viasna on patreon

Аліна Стэфановіч: Мой муж — палітвязень у Беларусі, я пераехала ў Батумі з трыма дзецьмі

2022 2022-09-01T17:23:13+0300 2022-09-01T17:23:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-2018.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Перад прыездам у Грузію Аліна Стэфановіч інстыктыўна ўставала на досвітку і чакала 7:00. Улетку мінулага года беларуская міліцыя прыехала да яе сям'і роўна а 7-й гадзіне раніцы, правяла дома ператрус і арыштавала мужа Аліны. Пасля гэтага яны больш не бачыліся.

Аліна паводле прафесіі перакладчыца, шмат гадоў супрацоўнічае з грамадскімі і медыйнымі арганізацыямі, а ейны муж Валянцін Стэфановіч з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і намеснікам старшыні "Вясны", адной з вядучых праваабарончых арганізацый Беларусі.

Два гады таму ў гэты час беларусы ўсё яшчэ пратэставалі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які пасля 26 гадоў прэзідэнцтва зноў абвясціў сябе пераможцам на выбарах 2020 года. Аднак пратэст змяніўся ўзмацненнем рэпрэсій: былі затрыманы тысячы чалавек, з іх сотні асуджаны на арышт. Міліцыя збіла дэманстрантаў, а праваабаронцы распавялі пра катаванні людзей у турмах. Дзяржава закрыла шматлікія няўрадавыя арганізацыі і заблакавала незалежныя СМІ.

Арышт мужа падштурхнуў Аліну Стэфановіч з'ехаць з Беларусі ў Грузію з трыма дзецьмі. Яна распавяла грузінскаму выданню netgazeti.ge пра арышт Валянціна, барацьбу, цяперашнюю атмасферу ў Беларусі і пра тое, што яна адчувае, калі бачыць, што яе краіна выступае на баку Расіі ў поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Аліна Стэфановіч
Аліна Стэфановіч

Як мы жылі да 2020 года?

Беларусь заўсёды была дыктатурай. Да 2020 года. Але цяпер гэта таталітарная дыктатура, і яна набліжаецца да Паўночнай Карэі. Нас не вельмі задавальняла тое, што адбывалася да 2020 года, але, прынамсі, уся грамадзянская супольнасць, бізнэс-супольнасць, ІТ-спецыялісты спрабавалі зрабіць Беларусь лепшай. Здавалася, што ўрад хоча быць бліжэйшым да Еўропы. Людзям далі больш свабоды...

Я ніколі не здагадвалася, што ўлада наважыцца так збіваць і катаваць людзей... Так, мы ведалі, што міліцыя грубая і жорсткая, і ў нас не было ілюзій з нагоды дыктатуры, але я ніколі не магла падумаць, што міліцыя прыйдзе ў твой дом, кіне цябе на падлогу, саб'е. У нейкай ступені мы ўсё яшчэ верылі, што мы свабодная краіна і можам казаць і пісаць, што хочам хаця б у сацыяльных сетках. Нам ніколі не прыходзіла ў галаву, што мы не зможам нічога напісаць на Facebook. А цяпер людзей саджаюць на 2-3 гады толькі за тое, што яны штосьці пішуць у сацсетках.

Што прывяло людзей на вуліцы?

Ніхто не аспрэчваў, што Лукашэнка прайграў [выбары]. Вы маглі бачыць гэта на вуліцы. Як гэта было? [Да 2020 года] у нейкі момант вялікая частка народа вырашыла, што яны могуць самі пабудаваць сваю краіну і Лукашэнка ўжо не важны: давайце забудземся пра гэтага чалавека, пабудуем свой бізнэс, пабудуем наша грамадства, будзем рабіць тое, што нас яднае...

І мы пабудавалі гэту супольнасць. Гэта можна было ўбачыць яшчэ да выбараў, у Мінску і ў іншых населеных пунктах: тыя, хто збіраўся галасаваць супраць Лукашэнкі і за Святлану Ціханоўскую як адзіную кандыдатку ад апазіцыі, насілі белыя бранзалеты. Калі ты бачыш, што ўсе твае суседзі носяць белыя бранзалеты, уключаюць апазіцыйную музыку за рулём, ты адчуваеш, што адбываецца.

Я думаю, было два фактары [чаму людзі выйшлі ў ноч пасля выбараў]: па-першае, яны сапраўды верылі, што Лукашэнка прайграў выбары, а па-другое, яны ніколі не ўяўлялі, які ўзровень рэпрэсій можа быць: людзі з пабітымі галовамі і траўмамі розных частак цела, першыя загінулыя... Людзі абураліся.

Што я адчувала, калі пабачыла пратэсную хвалю?

Насамрэч, я не верыла, што штосьці адбудзецца. Мы праходзілі праз гэтыя цыклы занадта шмат разоў. Я памятаю выбары 2001, 2006, 2010 гадоў. У 2010 годзе ў другую ноч выбараў былі арыштаваны сем кандыдатаў у прэзідэнты. З прычыны гэтага я і вялікая колькасць маіх сяброў думалі, што гэты [2020 год] быў чарговым цыклам: самыя адважныя выйдуць на вуліцы, іх арыштуе міліцыя, потым Лукашэнка пачне гандляваць імі з Еўропай...

Калі з'явіліся першыя фатаграфіі катаванняў, а ў наступныя дні мноства людзей выйшла на вуліцы, я была ў шоку... Людзі выйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі, якія з'яўляюцца сімвалам незалежнай Беларусі. Гэты сцяг быў сімвалам Беларусі чатыры гады ў 1990-х, пакуль да ўлады не прыйшоў Лукашэнка і не правёў рэферэндум па змене дзяржаўных сімвалаў. Людзі не толькі ў Мінску, але і ў невялікіх гарадах выйшлі на вуліцы і трымалі гэтыя сцягі. Маё першае пытанне было: няўжо людзі захоўвалі гэтыя сцягі дзесьці 20 гадоў?

[Пасля таго, як пачаліся пратэсты] было адчуванне, што народ з намі, мы і ёсць народ. Упершыню мы адчулі сапраўдную еднасць.

Як я ўжо казала, спачатку я думала, што ўсё будзе як раней, але потым на вуліцу выйшла надта шмат людзей, і быў момант, калі я паверыла, што штосьці павінна адбыцца.

Як урачысты настрой змяніўся на ўзмацненне рэпрэсій

Пасля першых начэй, калі дэманстрантаў збівалі, а потым жанчыны ў белым выйшлі на вуліцы, калі так шмат людзей выйшла на мірныя акцыі пратэсту, у тым ліку рабочыя па ўсёй краіне, здавалася, што міліцыя здалася. Спачатку гэта было падобна да карнавалу: людзі на вуліцы з забаўнымі плакатамі ў руках, проста святкуюць, што іх шмат і яны разам, пад даўно забароненым, але такім дарагім бел-чырвона-белым сцягам. Прафесійныя асацыяцыі і раёны пачалі арганізоўваць мерапрыемствы і выступы. Ім спадабалася, што яны ўпершыню за столькі гадоў аб'ядналіся ў адзіны кулак.

У рэшце рэшт, калі Пуцін засяродзіў свае войскі на мяжы, а міліцыя пачала арыштоўваць усе больш і больш палітычных лідараў, вулічны карнавал ператварыўся ў поле бою: з кожным днём, пасля выхаду на пратэст, шанцы вярнуцца дадому ўвечары рабіліся ўсё менш і менш імавернымі. Пасля гэтага ў кватэры пачалі прыходзіць праз "не той" сцяг ці "няправільнае" спалучэнне колераў адзення на вяроўках для бялізны.

Пасля ўлады прымусова пасадзілі самалёт у Мінску, каб арыштаваць журналіста на ягоным борце. Потым на грамадзянскую супольнасць напалі, а пасля людзей, у тым ліку пенсіянераў, пачалі саджаць у турмы за каментары, пакінутыя ў сацсетках. Гэта адбываецца дагэтуль, штодня, па ўсёй краіне.

Як арыштавалі майго мужа?

Мой муж Валянцін Стэфановіч праваабаронца, працуе ў адной з вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый "Вясна" з 1998 года, а таксама з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам буйной арганізацыі "Міжнародная федэрацыя за правы чалавека" (FIDH). [Да арышту] ён не рабіў нічога такога, чаго не рабіў у мінулыя гады: дапамагаў людзям абараніць свае правы.

Міліцыя прыйшла да нас у Мінску 14 ліпеня мінулага года а 7-й гадзіне раніцы. Правялі ператрус, забралі ўсю тэхніку: ноўтбукі, тэлефоны... Забралі тэлефоны дзяцей, грошы. Забралі і майго мужа. Гэта было год назад, я пішу лісты і атрымліваю ад яго лісты, але гэта ўсё: я яго не бачыла і не размаўляла з ім.

Калі мы цалаваліся і развітваліся, яны казалі: навошта вы так развітваецеся, ён увечары вернецца. Пазней я дазналася, што забралі не толькі мужа: у той дзень было арыштавана некалькі дзясяткаў чалавек. Адзін з ягоных калегаў быў арыштаваны разам з жонкай. Пачуўшы гэта, я найперш замовіла квіток на самалёт. Ехаць у Грузію было прасцей за ўсё, таму што нам не патрэбна была віза. Я забраніравала квіток і з'ехала разам з дзецьмі. Гэта адбылося 21 ліпеня мінулага года. Цяпер я ў Батумі і намагаюся навучыцца тут жыць.

Валянцін Стэфановіч з сям'ёй. Фота з асабістага архіву
Валянцін Стэфановіч з сям'ёй. Фота з асабістага архіву

Суду яшчэ не было, следства яшчэ ідзе, і я не ведаю, колькі яно будзе доўжыцца. Адна праблема палягае ў тым, што адвакаты мусілі падпісаць дамову аб неразгалошванні. Так што яны нікому нічога не могуць раскрыць. У [Валянціна] ёсць адвакат, ён наведвае [яго ў турме] і, прынамсі, у яго ёсць магчымасць патэлефанаваць мне і сказаць, што ён пачуваецца добра ў плане здароўя, але ён нават не можа сказаць, паводле якога артыкулу абвінавачваецца мой муж.

Рэч у тым, што "Вясна" незарэгістраваная ў Беларусі арганізацыя. Яна была пазбаўлена рэгістрацыі ў 2003 годзе. Пасля гэтага было некалькі рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека пра тое, што адмяняць рэгістрацыю "Вясны" няправільна, што яе трэба зарэгістраваць. Вядома, урад ніколі гэтага не рабіў. Некалькі разоў праваабаронцы спрабавалі зарэгістравацца, але ўлады заўсёды адмаўлялі. Так што падрабязнасцяў я не ведаю, але гаворка ў расследаванні ідзе пра кіраванне незарэгістраванай арганізацыяй.

Атмасфера як у 1930-х гадах, у сталінскую эпоху

Тое, што міліцыя не змагла ў нас нічога канфіскаваць, акрамя ноўтбукаў і тэлефонаў, было вынікам таго, што перад ператрусам мы некалькі разоў правяралі наш дом, каб пераканацца, што нічога цікавага для іх [не засталося]. Вось так і жывеш, калі даводзіцца думаць пра бяспеку кожны дзень: прымаеш экстраныя меры, вучыш адмысловую мову, каб размаўляць з сябрамі; калі вы хочаце пагаварыць пра [пэўную] праблему, вы ідзяце куды-небудзь у парк, без тэлефона. І ты ўвесь час думаеш пра гэта, ты павінен быць увесь час напагатове.

Калі ты ідзеш па вуліцы і бачыш, як спыніўся сіні [міліцэйскі] мікрааўтобус, пачашчаецца сэрцабіцце, таму што раптам можа выскачыць міліцыянт і паспрабаваць цябе адвесці... Пасля арышту майго мужа я прачнулася а 4-й раніцы. Я ляжала на ложку і чакала 7-й гадзіны. У мяне было чаканне, што прыедзе міліцыя, таму што перад гэтым яны прыйшлі роўна а 7-й. Потым я сказала сабе: добра, ужо без пяці восем, сёння яны не прыйдуць.

Перад выхадам трэба праверыць, ці не спалучаюцца ў вас жоўта-сіні [колеры украінскага сцяга] ці бел-чырвона-белы [колеры нацыянальнага сцяга, беларускага сімвалу пратэсту] у адзенні, праз гэта міліцыя можа вас спыніць і праверыць ваш тэлефон. Два гады таму было цяжка ўявіць, што да цябе знянацку прыйдзе міліцыя і спытае пароль для праверкі тэлефона, а калі ты ім не скажаш, яны зробяць усё, што заўгодна, у тым ліку зламаюць табе пальцы, каб атрымаць пароль. Гэта было цяжка ўявіць два гады таму. Цяпер гэта адбываецца рэгулярна.

Я чую аповеды пра тое, што людзі баяцца прачынацца, таму што міліцыя звычайна прыходзіць арыштоўваць іх раніцай: а 7-й гадзіне, а 6-й гадзіне... Людзі дрэнна спяць, усё чакаюць груку ў дзверы. Да арышту мужа мы чакалі, што рана ці позна гэта адбудзецца, таму што вакол нас было арыштавана даволі шмат людзей.

Аліна Стэфановіч з дзецьмі на акцыі салідарнасці ў Грузіі
Аліна Стэфановіч з дзецьмі на акцыі салідарнасці ў Грузіі

У ліпені, калі я прыехала у Грузію, ішла падрыхтоўка да мясцовых выбараў. Калі людзі, якія ўдзельнічаюць у перадвыбарных кампаніях, пагрукаліся ў дзверы, першай рэакцыяй было моцнае хваляванне. І тады я сказала сабе: я ў Грузіі, нічога страшнага не здарыцца. Шмат якія мае сябры адчуваюць тое самае.

На гэтым тыдні маю суседку арыштавалі разам з мужам. Мы не ведаем дакладна, у чым іх абвінавачваюць, але некаторыя праўладныя Telegram-каналы паказалі затрыманых і напісалі, што яны напісалі больш за 200 допісаў у Telegram замест таго, каб прыглядаць за дачкой, таму яны забяруць у іх дзіця. Дзіцяці суседзяў 10 гадоў, ён быў сябрам маёй 11-гадовай дачкі. Цяпер ён у дзіцячым доме. Сваякі намагаюцца яго выцягнуць і, мабыць, у іх гэта атрымаецца.

Гэта адбываецца штодня. Я чытала навіны пра тое, што хтосьці быў арыштаваны паводле крымінальнай справы ці затрыманы на 15 сутак, што здаецца лепш, але ўсё адно раўнасільна катаванням, бо створаныя нечалавечыя ўмовы для палітвязняў у ізалятарах. Людзі, затрыманыя на 15 сутак за збіванне сваіх жонак, атрымліваюць пасцельную бялізну, прадуктовыя перадачы ад сваякоў, у той час як палітвязні спяць на жалезных ложках, без матрацаў, пасцельнай бялізны, зубной пасты, шкарпэтак і іншых прадметаў гігіены — у тым ліку жанчыны. Вы таксама не ведаеце, ці вызваляць вас праз 15 дзён ці працягнуць тэрмін вашага зняволення — як яны часам робяць — або завядуць крымінальную справу супраць вас.

Атмасфера нагадвае 1930-я гады, сталінскую эпоху, калі ў людзей былі напагатове маленькія сумкі на выпадак, калі прыйдзе міліцыя. Гэта тое, што людзі насамрэч павінны рабіць у Беларусі. Шмат якія дзяўчыны кажуць, што яны надзяюць дзве пары ніжняй бялізны, калі выходзяць на вуліцу, таму што [у выпадку затрымання] яны не могуць атрымліваць ніякіх перадач ад сваёй сям'і, а гэта значыць, што яны павінны правесці 15 ці 30 дзён у адной бялізне. Яны робяць гэта рэгулярна, штодня, калі выходзяць з дома. Такая атмасфера ў Беларусі.

Калі пачалася вайна

Я была ў шоку. Усе былі агаломшаныя. Як я вам казала, да 2020 года мы не маглі ўявіць, што міліцыя будзе так катаваць людзей, і вайну мы таксама не маглі ўявіць. Я ведаю пра жнівеньскую вайну 2008 года ў Грузіі, але яна адбывалася далёка ад нас. Рэакцыя беларусаў была такая, што Расія дрэнная, так, але гэта адбываецца не "ў цябе". Вайна ва Украіне — гэта як "вайна дома". Украіна — наша суседка. Усе пабывалі ў гэтай краіне шмат разоў. У мяне ёсць сваякі ва Украіне, як і, думаю, у шмат якіх беларусаў. Нашы мовы вельмі блізкія. Беларусы практычна выдатна разумеюць украінскую і наадварот. Так што гэтая вайна падобная да "вайны дома".

Першыя выбухі, забітыя... — гэта цяжка ўявіць, гэта было немагчыма. Апошняя вайна скончылася ў 1945 годзе. 15 гадоў таму я нават падумала: а навошта нам войска? Хто нападзе на нас? Еўропа? Выключана. Расія? Выключана. Што павінна здарыцца? І цяпер урад Беларусі ўдзельнічае [у вайне]. Я думаю, што значнай частцы людзей цяжка гэта пераварыць, асабліва цяпер, калі людзі не могуць нават выйсці на вуліцу, каб выказаць пратэст. Калі б гэта адбылося ў 2020 годзе, на вуліцы выйшлі б мільёны людзей. Я не ведаю, ці спрацуе гэта, таму што, як мы бачылі і наколькі я разумею, пратэсты самі па сабе ні на што не ўплываюць.

Не ведаю, гэта трагедыя. Я думаю і мяркую, што шмат хто так думае, што ад выніку вайны ва Украіне залежыць будучыня не толькі Беларусі, але і Еўропы. Шмат беларусаў дапамагаюць [Украіне] чым могуць. Нават у Батумі, дзе я цяпер знаходжуся, збіралі гуманітарную дапамогу, грошы...

Вельмі цяжка, калі ты аказваешся ў такім становішчы: з аднаго боку, у 2020 годзе ты зрабіў усё магчымае, каб пазбавіцца ад Лукашэнкі і не дапусціць гэтага. З іншага боку, людзі глядзяць на вас як на "дрэннага хлопца". Беларусь уцягнутая Расіяй ва ўварванне ва Украіну, і мы адчуваем, з аднаго боку, што гэта слушна. Аднак, з іншага боку, мы лічым, што Беларусь акупаваная, а Лукашэнка — марыянетка ў руках Пуціна. Мы яго не выбіралі. Усё гэта адбываецца не праз нашу волю… Мы такія ж ахвяры, як і грамадзяне Украіны, і я думаю, шмат якія беларусы гэта адчуваюць.

Я памятаю, як бабуля распавядала мне, як яны жылі ва ўмовах [фашысцкай] акупацыі, і яны, напэўна, адчувалі тое самае... Некалькі гадоў Мінск быў акупаваны фашыстамі. Людзі часта параўноўваюць Лукашэнку з нацыстамі. Па меры ўзмацнення рэпрэсій мы казалі адно аднаму, што на гэта могуць сысці гады, але змены магчымыя. Мы павінны жыць і выжываць, як мінімум.

Я не толькі веру [у магчымасць перамен], але і бачу іх праз рэгулярныя размовы з сябрамі. Яны так думаюць: выжывай, трымайся, змены адбудуцца. Відавочна, яны нічога не пішуць пра тое, што яны робяць дзеля гэтых зменаў, таму што гэта цяпер злачынная дзейнасць [у Беларусі]. Як я ўжо казала, мая бабуля таксама жыла ва ўмовах акупацыі, і, магчыма, мы павінны паспрабаваць выжыць у гэтых умовах. Рана ці позна ўсё скончыцца.

Грузія

Для мяне быць у Грузіі — гэта як быць паміж раем і пеклам: суд, дзе судзяць душы. Мне вельмі цяжка, таму што я не ведаю, чым скончыцца гісторыя майго мужа, да чаго яго прысудзяць, колькі гадоў я яго не ўбачу. Так што таксама цяжка абраць, куды ехаць, ці варта дзесьці асядаць, колькі гадоў гэта зойме. Я знаходжуся ў Грузіі, таму што ўсё яшчэ спадзяюся, што змагу вярнуцца праз 1-2 гады.

Вярнуцца ў сённяшнюю Беларусь для мяне немагчыма. Я магу апынуцца ў турме, напрыклад, праз нейкі допіс, апублікаваны ў Facebook. Вось, напрыклад, учора я была на мітынгу за незалежнасць Украіны, фатаграфавала... Гэтых здымкаў дастаткова, каб мяне пасадзілі ў турму. Таму калі я кажу, што спадзяюся вярнуцца ў Беларусь, я маю на ўвазе лепшую Беларусь. Беларусь без Лукашэнкі, а значыць і без расійскай акупацыі.

Я вельмі ўдзячная Грузіі за тое, што яна прыняла нас. Я вельмі шчаслівая быць у Батумі. Усе мае грузінскія суседзі прыязныя. Я ўдзячная, што прынамсі магу дыхаць і не палохацца, калі чую грук у дзверы. Гэта тое, што мне так падабаецца ў Грузіі, — магчымасць трошкі расслабіцца, што я вельмі цаню.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства