viasna on patreon

У Гомелі сёння распачаўся суд па рэзананснай "справе Рабочага Руху" — судзяць адразу 10 палітвязняў Дапоўнена

2022 2022-11-09T14:11:00+0300 2022-12-01T17:46:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rabochy_ruh_.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 9 лістапада, у Гомельскім абласным судзе распачынаецца разгляд "справы Рабочага Руху", фігурантамі якой праходзяць адразу дзесяць палітзняволеных — Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей ШамецькаАляксандр Капшуль. Іх усіх абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Ім пагражае да 15 гадоў зняволення. Па справе 30 тамоў. Працэс вядзе суддзя Аляксандр Піскуноў. Суд праходзіць у адкрытым рэжыме.

Фігуранты
Фігуранты "справы Рабочага Руху"

У чым іх абвінавачваюць?

Згодна з матэрыяламі справы ўдзельнікі "Рабочага руху", "ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да беларускіх суб'ектаў гаспадарання пра спосабы абыходу мер абмежавальнага характару (санкцый), а таксама механізмах процідзеяння такім спосабам". Паведамляецца, што некаторыя абвінавачаныя планавалі варыянты блакавання вытворчасці на "Гродна Азот" і "БМЗ".

18 кастрычніка 2021 года — амаль праз месяц пасля затрымання фігурантаў справы — "Рабочы Рух" быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Гэта стала першым экстрэмісцкім фарміраваннем у Беларусі — цяпер іх 98.

Крымінальная "справа Рабочага Руху" знаходзілася ў вытворчасці следчага аддзела ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці.

Былы юрысконсульт
Былы юрысконсульт "Нафтана" Аляксандр Капшуль на судзе 9 лістапада 2022 года. Скрыншот з відэа ATN

Узбуджэнне гэтай справы прадвызначылася словамі Лукашэнкі

Іх затрыманні адбыліся 21-23 верасня 2021 года. Падчас размовы з міністрам прамысловасці Пятром Пархомчыкам і віцэ-прэм’ерам Юрыем Назаравым Лукашэнка заявіў:

"Мы проста не маем права падаць. Трэба ўтрымацца на гэтым узроўні, чаго б нам ні каштавала. Я ведаю, вы ва ўрадзе прынялі шэраг рашэнняў для мінімізацыі ўздзеяння санкцый на нашу эканоміку. Але паглядзіце на сваіх супрацоўнікаў на прадпрыемствах. У мяне ёсць інфармацыя, што мярзотнікаў некалькі там яшчэ дзе-нідзе засталося і яны ставяць перад сабой мэту праінфармаваць „калектыўны Захад“ аб тым, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абысці санкцыі. Шпіёняць фактычна і здаюць інфармацыю туды.

Некалькіх мы выявілі. Сядуць, і надоўга. Гэта я шчыра кажу. Але, тым ня менш, мы іх павінны бачыць. Адзінкі, але яшчэ засталіся. І гэта ня проста людзі, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэта людзі, якія свядома за грошы спецслужбаў Захаду шкодзяць нашай эканоміцы, а роўна нашай дзяржаве. На гэта звярніце асаблівую ўвагу дырэктараў і самі глядзіце за гэтымі працэсамі".

Што адбываецца на судзе 9 лістапада?

Суд па
Суд па "справе Рабочага руху" 9 лістапада 2022 года. Скрыншот з відэа ATN

Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. На працэс прыехала шмат прадстаўнікоў дзяржаўных медыя. Паведамляецца, што ў зале няма вольных месцаў.

Як піша Sputnik, у абвінавачванні, якое абвяшчаецца ў судзе гаворыцца, што абвінавачаныя абмяркоўвалі планы блакавання шэрагу буйных прадпрыемстваў краіны, у тым ліку "Гродна Азот", БМЗ, актыўна ўзаемадзейнічалі BYPOL. Таксама была агучаная інфармацыя, што абвінавачаны Сяргей Шэлест збіраў інфармацыю аб прадпрыемстве "Гродна Азот", перадаваў яе замежным спецслужбам, а таксама штабу Ціханоўскай, і атрымліваў грашовыя ўзнагароды ад адной з беларускіх дыяспар у ЗША.

Першым пачалі зачытваць абвінавачванне Сяргею Дзюбу. Як вынікае з абвінавачвання, ён увайшоў у "Рабочы Рух" з "мэтай учынення злачынстваў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі".

"Дадзеныя дзеянні ён здзяйсняў па прычынах палітычнай і сацыяльнай і ідэалагічнай варожасці, у тым ліку ў дачыненні да сілавікоў і прадстаўнікоў улады".

Як вынікае з абвінавачвання, Дзюба быў звольнены з "Беларускай чыгункі" ў 2020 годзе, калі далучыўся да страйкавага руху. Паводле версіі абвінавачвання, ён перадаваў свайму замежнаму куратару звесткі на дзяржаўнай мяжы Беларусі для накіравання замежнай дзяржаве. Устаноўлена, што ён атрымліваў за сваю працу грашовыя ўзнагароды ад BYPOL. Таксама ў абвінавачванні гаворыцца, што фігуранты справы "па папярэдняй змове аб'ядналіся ў злачынную кіраваную групу, пасля чаго яна была ператворана ў "Рабочы Рух" з мэтай замаху на канстытуцыйны лад Беларусі, публічных заклікаў да агульнанацыянальнай забастоўкі і іншых дзеянняў экстрэмісцкай накіраванасці".

Таксама ў абвінавачванні гаворыцца, што абвінавачаныя актыўна ўзаемадзейнічалі з замежнымі палітэмігранцкім цэнтрамі. Паводле словаў дзяржабвінаваўцы, канчатковай мэтай "Рабочага Руху" было адхіленне ад улады Лукашэнкі, дыверсійныя акцыі і палітычны ціск на дзейную ўладу.

Як вынікае з абвінавачвання адзінай жанчыны ў справе — афіцэркі ў запасе Ганны Аблаб, яна перадавала інфармацыю аб руху цягнікоў, аб руху вайсковай тэхнікі, заробку ў сістэме БЧ, а таксама іншыя звесткі сакрэтнага характару. Акрамя гэтага, яна падала свайму "замежнаму куратару" лагін і пароль ад базы дадзеных са службовай інфармацыяй.

Падтрымайце палітвязняў па адрасе: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства