viasna on patreon

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

2022 2022-09-20T13:43:36+0300 2022-09-20T14:44:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны пра "вясноўцаў", што знаходзяцца за кратамі.

Уладзь Лабковіч: "Буду рады любой вестачцы"

Юрыст "Вясны" Уладзімір Лабковіч даслаў паштоўку ў адказ на атрыманую пасылку:

"Вялікі дзякуй за цудоўную падтрымку ў выглядзе перадачы. Гэта надзвычай важны знак, асабліва калі зусім не даходзяць лісты. Гэта надае сілаў трымацца далей. Хоць вельмі часта ахоплівае адчай. Вядома, перадавай прывітанне ўсім сябрам.

У меня тут усё зусім бяз зменаў. Моцна сумую па родных, чытаю, хоць зрок вельмі моцна сапсаваўся. Буду рады любой вестачцы".

Брат Уладзіміра — Мікалай Лабковіч распавёў «Вясне», як ён даведаўся пра затрыманне брата і ягонай жонкі, як жыве сям’я Уладзіміра без яго, з якімі выклікамі сутыкаецца і як можна дапамагчы зняволенаму праваабаронцу.

"Я не мог уявіць, што, калі старэйшы брат будзе за кратамі, камусьці яго трэба будзе замяніць", – Мікалай Лабковіч

За год зняволення ва Уладзіміра моцна пагоршылася здароўе, праваабаронцу блакуюць ліставанне і трымаюць яго ў поўнай ізаляцыі. На волі яго чакаюць 14-гадовая дачка, 8-гадовыя сыны-блізняткі, 69-гадовая маці, жонка, якая таксама з’яўляецца фігуранткай крымінальнай справы, а таксама брат з жонкай.

Валянцін Стэфановіч: "Што б з намі ні здарылася, Вясна была і будзе!"

Палітзняволены намеснік старшыні "Вясны" Валянцін Стэфановіч даслаў вестачку на волю:

"Што б з намі ні здарылася, Вясна была і будзе! Нам ужо 27-ы год пайшоў, і я ўпэўнены, што мы яшчэ адзначым і наша 30-годдзе ўсе разам".

Аліна Стэфановіч: Мой муж — палітвязень у Беларусі, я пераехала ў Батумі з трыма дзецьмі

Жонка Валянціна Стэфановіча распавяла грузінскаму выданню netgazeti.ge пра арышт праваабаронцы, барацьбу, цяперашнюю атмасферу ў Беларусі і пра тое, што яна адчувае, калі бачыць, што яе краіна выступае на баку Расіі ў поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Нагадаем, следства па крымінальнай справе супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча было працягнутае да 14 кастрычніка. Яны застаюцца пад вартай у СІЗА.

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Павіншуйце Леаніда Судаленку з Днём народзінаў!

23 верасня кіраўніку Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніду Судаленку споўніцца 56 гадоў.

Гэта другі дзень народзінаў, які праваабаронца будзе сустракаць не ў коле сям'і, сяброў і аднадумцаў, а за кратамі.

Вядома, што Леаніду адміністрацыя калоніі ўжо выносіць спагнанні і "робіць з яго "злоснага парушальніка" рэжыму ўтрымання. Праваабаронцу ўжо пазбавілі кароткатэрміновага спаткання з роднымі, якое было запланавана на канец кастрычніка.

Пішыце Леаніду і Таццяне:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

«Гэта ўнікальны чалавек» — зняволеная пра праваабаронцу Марфу Рабкову

6 верасня палітзняволеную каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў калоніі, а валанцёра Андрэя Чапюка — да 6 год калоніі. 

Адна з жанчын, што бачылася з праваабаронцай Марфай Рабковай за кратамі, падзялілася сваімі ўражаннямі ад яе:

"Гэта ўнікальны чалавек. Усе зняволеныя абавязкова пыталіся парады ў яе, яна падтрымлівае ўсіх, цярпліва выслухоўвае людзей. Да яе дрэнна даходзяць лісты, але Марфа трымаецца малайцом, не растраціла сябе саму. Яна дзяўчына далікатная, а рэчы дапамагае несці".

Яшчэ адна былая зняволеная СІЗА-1 распавяла «Вясне» пра тое, якой яна запомніла дзяўчыну: 

"Марфа — унікальны чалавек. З ёй вельмі шмат людзей раіліся. Марфа заўсёды казала дакладна, па справе, развейвала чуткі, ад яе ішоў заўжды вялікі аптымізм. Яна вельмі людзей падтрымлівала. У "адстойніку" яна заўсёды дапамагала з чужымі рэчамі, таму што цяжка. На свой жа суд Марфа хадзіла, па яе словах, як на цырк. У "адстойніку" вельмі шмат людзей з ёй размаўлялі, нават раіліся, што казаць у апошнім слове. Яна тлумачыла нават дробныя рэчы. Чамусьці ўсе раіліся толькі з Марфай…

Дзіўна, што Марфа, столькі праседзеўшы, не закурыла! Столькі чалавек у камеры курыць… Яна спартовая, падцягнутая, аптымістычная, з сілай волі, але сама па сабе далікатная, канечне.

29 ліпеня мы з ёй убачыліся ў апошні раз у СІЗА. Я Марфу вельмі моцна абняла і прадольны нам жорсткую вымову зрабіў".

Пасля суда над Марфай Рабковай і дзевяццю палітвязнямі затрымалі праваабаронцу Насту Лойку. Яе асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за "дробнае хуліганства" (арт. 19.1 КаАП).

Вечарам 6 верасня беларусы Тбілісі выйшлі на акцыі ў падтрымку асуджаных Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і іншых палітзняволеных, якім прысудзілі велізарныя тэрміны зняволення.

tbilisi_06.09.2022.jpg
Акцыя беларусаў у Тбілісі, 6 верасня 2022 года

"Ніводны праваабаронца яшчэ не быў асуджаны да такога вялікага тэрміну", — адзначыў юрыст Павел Сапелка ў каментары пра прысуд Марфе для DW.

Праваабаронцам перадалі прамовы, якія рыхтавалі да апошняга слова Адрэй Чапюк і Марфа Рабкова. 

Андрэй Чапюк у апошнім слове: "Праўда, аб'ектыўнасць і справядлівасць мацнейшыя за бандыцкія метады МУС і КДБ"

"У сваім апошнім слове я хацеў бы сказаць, што мне вельмі сорамна за беларускую судовую сістэму, за следчыя органы, якія ўмеюць пісаць якасны гумар! Цягам ўсяго працэсу мы вельмі часта смяяліся з працы пракурора, следства. Загатоўка (меркавана ад ГУБАЗа) для спрэчак пракурора — гэта найлепшае, што гучала ў залі. Гумар якасны!"

Марфа ў апошнім слове: "Калі мы дапамагаем адно аднаму, выказваем салідарнасць — мы набліжаем надыход нашай Беларусі"

Мы жывём у эпоху перакручаных ісцін: дабро караецца, зло праслаўляецца, паняцце свабоды звужаецца да межаў уласнай свядомасці, пры гэтым урываюцца і ў гэтую зону, выкарыстоўваючы арт. 13 Крымінальнага кодэкса, так званы "намер".

"Была радасная, што яе не забываюць". Муж Марфы Рабковай сустрэўся з ёй у СІЗА пасля прысуду

Палітзняволенай Марфе Рабковай дазволілі праз шкло на гадзіну сустрэцца з мужам, з якім апошняе спатканне было год таму. На сваёй старонцы ў сацсетцы "MySpace" Вадзім распавёў пра сустрэчу.

"Выглядае ў параўнанні з мінулым годам нармальна. Бледная, канечне, бракуе сонца. Худая. Сказала, што важыць каля 45 кілаграм. Здароўе ўсё яшчэ турбуе...

Перадаў ёй прывітанні — яна вельмі дзякуе ўсім. Распавёў пра рэакцыі на прысуд міжнароднай супольнасці — была радасная і задаволеная, што яе не забываюць.

Прысуд успрыняла адэкватна, кажа: «Бязглуздзіца». На амністыю нават блізка не разлічвае… Але спадзяецца на лепшае!"

Міжнародная супольнасць адрэагавала на прысуд Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка

Міжнародная супольнасць адрэагавала на прысуд праваабаронцы Марфы Рабковай, валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка і яшчэ васьмі палітвязняў, якіх 6 верасня агулам пакаралі 94 гадамі пазбаўлення волі.

17 верасня было два гады як праваабаронца "Вясны" Марфа Рабкова была затрыманая і кінутая за краты. Яе родныя і блізкія распавялі пра Марфу як дачку, сястру, жонку і сяброўку.

"Не баіцца цяжкасцяў і прыгод, і яна заўсёды ідзе наперад". Марфа Рабкова вачыма родных і блізкіх

"Маша ў дзяцінстве была таварыскай дзяўчынкай, спартыўнай і ў той жа час вельмі любіла кнігі. Яна рана навучылася чытаць, і яшчэ да школы мы запісалі яе ў бібліятэку. Там яна стала самай юнай чытачкай у горадзе".

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства