viasna on patreon

"Я не мог уявіць, што, калі старэйшы брат будзе за кратамі, камусьці яго трэба будзе замяніць", – Мікалай Лабковіч 

2022 2022-09-01T10:38:12+0300 2022-09-01T11:50:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/labkovich_mikalai.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволены юрыст "Вясны" і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч утрымліваецца за кратамі ўжо адзін год і паўтара месяца. Столькі ж пад вартай знаходзяцца старшыня і намеснік арганізацыі Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч. Следства па "справе Вясны" ў чарговы раз працягнута да кастрычніка. За год зняволення ва Уладзіміра моцна пагоршылася здароўе, праваабаронцу блакуюць ліставанне і трымаюць яго ў поўнай ізаляцыі. На волі яго чакаюць 14-гадовая дачка, 8-гадовыя сыны-блізняткі, 69-гадовая маці, жонка, якая таксама з’яўляецца фігуранткай крымінальнай справы, а таксама брат з жонкай. Мікалай Лабковіч распавёў "Вясне", як ён даведаўся пра затрыманне брата і ягонай жонкі 14 ліпеня мінулага году, як жыве сям’я Уладзіміра без яго, з якімі выклікамі сутыкаецца і як можна дапамагчы зняволенаму праваабаронцу і іншым палітвязням.

Мікалай Лабковіч
Мікалай Лабковіч

"У мяне было адчуванне, што яны вырашылі затрымаць усіх"

Па словах Мікалая Лабковіча, ён даведаўся пра затрыманне брата і ягонай жонкі з тэлеграм-канала "Вясны". Брат праваабаронцы распавёў пра тое, што ён перажыў 14 ліпеня 2021 года:

"Мы прачыталі, што ва Уладзя, Валянціна і Алеся адбываюцца ператрусы. Думкі на той момант былі розныя: ад таго, што і як рабіць, і да таго, як выратаваць адразу ўсіх.

Наша маці была на лецішчы тады і я тэлефанаваў ёй, калі яна тэрмінова вярталася за дзецьмі. Старэйшая дачка Уладзя Адэля забрала двух малодшых братоў і паехала на сустрэчу з бабуляй. Праз пару гадзін я тэлефаную маці, а яна кажа, што яна ў ДФР [Дэпартаменце фінансавых расследванняў]. У мяне тады было такое адчуванне, што яны вырашылі затрымаць усіх, каб максімальна націснуць на Уладзя і зрабіць шкоду для ўсёй сям’і. Я на той момант думаў, як вывезці дзетак, што рабіць з імі, як хутка падацца на апеку. Я знаходзіўся ў іншай краіне і мне трэба было падумаць над рознымі шляхамі і знайсці выйсце, каб дзетак не забралі ў дзіцячы дом.

Цягам двух тыдняў, пакуль Ніну не выпусцілі, у нас былі розныя думкі. Мы з жонкай на той момант не планавалі дзяцей, але магло так адбыцца, што раптам у нас з’явіліся бы трое і ўжо дарослых дзяцей. Для нас з жонкай гэта быў складаны этап у жыцці. Ты разумееш, што Ніна сядзіць, Уладзь сядзіць, маці невядома дзе (потым высвятлілася, што яна ездзіла з перадачай у ДФР). Уся сітуацыя была даволі складанай і напружанай".

"У інтэрв’ю «Радыё Свабодзе» ў мінулым годзе праваабаронцы давалі афіцыйны сігнал, што «за нас узяліся па поўнай»"

Ніну выпусцілі на волю пасля 10 сутак у ІЧУ на Акрэсціна і СІЗА-1 на Валадарскага. Яна застаецца ў статусе абвінавачанай па "справе Вясны", але артыкулы, якія ёй інкрымінуюцца, невядомыя.

"Пасля таго, як выпусцілі Ніну, мы ўздыхнулі з палёгкай, таму што зразумелі, што дзеткі будуць з маці. Версіі прычын яе вызвалення могуць быць розныя. Калі адкрыюць архівы мы дазнаемся пра гэта".

Брат праваабаронцы прызнаецца, што да затрымання Уладзя сям’я не была гатовая, хаця і дапускалі такі варыянт.

"Мне ўжо 31 год. Я бачыў усю жорсткасць рэжыму ў 2010 годзе. І калі тады ўсё нарастала, думаеш: «Ну а колькі яшчэ можна, колькі гэтая гнуткасць і пластычнасць яшчэ будзе?» Апынулася, што яна бязмежная. Рэжым заціскае ўсё, што можна. І гэта бачна па затрыманнях, якія цяпер адбываюцца ў Мінску. Гэта натуральны канцлагер «Белоруссия»   па-іншаму ўжо і не скажаш. Гэта татальны канцлагер, дзе людзі мусяць хадзіць строем і дзе ўжо нават вольнамысленне немагчыма".

Пры гэтым, як адзначае Мікалай, сітуацыю таго, што сам Уладзь калісьці можа стаць палітвязнем, ён дапускаў:

"Я мог такое ўявіць, але не мог уявіць тое, што, калі старэйшы брат будзе за кратамі, камусьці яго трэба будзе замяніць. Гэта больш сямейнае пытанне і пытанне абароны правоў чалавека, на жаль, не ў Беларусі.

Мікалай (злева) і Уладзімір (справа) Лабковічы. Мікалаю — 2 гады, а Уладзю — 14
Мікалай (злева) і Уладзімір (справа) Лабковічы. Мікалаю — 2 гады, а Уладзю — 14

У інтэрв’ю «Радыё Свабодзе» ў мінулым годзе, дзе Уладзь сказаў, што, калі іх пасадзяць, то з’явяцца іншыя, хто будзе абараняць правы чалавека, праваабаронцы давалі афіцыйны сігнал, што «за нас узяліся па поўнай». Я дапускаў думку затрымання, але, можа, па сваёй наіўнасці думаў, што кагосьці яны мусяць усё ж такі пакінуць. Але адбылося так, што незалежных праваабарончых арганізацый у Беларусі не засталося ўвогуле. А тое, што цяпер існуе пад назвай «Правовая защита», не мае нічога супольнага з праваабарончымі арганізацыямі".

"Думаем, што пасля 14 ліпеня там пакінулі праслухоўваючую прыладу"

Мікалай адзначае, што пасля затрымання Уладзя жыццё ў іх сям’і змянілася вельмі жорстка:

"У нас з маці, каля я з’ехаў за мяжу, былі штодзённыя размовы. Мы размаўлялі пра агульныя справы, лецішча, Уладзя і дзяцей. А пасля яго затрымання толькі размовы нон-стопам пра тое, што лісты не даходзяць, пра пагаршэнне здароўя Уладзя, пра тое, як ён цяжка перажывае расстанне з дзецьмі. Калі раней з Нінай была нармальная камунікацыя, то цяпер пастаяннае адчуванне 37-га году, таму што ты не ведаеш, пра што можна размаўляць. Заўсёды першае пытанне ёй: «А ты цяпер дома ці не?» Калі не дома, то адкладаеш размову. Калі дома, то ўзнікаюць таксама пытанні, бо, думаем, што пасля 14 ліпеня там пакінулі праслухоўваючую апаратуру. Хутчэй за ўсё, яна была там нават раней. Яшчэ баішся і не ведаеш, што можна запытвацца, каб гэтая тэма не была такой кранальнай і балючай для сям’і. Я вельмі асцярожна запытваюся пра некаторыя рэчы, каб не зрабіць яшчэ больш балюча.

Мы з жонкай штодня думалі, якім чынам можна дапамагчы. Я запазычыў шмат грошай, каб дапамагчы ў першы час маці". 

"Вельмі моцная ізаляцыя ў Уладзя"

Мікалай распавядае, што сям’я знаходзіцца ў пастаянным напружанні, асабліва, калі Ніну выклікаюць на допыты.

"Памятаю, як ў снежні Ніну пасля допыту павезлі на ператрус, і я думаў, што гэта можа скончыцца тым, што яе зноўку затрымаюць. Дзякуй богу, яе не затрымалі".

Па словах брата Уладзя, у праваабаронцы ўвесь час зняволення назіраюцца моцныя праблемы з ліставаннем:

"З маіх 14 лістоў дайшлі толькі тры. Да жонкі Уладзя, нашай маці лісты прыходзяць абы-як: з затрымкамі, пранумераваныя не так, напрыклад, пасля 71-га прыходзіць 56-ты, чэрвеньскія лісты прыйшлі ў жніўні, а ліпеньскія – пасля іх. Навошта яны так іх разбіваюць невядома. Ёсць знаёмыя, ніводны ліст якіх не дайшоў. Незразумела, якім чынам цэнзар адбірае гэтыя лісты. Вельмі моцная ізаляцыя ва Уладзя. Я разумею, для чаго гэта робіцца – трэба зрабіць максімальны ціск на яго. Уладзя ў камеры ўтрымліваюць не з "палітычнымі", не з паплечнікамі, і гэтым ствараюць уражанне, што ва ўсіх нармальная сітуацыя, а ў яго не". 

"Сынам вельмі не хапае такога інтэлектуальнага стрыжня ад бацькі"

Трое дзяцей Уладзя Лабковіча ведаюць, што іх бацька ўтрымліваецца за кратамі. 

"Старэйшая дачка Адэля ёй 14 гадоў ведала пра гэта адразу, а малодшыя ім па 8 гадоў даведаліся крыху пазней. Яны ўсе вельмі моцна перажываюць. Дзецям не хапае простых размоваў з бацькам, чытання яго казак, яны вельмі прывязаныя да бацькі. Ва Уладзя была свая ідэя казкі для дзяцей гэта вялікая мешаніна з найбольш вядомых мульцікаў і казак для дзетак. Уладзь вельмі цікавы суразмоўца і сынам вельмі не хапае такога інтэлектуальнага стрыжня ад бацькі. Ніна, безумоўна, вельмі адукаваны і інтэлектуальны чалавек, але раней было прасцей з Уладзем падзяліцца і ўдвох размаўляць з дзецьмі на розныя тэмы. Ніне цяпер трэба выступаць і за маці, і за бацьку. І гэта вельмі складана.  

Дзеці вельмі цяжка пераносілі яго Дзень народзінаў трэба было пісаць лісты і рабіць нейкія падарункі. Ім падабалася гэта і было цікавым, але было бачна, што яны вельмі моцна перажываюць".

"За час зняволення ў яго пагоршыўся зрок на два-тры пункты"

У зняволенні ва Уладзя вельмі псуецца здароўе.

"Уладзь не звяртаецца да дактароў у СІЗА, а піша ў лістах, што яму патрэбна. З апошняга ён прасіў акуляры і лекі ад болю ў галаве, бо ў яго вельмі пагоршыўся зрок і пачаліся моцныя галаўныя болі ад гэтага. 

Перад затрыманнем у яго ўжо пагаршаўся зрок праз тое, што шмат працаваў за кампутарам, напружанай зрокавай актыўнасці і праз тое, што шмат чытаў кніг. А цяпер яшчэ горш стала. За час зняволення ў яго пагоршыўся зрок на два-тры пункты, хаця складана сказаць, бо ніякага даследавання не праводзілася ж", – распавядае брат праваабаронцы.

"Лісты трэба працягваць пісаць штосьці раптам можа дайсці"

Уладзімір Лабковіч
Уладзімір Лабковіч

Мікалай Лабковіч раіць працягваць пісаць лісты за краты, а таксама падтрымліваць сваякоў палітвязняў:

"Лісты трэба працягваць пісаць, нягледзячы ні на што, штосьці раптам можа дайсці. Калі ліст не даходзіць, то адпраўляйце яго некалькі разоў, пакуль ён не дойдзе да адрасата. Вясноўцам можна дасылаць лісты і бандэролькі. Акрамя дапамогі палітвязням, трэба дапамагаць і родным палітзняволеных, таму што яны ў вельмі складаным стане.

Вось у нашай 69-гадовай маці пенсія цяпер каля 425 рублёў гэта такія грошы, на якія цяпер пражыць нават аднаму чалавеку немагчыма. Акрамя таго, што яна сама сябе спрабуе забяспечыць хоць чымсьці, яна яшчэ збірае пасылкі і бандэролі для Уладзя".

Таксама Мікалай звярнуўся да беларусаў, якія застаюцца ў Беларусі:

"Чытайце і ведайце свае грамадзянскія правы, наогул правы чалавека, трэба разумець, якім чынам можна абараніць самога сябе. Зняволеныя вясноўцы самі казалі, што трэба, каб на іх месца прыйшоў нехта іншы. «Правовая защита» на іх месца прыйшла не дзеля таго, каб абараняць, а каб ствараць ілюзію, рабіць так званы фіктыўны дэманстратыўны прадукт".


Працягвайце пісаць праваабаронцам у турмы:

  • СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
  • ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 (Таццяна Ласіца)  
  • ПК-3, 211322, Віцебская вобласць, г. п. Віцьба (Леанід Судаленка)

"Праваабаронца — не злачынца": год за кратамі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзь Лабковіч

14 ліпеня — роўна год, як старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч былі брутальна cхопленыя беларускімі ўладамі і кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць, легальную дапамогу грамадзянам і імкненне да дэмакратыі ў краіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства