viasna on patreon

За тое, што неабыякавыя беларускі. За што рэжым Лукашэнкі пераследуе жанчын

2023 2023-03-07T13:19:05+0300 2023-03-07T17:26:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vjasna_13_palitvjazynki_facebook-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Восьмага сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за свае правы. Жанчыны Беларусі, як і мужчыны, у 2020 годзе і па сённяшні дзень актыўна ўключыліся ў барацьбу за свабоду нашай краіны, за што падвяргаюцца рэпрэсіям. Сёння ў Беларусі налічваецца 155 палітзняволеных жанчын, якія ўтрымліваюцца ў месцах несвабоды. У сувязі з пратэстамі супраць дзеючай улады і вайной ва Украіне з 2020 года 165 жанчын былі асуджаныя да калоніі, 304 — да "хатняй хіміі", 60 — да "хіміі", чатыры жанчыны — да арышту, адна — да прымусовага лячэння. Таму большасць з іх сустрэнуць гэта свята за кратамі ў СІЗА, на працы на "хіміі", а некаторыя нават —на "этапе" ў калонію. "Вясна" распавядае, за што ў Беларусі рэжым Лукашэнкі пераследуе жанчын і ўтрымлівае іх у няволі.

Гомельская калонія. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч /
Гомельская калонія. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч / "Вясна"

За ўдзел у акцыях пратэсту

Супраць 271 жанчыны былі ўзбуджаныя крымінальныя справы за ўдзел у Маршах. На дадзены момант з 155 палітзняволеных 70, у тым ліку, пераследуюцца за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Яшчэ 161 жанчына была асуджана да "хатняй хіміі" і 38 па "хіміі" паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Паводле арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) асуджаныя дзве жыхаркі Берасцейшчыны за ўдзел у мясцовых акцыях пратэсту.

Так, на "Валадарцы" утрымліваецца 63-гадовая пенсіянерка з Мінска Людміла Бажок. Яе затрымалі 26 лістапада 2022 года за ўдзел у акцыях пратэсту. Хутка над ёй пачнецца суд.

Віталія Бандарэнка з'яўляецца фігуранткай "брэсцкай справы" за ўдзел у акцыях пратэсту пасля выбараў. Яе мусілі пачаць судзіць у сярэдзіне лютага разам з іншымі 9 фігурантамі гэтай справы, аднак да суда дзяўчына з'ехала за мяжу. Але да прысуда, 27 лютага, яна вярнулася назад, і 1 сакавіка 2021 года была затрымана. У выніку, яе асудзілі да чатырох гадоўпазбаўлення волі. Вядома, што яна выйшла замуж у калоніі.

Сястру добраахвотніка палка імя Кастуся Каліноўскага Яна Мельнікава Вікторыю Навіцкую асудзілі на паўтара года за ўдзел у акцыях пратэсту. 

navickaya_viktoryia.png
Вікторыя Навіцкая

Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі АГП Аксана Аляксеева асуджаная на паўтара года пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 342 КК. На такі ж тэрмін асуджаная Юлія Мудрэўская — галоўная рэдактарка аўтамабільнага парталу "Аўтабізнэс".

Актывістка, фемблогерка, вядомая як "Дафна" Дар'я Афанасьева асуджаная да двух з паловай гады калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту. У Instagram дзяўчына вяла асветніцкую працу, распавядала пра сэксізм і фемінізм.

Да двух гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах асудзілі сябру Прэзідыума БСДП Людмілу Волкаву. На такі ж тэрмін была асуджаная Вольга Томіна.

Сацыялагіня, экспертка аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналогій, каардынатарка "Лятучага ўніверсітэту" Таццяна Вадалажская асуджаная да 2,5 гады "хіміі". Цяпер яна адбывае свой тэрмін.

Святлана Хромава — намесніца дырэктара гімназіі № 42 Мінска, была затрымана разам з дачкой Янай 22 снежня 2021 года ў межах крымінальнай справы за ўдзел у акцыях пратэсту. 30 снежня яе перавялі ў СІЗА. Ім прызначылі па два гады калоніі кожнай. Вядома, што ў віну ім ставіўся ўдзел у трох Маршах.

За каментары па "справе Зельцэра"

Па ўсёй Беларусі 29 і 30 верасня 2021 года прайшла хваля затрыманняў за каментары ў сацыяльных сетках пра забойствы IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Агулам па гэтай справе асудзілі 15 жанчын, восем з якіх цяпер знаходзяцца ў зняволенні.

Жонку Андрэя Зельцэра Марыю Успенскую абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка па арт. 16 і ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса. Судзілі Марыю як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне», таму на судзе яе інтарэсы прадстаўляла яе маці. Ёй прызначалі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Акрамя таго, суд спагнаў матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 100 тысяч рублёў на карысць пацярпелай — жонкі забітага Дзмітрыя Федасюка. 

Марыя Успенская
Марыя Успенская

68-гадовая былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эма Сцепулёнак была затрымана 29 верасня 2021 года. Пенсіянерку ўтрымлівалі за кратамі амаль год, але ў сярэдзіне верасня жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт. 17 лістапада ёй прызначылі 2 гады калоніі і ўзялі пад варту ў зале суда. Цяпер жанчына знаходзіцца ў гомельскай калоніі № 4. За час у зняволенні ў яе пагоршылася здароўе і сапсаваўся зрок.

Палітзняволеную Аліну Забаштанскую асудзілі па "справе Зельцэра" да двух гадоў калоніі. Па словах сваякоў, судзілі Аліну за відэа і каментары ў Tik-Tok. 28 чэрвеня КДБ унёс Забаштанскую ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці". Аліна хворая на эпілепсію. Дома яе чакае непаўнагадовая дачка.

52-гадовая Ларыса Беражнова была асуджана да двух з паловай гадоў калоніі, а таксама штрафу памерам 200 базавых велічыняў. З канца кастрычніка жанчына знаходзіцца ў гомельскай жаночай калоніі.

10 жніўня Мінскі гарадскі суд прысудзіў 42-гадовай палітзняволенай Алене Несцяровіч 2,5 года калоніі. Яе абвінавацілі па ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Дома ў Алены засталася непаўнагадовая дачка. Вядома, што ў калоніі жанчына знаходзіцца ў вельмі дрэнным псіхалагічным стане.

Брэсцкі абласны суд 6 верасня асудзіў палітзняволеную Іну Можчанку да трох гадоў калоніі. Падчас суда Іна распавяла пра ўмовы на Акрэсціна: яна пяць сутак правяла ў двухмясцовай камеры, дзе знаходзіліся 16 чалавек, а ў Жодзіна для затрыманых зладзілі “выхаваўчы каранцін”. Паводле абвінавачвання, Можчанка пакідала публічныя каментары у перыяд з 9 жніўня 2020 года па 28 верасня 2021 года пра загінулага Федасюка, пра яго маці і ў цэлым пра супрацоўнікаў КДБ.

Палітзняволеную бібліятэкарку з Крупак Юлію Чамлай асудзілі да двух гадоў калоніі. Дзяўчыну абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы (арт. 130 КК) і абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК). Юля выхоўвала сына, які зараз застаўся без маці.

За тое, што выступалі супраць вайны

danuta-peradnja.jpg
Данута Перадня

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларускі актыўна праяўляюць антываенную пазіцыю ў Беларусі, за што яны падвяргаюцца пераследу.

Так, былую настаўніцу з Хойнікаў Ірыну Абдукерыну асудзілі да чатырох гадоў калоніі за тое, што даслала відэа перамяшчэння калоны расейскай вайсковай тэхнікі ў тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн". Жыхарку Мазыра Ганну Пышнік асудзілі да трох гадоў калоніі за тое, што яна "зняла відэа з перамяшчэннем верталётаў для ангажаванага дэструктыўнага рэсурсу". Ганна мае 9-гадовую дачку.

За пералічэнне грошаў палку Каліноўскага 21 кастрычніка 2022 года затрымалі Анастасію Петрачэнка. На дзяўчыну завялі крымінальную справу і змясцілі ў СІЗА.

За антываенны надпіс на 68-гадовую Людмілу Коган з Брэста завялі крымінальную справу за тое, што напісала “Жыве Беларусь” і “Не вайне” на прыпынку грамадскага транспарту ў Брэсце. 22 лютага 2023 года Маскоўскі суд Брэста асудзіў Людмілу на адзін год “хатняй хіміі” за апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці (арт. 341 КК).

Спявачку Мэрыем Герасіменка затрымалі 4 жніўня 2022 года пасля канцэрту ў мінскім бары «Банкі-бутэлькі», дзе яна выконвала песню "Обійми" гурта "Океан Эльзи" ў падтрымку Украіны. Факт выканання песень на ўкраінскай мове абурыў прапагандыстаў. 20 студзеня 2023 года ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска Мэрыем асудзілі да трох гадоў “хатняй хіміі” паводле ч. 1 арт. 342 КК.

21-гадовую студэнтку Дануту Перадню асудзілі на 6,5 гады калоніі за тое, што яна 27 лютага 2022 года перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там утрымліваўся заклік да вулічных выступленняў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе прамога ўступлення ў вайну.

У сярэдзіне верасня мінулага году сілавікі затрымалі пяць мінчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацынальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома ў Мінску. Сярод іх Вольга Церах і Кацярына Зарэцкая. Праз два тыдні пасля іх затрымання МУС прызнала "экстрэмісцкім фармаваннем" канал у дадатку Zello, праз які камунікавалі мінчукі пры арганізацыі акцыі. Следства па справе скончаная. Сярод інкрымінуемых артыкулаў няма "злоснага хуліганства", на падставе якога затрымалі і змясцілі пад варту палітвязняў. Цяпер пяць чалавек абвінавачваецца па больш цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1, 3 арт. 361–1 (стварэнне і ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні") і ч. 2 арт. 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ім пагражае да 7 гадоў калоніі.

За інтэрв'ю СМІ 

Фота
Дар'я Лосік. Фота: Белсат

Жонку палітзняволенага блогера Ігара Лосіка Дар'ю Лосік асудзілі да двух гадоў калоніі. Дар'ю абвінавацілі ў "садзейнічані экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК), а менавіта за каментар у красавіку 2022 года "Белсату", прызнанаму ўладамі "экстрэмісцкім фармаваннем". Паводле матэрыялаў справы, Дар'я дала інтэрв'ю "экстрэмісцкаму фармаванню" "Белсат", "у якім пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня. Яна дала асабістую негатыўную адзнаку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя. Пры гэтым паведаміла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад".

Палітзняволеную былую дацэнтку кафедры італьянскай мовы МДЛУ Наталлю Дуліну пачалі судзіць 7 лютага ў Мінскім абласным судзе. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Працэс адразу зрабілі закрытым. Раней у праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася, што яе пераследуюць за інтэрв'ю "Еўрарадыё".

За тое, што сумленна выконвалі сваю працу

Марфа Рабкова. Фото: spring96.org
Марфа Рабкова

Праваабаронцаў, журналістак і адвакатак пераследуюць у Беларусі, па сутнасці, за іх прафесійную дзейнасць.

Так, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" і праваабаронца Марфа Рабкова, якую асудзілі да 15 гадоў калоніі, ўтрымліваецца ў СІЗА-1 ужо 901 дзень. 28 лютага ў Вярхоўным судзе адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія скараціла тэрмін Марфе Рабковай на тры месяцы. Прысуд у 14 гадоў і 9 месяцаў калоніі ўступіў у сілу. 8 сакавіка Марфу мусяць этапаваць у калонію.

Праваабаронца Наста Лойка абвінавачваецца паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса за даклад аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год, у якім даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. Таксама яе абвінавачваюць паводле "народнага" артыкула 342 КК.

Журналістка тэлеканала "Белсат" Кацярына Бахвалава (Андрэева) асуджана агулам да 8 гадоў і 3 месяцаў калоніі. Разам з журналісткай Дар'яй Чульцовай яна стала фігуранткай крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на "Плошчы Пераменаў" у Мінску 15 лістапада 2020 г. За гэта іх асудзілі да 2 гадоў калоніі. 7 красавіка 2022 года стала вядома, што журналістцы выстаўлена новае абвінавачванне — у "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу). Падрабязнасці невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Галоўнай рэдактарцы і дырэктарцы "БелаПАН" Ірыне Леўшынай прызначылі 4 гады калоніі паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). А журналістцы Ірыне Слаўнікавай, якую затрымалі ў мінскім аэрапорце, калі з мужам вярталася з адпачынку, прызначылі пяць гадоў калоніі за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання". Былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну асудзілі да 8 гадоў калоніі. У зняволенні ў яе пачаліся моцныя праблемы са здароўем — у яе расце пухліна ў галаўным мозгу. Вядома, што яна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. У калоніі яна перахварэла на двухбаковую пнеўманію.

За кратамі тры месяцы ўтрымліваецца былая журналістка з Гомеля Ларыса Шчыракова. Супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу паводлеарт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

У Мінскім гарадскім судзе з 9 студзеня ў закрытым рэжыме ідзе суд па справе найбуйнейшага беларускага незалежнага парталу TUT.BY. Па гэтай справе судзяць галоўную рэдактарку Марыну Золатаву і генеральную дырэктарку Людмілу Чэкіну. 

zolatava-chekina.jpeg
Марына Золатава і Людміла Чэкіна

У СІЗА утрымліваюцца дзве адвакаткі — Юлія Юргілевіч і Анастасія Лазарэнка. Па папярэдняй інфармацыі, Юлію вінавацяць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", а Анастасіі прад'яўлена абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).

За "актыўную пратэсную дзейнасць"

фота
Вольга Залатар

Менавіта так прэс-служба УУС Мінаблвыканкама пракаментавала 18 сакавіка 2021 года затрыманне шматдзетнай маці з Ждановічаў Вольгі Залатар. Вядома, што пасля затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКа яе катавалі і выбівалі паролі. У выніку, яе асудзілі да пяці гадоў калоніі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання); ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 (пасобніцтва да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Таццяна Канеўская — давераная асоба кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Гомелі. Яна некалькі гадоў змагалася за змены ў антынаркатычные заканадаўства ў якасці прадстаўніцы ініцыятывы “Матчын рух 328”. Таццяна з'яўлялася ініцыятаркай галадоўкі маці асуджаных за наркотыкі. У парламенцкіх выбарах-2019 яна брала ўдзел у якасці кандыдаткі ў дэпутаты. Вядомая ў гомельскім рэгіёне актывістка. Яе абвінавацілі ў "падрыхтоўцы пратэстаў з захопам адміністрацыйных будынкаў" і асудзілі да 6 гадоў калоніі. У сярэдзіне студзеня 2022 Таццяну перавялі з калоніі ў магілёўскую Турму № 4і змянілі рэжым на турэмны.

Шматдзетную маці Юлію Лаптановіч з Пружанаў адразу асудзілі па "справе карагодаў", узбуджанай пасля акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце. Праз некалькі месяцаў пасля вынясення прысуду Юлію затрымалі ў межах новай крымінальнай справы. У выніку яе асудзідзілі да пяці гадоў калоніі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Вярхоўны суд скараціў ёй тэрмін на тры месяцы. Муж Юліі Ігар Лаптановіч таксама з'яўляецца палітвязнем — ён атрымаў два з паловай гады калоніі па "карагоднай справе". У сям'і трое дзяцей.

За тое, што грамадскія дзеячкі

kuzina_kasciuhova.jpg
Валерыя Касцюгова і Таццяна Кузіна

6 лютага пачалі судзіць палітзняволеных Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну. У залежнасці ад ролі кожнай іх абвінавачваюць па трох артыкулах КК: ч. 1 арт. 357 (дапамаганне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Пракурор запрасіў ім па 10 гадоў калоніі.Валерыя Касцюгова — паліталагіня, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наша меркаванне», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 года. Таццяна Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, экспертка даследчага праекта bipart. Была затрымана ў Мінску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года.

Хутка паводле арт. 342 КК будуць судзіць экспертку па этыкеце Аксану Зарэцкую. Аксана — трэнерка па этыкеце і бізнэс-камунікацыях, культуралагіня, магістарка педагогікі. Раней яе неаднаразова затрымлівалі.

Кіраўніца выбарчага штаба Віктара Бабарыкі Марыю Калеснікаву абвінавацілі ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і асудзілі да 11 гадоў калоніі.

Зінаіда Міхнюк — актывістку прафсаюза РЭП затрымалі 25 сакавіка 2022 г. пасля вобшукаў у яе дома і на офісе арганізацыі. Жанчыну змясцілі ў СІЗА паводле абвінавачвання ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэксу). Згодна з інфармацыяй, якую даслаў адзін са зняволеных з-за кратаў, Міхнюк абвінавачвалі на падставе матэрыялаў з праслухоўвання, якое стаяла ў яе як у актывісткі прафсаюза РЭП. Зінаіду асудзілі да двух гадоў калоніі.

Па "справе ЧКБ" 

Іна і Валерыя Глінскія
Іна і Валерыя Глінскія

Некалькі жанчын праходзяць па сумнавядомай справе па "Чорнай кнігі Беларусі". У Мінскім гарадскім судзе 20 студзеня агучылі прысуд палітзняволеным супрацоўніцам МТБанку Іне і Валерыі Глінскім — сем і шэсць з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму адпаведна. Маці і дочку асудзілі за перадачу ў 2020 годзе дадзеных сілавікоў у тэлеграм-канал "Чорная кніга Беларусі" па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй).

За кратамі ўтрымліваецца супрацоўніца "Адно вакно" Кастрычніцкага раёна г. Мінска Святлана Бычкоўская. Яе абвінавачваюць у перадачы асабістых дадзеных сілавікоў тэлеграм-каналам.

Па "справе ЧКБ" у Мінскім гарадскім судзе з 6 сакавіка судзяць 39-гадовую спецыялістку Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры Ірэну Клявец. Яе абвінавачваюць паводле чатырох арыкулаў Крымінальнага кодэкса.

За тое, што працягваюць адстойваюць свае правы нават у калоніі

palina-szarenda-panasjuk_1.jpg
Паліна Шарэнда-Панасюк

Палітзняволеных Паліну Шарэнду-Панасюк і Вікторыю Кульшу спачатку асудзілі па палітычна матываваных справах да двух і двух з паловай гадоў адпаведна. Пазней супраць іх узбудзілі крымінальныя справы за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" (арт. 411 КК).Суд дадаў ім яшчэ па аднаму году зняволення і іх накіравалі ў жаночую калонію для "рэцыдывістак". Цяпер іх у ПК-24 месяцамі ўтрымліваюць у штрафных ізалятарах і зноў узбудзілі супраць іх справу паводле арт. 411 КК.

Трэцяя жанчына, супраць якой завялі справу за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі", з'яўляецца пенсіянерка Алена Гнаук. У чэрвені 2022 года яе асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі, а пасля этапу ў калонію амаль увесь час утрымліваюць у ШІЗА і ПКТ. Цяпер жанчына чакае суд паводле арт. 411 КК.

За акты тэрарызму, якіх не было

Любоў Рэзановіч
Любоў Рэзановіч

Гродзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 года агучыў прысуды дванаццаці фігурантам "справы Аўтуховіча", у тым ліку — пяці палітзняволеным жанчынам.

61-гадовая пенсіянерка Галіна Дзербыш — фігурантка «справы Аўтуховіча», якую нядаўна асудзілі да 20 гадоў калоніі і 700 базавых велічыняў штрафу. Галіну абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Жанчына цалкам не прызнала сваю віну. Дзербыш мае інваліднасць другой групы, у яе анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам. Дзербыш на судзе распавяла пра ціск: падчас следства ёй увесь час пагражалі і прымушалі агаворваць сябе. Яна неаднаразова пісала скаргі ў пракуратуру, але не атрымала ніводнага адказу. Акрамя гэтага, яе змяшчалі ў карцар тэрмінам на 10 сутак, там не давалі неабходных лекаў, таму яна некалькі разоў траціла прытомнасць. Цягам 15 месяцаў жанчыну ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры.

56-гадовую актывістку Вольгу Маёраву асудзілі да 20 гадоў калоніі і 800 базавых велічыняў штрафу. Вядома, што падчас суда Вольгу выдалялі з пасяджэння і змяшчалі ў карцар.На судзе яна заявіла, што вінаватай сябе не лічыць ні па ніводным артыкуле. Таксама яна паведаміла, што ў яе падазраюць цукровы дыябет. 

Палітзняволеная Вольга Маёрава на судзе 18 траўня
Палітзняволеная Вольга Маёрава на судзе 18 траўня

58-гадовую Любоў Рэзановіч ад пачатку судовага працэсу ўтрымлівалі ў камеры-«стакане». Яе затрымалі разам з мужам, праваслаўным святарам Сяргеем і сынам Паўлам, якіх таксама асудзілі па гэтай справе. Суд прызначыў ёй 15 гадоў калоніі і 600 базавых велічыняў штрафу. Старэйшы яе сын Арцём з дзяцінства мае інваліднасць — ён недзеяздольны.

67-гадовую індывідуальную прадпрымальніцу і пенсіянерку Ірыну Мельхер асудзілі да 17 гадоў калоніі і 700 базавых велічыняў штрафу. Яе затрымалі разам з сынам Антонам, якіпа выніках суда выйшаў на волю, бо цалкам адбыў тэрмін. У СІЗА КДБ пасля затрымання перанесла гіпертанічны крыз.

47-гадовай Ірыне Гарачкінай прысудзілі шэсць гадоў і адзін месяц калоніі, а таксама300 базавых велічыняў штрафу. Яе абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) і ч. 1 арт. 405 КК (пакрыванне цяжкага злачынства).


Спіс прычынаў і палітзняволеных няпоўны, больш інфармацыі можна знайсці на сайце prisoners.spring96.org

Падары палітзняволенай тое, за што яна змагалася

*Сумесны збор BYSOL, ПЦ «Вясна» і медыя-праекта GIRLS POWER BELARUS.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства