viasna on patreon

"Такое прадстаўленне не вартае нават пухавіцкага палаца культуры", — Акіхіра Гаеўскі-Ханада ў апошнім слове 

2022 2022-09-07T10:07:58+0300 2022-09-07T10:07:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akihiro_89.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 6 верасня вынеслі прысуд адразу дзесяці палітзняволеным: каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай — 15 гадоў калоніі, валанцёру Андрэю Чапюку — 6 гадоў калоніі, актывістам анархісцкага руху Аляксандру Францкевічу— 17 гадоў калонііАкіхіру Гаеўскаму-Ханаду — 16 гадоў калоніі, Аляксею Галаўко — 12 гадоў калоніі, Аляксандру КазлянкуПаўлу ШпетнамуМікіту Дранцу — па 6 гадоў калонііАндрэю МарачуДанілу Чулю — па 5 гадоў калоніі. Суд у закрытым рэжыме цягнуўся чатыры з паловай месяцы — агулам прайшло 70 працэсаў па 158 тамах матэрыялаў крымінальнай справы. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў фігурантам справы менавіта такія тэрміны, якія запатрабаваў пракурор Раман Бізюк. Праваабаронцам перадалі прамову, якую 22-гадовы палітвязень Акіхіра Гаеўскі-Ханада падрыхтаваў да апошняга слова.

Акіхіра Гаеўскі-Ханада на вынясенні прысуду 6 верасня 2022 года
Акіхіра Гаеўскі-Ханада на вынясенні прысуду 6 верасня 2022 года

"Гэты тэатральны і "кафкіянскі" працэс пакінуў толькі пачуццё глыбокага расчаравання. Ён выйшаў настолькі нізкай якасці, што былі выключаны нават гледачы. Такое прадстаўленне не вартае нават пухавіцкага палаца культуры. Думаю, пракурор можа гэта пацвердзіць. Нават царскія і савецкія судзілішчы былі публічнымі. Але хай так, я ўсё ж выкажуся.

З нас зляпілі міжнародную злачынную арганізацыю, якая пагражала ажно тром дзяржавам. Дзеля большага эфекту варта было б асудзіць нас на 75, 79, 94, склаўшы ўсе артыкулы і часткі, дадаўшы да абвінавачвання здраду Радзіме, найміцтва і зрыў уборачнай кампаніі.

Але звернемся цяпер да класічнай тэорыі дзяржавы сацыёлага Чарльза Цілі, каб зразумець сутнасць Левіяфана. У эпоху ранніх дзяржаў узброеныя людзі, напрыклад, варагі, здзяйснялі набегі на паселішчы, рабавалі іх і ўцякалі са здабычай. З часам налётчыкі пачалі засяляць тэрыторыі. Адабранне здзяйснялася па месцы, цяпер у выглядзе даніны. А ахвяра, у сваю чаргу, ведала, на колькі і калі яе абрабуюць наступным разам. Князі вымушаны ахоўваць падданых ад нападак іншых бандытаў. Рабаўнік ператвараецца ў абаронцу, які забірае даніну дзеля вядзення вайны. Бандыт, які прапануе "дах", мае патрэбу ў пагрозе, ад якой ён ахоўвае ахвяру. Аналагічна і дзяржавы на заранку станаўлення. Няма ворага — няма і патрэбы ў "абаронцы". Калі суперніка няма, варта яго выдумаць.

Дзяржавы моцна змяняюць вынаходніцтва агнястрэльнай зброі. З ім элітныя рыцарскія атрады маглі перамагчы нават сяляне. Дзяржавы звяртаюцца да паслуг наймітаў, якія аплачваюцца з падаткаў. Легітымнасць гвалту размыта, бо часцяком былыя салдаты рабіліся разбойнікамі, а ўчорашні пірат падаваўся на каралеўскую службу. Але войскі наймітаў білі па бюджэце, уганяючы краіны ў пазыкі. Тады пачалі збіраць ужо ўласнае насельніцтва, але не за аплату, а за мараль. Іх пераконваюць, што гінуць яны за сябе і сваю зямлю. Мараль магла быць як рэлігійнай, гэтак і свецкай, няхай гэта будзе нацыяналізм ці дэмакратыя. Дзяржава дае людзям права на ўдзел у кіраванні наўзамен на лаяльнасць.

Аднак часам дзяржавы вяртаюцца да сваіх вытокаў. Яны развязваюць канфлікты, каб даказаць сваю патрэбнасць, звяртаюцца да рабавання дзеля вайны з вонкавымі і ўнутранымі ворагамі. Вось мы і маем "гібрыдную вайну" з "калектыўным захадам" і "беглай" апазіцыяй, "беспрэцэндэнтны" ціск "англасаксаў". Паводле такой логікі РФ урываецца ва Украіну, адмяняе правы і свабоды ў імя ілюзорнай духоўнасці; з падобных меркаванняў Рэспубліка Беларусь адціскае "Камунарку", "Мотавело" ці ўводзіць падатак на "дармаедства". Два гады я быў відавочцам рэкету рознага маштабу, які здзяйсняецца дзяржавай. Два гады я бачыў, як рэпрэсіўны апарат перамолвае людзей. Утрыманне ўлады неканстытуцыйным шляхам, татальнае прыгнечанне нязгодных, збядненне народа і падтрымка вар'яцкай вайны... Чым гэта не арганізаваная злачыннасць, абгорнутая ў абалонку дзяржавы?

Я шчыра шкадую толькі пра тое, што не прыклаў усе высілкі супраць фашысцкай банды, якая сфармавала краіну, дзе "часам не да законаў". Быць цяпер супраць іх — значыць быць антыфашыстам. Быць супраць такіх дзяржаў — значыць быць анархістам. Перафразоўваючы Генры Тора, адзінае месца, якое падыходзіць сумленнаму грамадзяніну ў той дзяржаве, у якой узаконьваецца і падтрымліваецца бяспраўе, ёсць турма.

Хачу падзякаваць тым, хто знаходзіцца побач на лаве падсудных, асабліва тым, хто распачаў гэты шлях у 2020-м. Веру, што вы пройдзеце далейшыя выпрабаванні годна. Таксама выказваю павагу Эдварду Сноўдэну, чыё згадванне ў эсэ з'яўляецца доказам маёй віны. Гэты чалавек прадэманстраваў, што сумленне можа быць мацнейшае за акалічнасці, а правы чалавека важнейшыя за "нацыянальныя" інтарэсы. Мабыць, і нам патрэбен свой Сноўдэн.

І напрыканцы. Чалавечы дзякуй адвакатам, якія не баяцца і не апускаюць рукі. Лепшыя часы яшчэ наперадзе!

No pasaran! Жыве Беларусь і Слава Украіне!"

Больш за два гады пад вартай, пасля затрымання збівалі

Акіхіро Гаеўскі-Ханада падчас вынясення прысуду 6 верасня 2022 года
Акіхіра Гаеўскі-Ханада падчас вынясення прысуду 6 верасня 2022 года

За кратамі Акіхіра знаходзіцца больш за два гады — яго затрымалі 12 жніўня 2020-га. Маці Аляксандра Францкевіча Таццяна распавядала "Нашай Ніве":

"12 жніўня Акіхіру затрымалі разам з маім сынам. Прыязджалі затрымліваць гэтага хлопца, а Саша ў гэты момант быў у яго, таму затрымалі абодвух. Прабілі потым па базе наконт Сашы, а ён з палітвязняў 2010 года, дык пасля Акрэсціна адвезлі абодвух у КДБ. Мне паведаміў пра гэта яшчэ адзін затрыманы: яго выпусцілі з Валадаркі, і ён распавёў, што Сашу і Акіхіру там білі і катавалі, каб яны падпісалі прызнанне".

Вядома, што палітвязень мае ў СІЗА-1 праблемы з ліставаннем. Вось, што ён сам пісаў 13 чэрвеня:

"Мне цяпер вельмі рэдка штосьці [лісты] даходзіць, нават ад родных, усяго пару штук на месяц. Так што кожны ўваходны здзіўляе. Суды штодня, але працякаюць неяк міма нас: прыйшлі, драманулі, папісялі і паехалі «дадому»".

Падрабязнасці па крымінальнай справе:

"158 тамоў кажуць не пра нашу вінаватасць, а пра палітычную матываванасць працэсу", — Аляксандр Казлянка ў апошнім слове

Апошняе слова палітзняволенага Аляксандра Казлянкі.

Суд над вясноўцамі Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі зрабілі закрытым

«Вясна» распавядае, што вядома пра справу, яе фігурантаў і як пачынаўся суд.

На "палітычных" судах ігнаравалі заявы пра катаванні. Што вядома пра суддзю і пракурора па справе над Марфай Рабковай і яшчэ 9 палітвязнямі

«Вясна» распавядае, што вядома пра крымінальныя справы супраць палітвязняў, якія вялі суддзя Сяргей Хрыпач і пракурор Раман Бізюк.

Падтрымайце палітвязняў лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

  1. Марыя Аляксандраўна Рабкова
  2. Андрэй Сяргеевіч Чапюк
  3. Акіхіра Святаслававіч Гаеўскі-Ханада
  4. Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч
  5. Мікіта Вадзімавіч Дранец
  6. Аляксандр Аляксандравіч Казлянка
  7. Даніла Раманавіч Чуль
  8. Аляксей Ігаравіч Галаўко
  9. Андрэй Ігаравіч Марач 
  10. Павел Аляксандравіч Шпетны

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства