Другі дзень суда па "справе Рабочага Руху": усе 10 палітвязняў не прызналі віну ў здрадзе дзяржаве
У Гомельскім абласным судзе працягваецца разгляд "справы Рабочага Руху", фігурантамі якой праходзяць адразу дзесяць палітзняволеных — Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Аляксандр Капшуль. Іх усіх абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Усе не прызналі віну. Ім пагражае да 15 гадоў зняволення. Па справе 38 тамоў, адзін з якіх — "сакрэтны". Працэс вядзе суддзя Аляксандр Піскуноў. Суд праходзіць у адкрытым рэжыме.
Што адбываецца на судзе 10 лістапада?
У першы дзень судовага следства пракуроры некалькі гадзін па чарзе зачытвалі абвінавачванні. Як піша "СБ. Беларусь сегодня", 10 лістапада ўсе дзесяць палітвязняў не прызналі сваю віну ў здрадзе дзяржавы і стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні. Толькі адзін Андрэй Пагерыла прызнаў віну паводле арт. 188 КК (паклёп).
Дзяржабвінавачанне падтрымліваюць два пракуроры. У абвінавачванні, якое абвяшчаецца ў судзе, гаворыцца, што абвінавачаныя абмяркоўвалі планы блакавання шэрагу буйных прадпрыемстваў краіны (у тым ліку "Гродна Азот", "БМЗ"), актыўна ўзаемадзейнічалі з экстрэмісцкай структурай BYPOL, штабам Ціханоўскай і заходнімі спецслужбамі.
На працэсе пачалі даследаваць матэрыялы справы — па справе ўсяго 38 тамоў, адзін з якіх "сакрэтны". Допыт абвінавачаных, пацярпелых і сведак адбудзецца пазней.
У Гомелі распачаўся суд па рэзананснай "справе Рабочага Руху" — судзяць адразу 10 палітвязняў
Працэс вядзе суддзя Аляксандр Піскуноў. Суд праходзіць у адкрытым рэжыме.
У чым іх абвінавачваюць?
Згодна з матэрыяламі справы ўдзельнікі "Рабочага руху", "ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да беларускіх суб'ектаў гаспадарання пра спосабы абыходу мер абмежавальнага характару (санкцый), а таксама механізмах процідзеяння такім спосабам". Паведамляецца, што некаторыя абвінавачаныя планавалі варыянты блакавання вытворчасці на "Гродна Азот" і "БМЗ".
18 кастрычніка 2021 года — амаль праз месяц пасля затрымання фігурантаў справы — "Рабочы Рух" быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Гэта стала першым экстрэмісцкім фарміраваннем у Беларусі — цяпер іх 98.
Крымінальная "справа Рабочага Руху" знаходзілася ў вытворчасці следчага аддзела ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці.
- Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка і Андрэй Пагерыла абвінавачваюцца па арт. 188 КК (паклёп), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім).
- Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч і Сяргей Шамецька — па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім).
- Аляксандр Капшуль — па ч. 2 арт. 295 КК (Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім).