Міжнародная супольнасць адрэагавала на прысуд Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка
Міжнародная супольнасць адрэагавала на прысуд праваабаронцы Марфы Рабковай, валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка і яшчэ васьмі палітвязняў, якіх 6 верасня агулам пакаралі 94 гадамі пазбаўлення волі.
Амбасада ЗША выступіла з рашучым асуджэннем прысуду Марфе Рабковай і іншым фігурантам крымінальнай справы:
«ЗША асуджаюць ганебны прысуд праваабаронцы Марфе Рабковай і дзевяці іншым палітвязням. Мы аб’ядналіся з нашымі партнёрамі з ЕС і народам Беларусі, каб прыцягнуць рэжым да адказнасці за гэтыя абуральныя парушэнні правоў і годнасці чалавека», — адзначаецца ў паведамленні.
У падтрымку асуджаных палітвязняў таксама выступіў спецпрадстаўнік Еўрасаюза па правах чалавека Эйман Гілмар.
"Валанцёраў "Вясны" Марфу Рабкову (27), Андрэя Чапюка (26) і яшчэ 8 палітвязняў у закрытым судовым працэсе асудзілі на 94 гады пазбаўлення волі. ЕС заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх больш чым 1300 палітычных зняволеных", — напісаў ён у твітары.
Спецыяльная дакладчыца ААН па пытанні аб палажэнні праваабаронцаў Мэры Лолар выказала словы салідарнасці ў сваім твітары:
«Учорашні прысуд беларускім праваабаронцам Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку да 15 і 6 гадоў турэмнага зняволення выклікае шкадаванне. Мае думкі і салідарнасць з імі і з усімі затрыманымі беларускімі праваабаронцамі. Ні закрытыя судовыя працэсы, ні ўтрыманне пад вартай не могуць адрэзаць вас ад сусветнай праваабарончай супольнасці».
Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ назвала прысуды Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку новым сведчаннем рэпрэсій супраць праваабаронцаў у Беларусі:
«Прастора, у якой праваабаронцы ў Беларусі могуць выконваць сваю важную працу, працягвае звужацца, — заявіў дырэктар бюро Матэа Мекачы. — Гэтыя прысуды з’яўляюцца яшчэ адным сведчаннем арганізаваных рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў, якія скоўваюць усіх, хто актыўна змагаецца з парушэннямі правоў чалавека і адстойвае асноўныя свабоды ў краіне».
Мекачы падкрэсліў, што БДІПЧ АБСЕ па-ранейшаму гатова дапамагчы Беларусі прывесці яе ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і забяспечыць абарону правоў чалавека для ўсіх.
«У гэтым кантэксце БДІПЧ глыбока занепакоена парушэннямі права на справядлівы судовы разбор, уключаючы закрытыя судовыя разборы, а таксама неабгрунтаванымі і празмернымі выракамі, вынесенымі праваабаронцам», — гаворыцца ў паведамленні.
Міністэрства замежных спраў Літвы ў сваім твітары таксама апублікавала допіс у падтрымку Марфы і Андрэя:
«Сённяшняе рашэнне Мінскага гарадскога суда аб зняволенні актывістаў і праваабаронцаў, у тым ліку студэнткі #ЕГУ Марфы Рабковай з "Вясны", яшчэ раз даказвае рэпрэсіўнае беззаконне рэжыму Лукашэнкі. #Freeviаsna Cвабоду ўсім палітычным зняволеным у Беларусі!»
Прадстаўнікі Фінскай Лігі правоў чалавека прыйшлі да беларускай амбасады і заклікалі да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі і адважных калег-праваабаронцаў:
«Мы трымалі свечкі перад уваходам і выказвалі нашу падтрымку праваабаронцам Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку, якія атрымалі шакавальныя турэмныя тэрміны. Мы патрабуем вызвалення ўсіх палітвязняў».
У падтрымку зняволеных вясноўцаў выступіў "Фонд Клуні за справядлівасць".
«Два сябры Праваабарончага цэнтра "Вясна" былі асуджаныя да турэмнага зняволення, іх як групу працягваюць пераследваць за падтрымку палітычных зняволеных і іх сем'яў. Пазней у гэтым месяцы "Вясна" атрымае нашу прэмію "Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі" ў #TheAlbies», — адзначаецца ў паведамленні.
Аўстрыйскае аддзяленне Amnesty International пасля абвяшчэння прысуду Марфе Рабковай запусціла петыцыю за неадкладнае вызваленне праваабаронцы. Пад ёй ужо падпісалася больш за 3000 чалавек.
Акцыю тэрміновай падтрымкі за вызваленне Марфы Рабковай запусціла і польскае аддзяленне Amnesty International.
Еўрапейскі Студэнцкі Саюз (ESU) таксама асудзіў палітычна матываваныя крымінальныя абвінавачванні супраць Марфы Рабковай і патрабуе яе неадкладнага вызвалення.