкага, які працуе на грамадскай аснове, — аўтар кнігі «Працоўная група ААН у адвольных затрыманнях: каментары і кіраўніцтва да практыкі». За сваю кар’еру ён перадаў у Працоўную групу 50 справаў. Вядома, што ён ніколі не прайграваў. Каментуючы падачу петыцыі ў справе Алеся Бяляцкага Працоўнай групе, Генсэр адзначыў:

«Для мяне вялікі гонар прадстаўляць Алеся Бяляцкага, які цягам дзесяцігодздзяў нястомна змагаўся за правы чалавека, дэмакратыю і абарону грамадзянскай прасторы ў Беларусі. Яго выпадак сімвалізуе страх, які беларускі дыктатар Аляксандар Лукашэнка адчувае перад сваім народам, а таксама тое, як сістэматычна ён абезгалоўлівае кожную рэальную або ўяўную пагрозу свайму праўленню. Гэты пэрыяд тэрору паказвае баязлівасць Лукашэнкі і яго глыбокую слабасць. Ён, несумненна, баіцца свайго народу. Мы не здамося, пакуль Алесь і ўсе палітвязні не будуць вызваленыя». 

У прэсавым рэлізе Міжнародная юрыдычная група Алеся Бяляцкага пералічыла аргумэнты юрыдычнага і палітычнага характару:

  • Бяляцкі быў арыштаваны 14 ліпеня 2021 году, калі ішлі «масавыя беспрэцэдэнтныя рэйды і затрыманні прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці». Таксама былі затрыманыя некалькі іншых сяброў і лідараў «Вясны», праваабарончай арганізацыі, якую заснаваў і ўзначальвае Бяляцкі.
  • Спачатку яго абвінаваціў ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і змясціў пад варту на працяглы тэрмін пракурор, а не судздзя, што яўна парушае міжнароднае права.
  • Пазней падатковыя абвінавачанні знялі і выставілі Бяляцкаму абвінавачанне ў кантрабандзе і фінансаваньні групавой дзейнасці, якая груба парушала грамадскі парадак.
  • З самага пачатку абвінавачванні былі накіраваныя на ўмяшанне ў ягоныя правы на свабоду слова і асацыяцый. Цалкам ігнаруючы прэзумпцыю невінаватасці, падкантрольныя дзяржаве СМІ і сам Лукашэнка публічна прызнавалі Бяляцкага вінаватым.
  • Бяляцкага пратрымалі без якіх-небудзь юрыдычных падставаў 17 месяцаў, перш чым ён паўстаў перад судом. Акрамя таго, сам працэс быў азмрочаны абуральнымі парушэннямі належнай праўнай працэдуры.
  • Напрыклад, падчас расследаванняў было апытана каля 100 сведкаў, аднак на суд прыйшлі толькі нямногія. Астатніх суд вызваліў ад асабістай яўкі і проста зачытаў іхнія паказанні падчас следства, пазбавіўшы Бяляцкага магчымасці перакрыжаванага допыту.
  • Больш за тое, на працягу ўсяго працэсу Бяляцкага трымалі ў кайданках і прымушалі сядзець у клетцы за металічнымі кратамі, а не за сталом са сваім адвакатам, пазбаўляючы яго як доступу да адваката, так і прэзумпцыі невінаватасці.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўлення волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны са сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным светам.

Юрысты прызнаюць, што Бяляцкі і іншыя лідары «Вясны» былі зняволеныя «ў адплату за іхнюю праваабарончую дзейнасць». Хоць абвінавачанне сцвярджала, што «Вясна» неправамерна выкарыстоўвала грошы, атрыманыя за мяжой, і незаконна працягвала дзейнасць пасля роспуску Вярхоўным судом Беларусі, Працоўная група раней вызначыла, што выкарыстанне рахункаў у замежных банках для фінансавання дзейнасці «Вясны» абаронена артыкулам 22 Крымінальнага кодэксу, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (права на свабоду абʼяднанняў) і што «крымінальная адказнасць не можа быць заснаваная на папярэдніх дзеяннях ураду ў скасаванні рэгістрацыі і роспуску „Вясны“», паколькі гэтая акцыя парушыла міжнароднае права.

Юрысты прызнаюць, што абуральныя парушэнні, дапушчаныя судом, дастатковыя, каб прадэманстраваць, што Бяляцкі быў пазбаўлены права на незалежны і бесстаронні суд. Яны нагадваюць, што на момант суду судздзя Марына Запаснік ужо была пад санкцыямі Еўрапейскага Звязу «за шматлікія палітычна матываваныя рашэнні супраць мірных пратэстоўцаў» і «за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазыцыі». Пракурор Аляксандар Кароль пазней трапіў пад санкцыі Еўразвязу за «шматлікія палітычна матываваныя крымінальныя справы супраць беларускіх праваабаронцаў», уключаючы старшыню «Вясны» Алеся Бяляцкага».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства